Кансерваванне — апрацоўка прадуктаў жывёльнага і расліннага паходжання з мэтай прадухілення іх ад псавання (гніення, браджэння) пры працяглым захоўванні.
Спосабы кансервавання заснаваны на розных прыёмах знішчэння мікробаў і разбурэння ферментаў або стварэння неспрыяльных умоў для іх актыўнасці.
Спосабы кансервавання:
- стэрылізацыя,
- сушка,
- замарожванне,
- вэнджанне,
- выкарыстанне хімічных сродкаў (марынаванне, засольванне),
- квашанне,
- вяленне.
Распрацаваны таксама метады кансервавання іанізавальным выпраменьваннем, токамі высокай частаты, апрацоўкай ультрафіялетавым і інфрачырвоным выпраменьваннем.
Кансервавая прамысловасць
Узнікла ў пачатку XIX стагоддзя. Развіта ў многіх краінах свету, найбольш у ЗША, Германіі, Францыі, Украіне, Вялікабрытаніі. У свеце пераважае вытворчасць агароднінных і пладова-агароднінных кансерваў.
Кансервавая прамысловасць Беларусі
На Беларусі выраб кансерваў пачаты ў 1915 годзе ў Віцебску. На 1997 год было больш 60 прадпрыемстваў, спецыялізаваных на вырабе розных відаў кансерваў. Пераважалі пладова-агародніна-кансервавыя прадпрыемствы (51). Найбольшыя: Глыбоцкі і Рагачоўскі малочнакансервавыя камбінаты, Аршанскі, Баранавіцкі і Бярозаўскі мясакансервавыя заводы, Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод, Ганцавіцкі эксперыментальны кансервава-агароднінасушыльны завод.
Перапрацоўку рыбы ўласных вадаёмаў і марской ажыццяўляюць Мінскае доследнае рыбапераапрацоўчае комплекснае прадпрыемства, «Санта-Брэмар», рыбазаводы ў Полацку, Нарачы, Браславе.
Гл. таксама
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7).