Канстанці́н Іва́навіч Астро́жскі (1460 — 11 (21) верасня 1530, Тураў) — вялікалітоўскі ваенны і дзяржаўны дзеяч, мецэнат. Вялікі гетман літоўскі (1497—1500, 1507—1530), староста брацлаўскі, звянігародскі і вінніцкі (з 1497), маршалак валынскі і староста луцкі (з 1499), кашталян віленскі (1513—1522), ваявода троцкі (1522—1530). Выдатны палкаводзец, войскі пад яго камандаваннем здабылі перамогу ў больш за 60-ці бітвах, у тым ліку ў бітве пад Оршай (1514).
Біяграфія
Сын астрожскага князя Івана Васілевіча і Васілісы, дачкі бельскага князя Івана Уладзіміравіча. Пэўны час ідэнтыфікацыя асобы маці была спрэчнай, урэшце, гэта вызначыў прывілей ад 20/21 снежня 1522 года на імя К. І. Астрожскага, які называе яе поўным імем і перадае яе «двор» Смаляны ў Аршанскім павеце Канстанціну Іванавічу і яго сыну Ільі[3].
Вайсковую службу пачаў удзелам у барацьбе з крымскімі татарамі і ў маскоўска-літоўскай вайне (1492—1494). Магчыма, у 1494—1496 года служыў імператару Максіміліяну I і браў удзел у яго кампаніі на поўначы Італіі, прынамсі пра гэта згадваў Ян Дантышак, пасол Жыгімонта Старога ў Іспаніі[4]. У 37-гадовым узросце атрымаў урад вялікага гетмана літоўскага. Паводле Попісу 1528 года, выстаўляў са сваіх зямель 426 вершнікаў, т.б. меў каля 41 тыс. падданых. У барацьбе з крымскімі татарамі і маскоўцамі К. І. Астрожскі, як адзначана ў надпісу на надмагіллі, здабыў 63 перамогі. Асабліва вядомая перамога над маскоўскім войскам у бітве пад Оршай на Крапіўне (8 верасня 1514). Апякун праваслаўя ў ВКЛ, будаваў цэрквы, у т.л. у Вільні. Быў двойчы жанаты з Таццянай з Гальшанскіх, пасагам за якой атрымаў вялікія вотчыны (частка Глуска, Гальшан, Раманава з Копысем і Баранню і інш.) і Аляксандрай са Слуцкіх. Ад першага шлюбу меў сына Ілью, ад другога — Канстанціна-Васіля. Пахаваны ў Кіева-Пячорскай лаўры.
Валодаў 91 горадам і мястэчкам, у т.л. Астрог, Дарагабуж, Гарадзец, Здалбунаў, Красілаў, Палонае, Роўна, Свіцязь, Тураў, Чуднаў і інш., а таксама падараванымі вялікім князем двары ў Вільні, Менску і Луцку. Падданыя К. І. Астрожскага з 1518 года мелі прывілей на бязмытны гандаль на луцкіх торгах і кірмашах.
У 1491—1530 гадах у Астрогу пабудавана каменная пяціверхая Богаяўленская царква і Траецкі манастыр. У 1507 годзе падарыў Дзерманскаму Траецкаму манастыру рукапіснае Евангелле, пабудаваў і ўклаў фундуш на царкву ў Смалявічах, ахвяраваў грошы на будаўніцтва Жыдзічынскага манастыра.
Памяць
Гл. таксама
Зноскі
- ↑ Czech National Authority Database Праверана 29 студзеня 2023.
- 1 2 Czech National Authority Database Праверана 7 лістапада 2022.
- ↑ Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 12 (1522—1529): Užrašymų knyga 12 / Parengė D. Antanavičius ir A. Baliulis. — Vilnius, 2001. — P. 192—193; AS. Т. III. № CCXLVIII. — Lwów, 1890. — S. 242—243.
- ↑ Acta Tomiciana, ed. S. Gorski, vol. 9. — Posnaniae, 1856, 158.
- ↑ Shastouski, K.. Царква Усіх Святых | горад Тураў Гомельская вобласць . www.radzima.org. Праверана 21 сакавіка 2024.
- ↑ Нові назви вулиць Дніпра (Дніпропетровськ) (укр.)
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя. Т. 2. — Мн., 1996.
- Беларусь: энцыкл. давед. — Мн., 1995.
- Сагановіч Г. Айчыну сваю баронячы — Мн.: Навука і тэхніка, 1992. ISBN 5-343-01109-8
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 1. — Мн., 1993.
- Казакоў, А. Эксперымент гетмана Астрожскага // Наша гісторыя, № 1, 2018, с. 44-47. ISBN 2617—2305