Камітэт выратавання рэвалюцыі Заходняга фронту - надзвычайнае аб’яднанне партыйных, грамадскіх арганізацый Мінска, салдацкіх камітэтаў 2-й, 3-й, 10-й армій, 2-й Каўказскай кавалерыйскай дывізіі на чале з франтавым камітэтам Заходняга фронту, створанае 7 – 9 лістапада 1917 з мэтай захавання ўлады Часовага ўрада ў час Кастрычніцкагаа ўзброеннага паўстання 1917. Паводле партыйнай прыналежнасці большасць членаў камітэта складалі эсэры, меншавікі і бундаўцы. Функцыі друкаванага органа выконвала газеты заходнефрантавога выканкома “Фронт”. Камітэты выратавання рэвалюцыі былі створаны ў Бабруйску, Оршы, Полацку. 9 лістапада камітэт запатрабаваў ад Мінскага Савета перадачы яму ўсёй улады ў горадзе. У выніку кампрамісу з Саветам ён абавязаўся не пасылаць узброеныя часці на Петраград і Маскву і не прапускаць іх праз Мінск; Савет згадзіўся перадаць камітэту ўладу ў раёне Заходняга фронту і дэлегаваў у яго склад двух прадстаўнікоў (І.Я. Алібегава, Я. Ф. Пярно). Камітэт абвясціў сябе часовай уладай на ўсім Заходнем фронце і ў прыфрантавой паласе да склікання Устаноўчага сходу і 10 лістапада выдаў загад №1. Бальшавікі Мінска прынялі захады па ўмацаванні сваіх сіл, дзейнасць Савета падтрымалі прафсаюзы і іншыя арганізацыі. 13 лістапада на пасяджэнні Мінскага Савета фракцыі бальшавікоў і левых эсэраў вынеслі пастанову аб выхадзе з Камітэта выратавання. 14 лістапада адбылося апошняе пасяджэнне гэтага аб’яднання з удзелам бальшавікоў. Загадам ВРК ад 17 лістапада камітэт распушчаны.
Літаратура
- Сяменчык, М. Камітэт выратавання рэвалюцыі Заходняга фронту / Мікалай Сяменчык // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 3. Гімназіі — Кадэнцыя / БелЭн; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — 527 с.: іл. – С. 51 — 50. — ISBN 985-11-0041-2.