Каміла Марцінкевіч | |
---|---|
Дата нараджэння | 4 снежня 1834 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 25 ліпеня 1884 (49 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Бацька | Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч |
Муж | Казімір Асіповіч[d] |
Музычная дзейнасць | |
Прафесіі | піяністка |
Інструменты | фартэпіяна |
Камі́ла Вінцэ́нтаўна Марцінке́віч, у шлюбе Асіпо́віч (4 снежня 1834, Мінск — 1900, Вільня) — беларуская піяністка, кампазітар, педагог, удзельніца рэвалюцыйнага руху на Беларусі ў 1860-я гады. Дачка В. Дуніна-Марцінкевіча.
Біяграфія
Фартэпіяннай ігры вучылася ў мінскім пансіёне Мантэграндзі. Адна з вучаніц Дамініка Стафановіча. Выступала з васьмігадовага ўзросту з канцэртамі ў Мінску, Слуцку, Кіеве, Варшаве. Побач з творамі Ф. Шапена і Ф. Ліста выконвала ўласныя варыяцыі на тэму песні А. Варламава «Чырвоны сарафан». 3 іншых яе твораў вядома фантазія «У летуценні мінулага». Уваходзіла ў тэатральную трупу бацькі; у 1852 годзе брала ўдзел у паказе ў Мінску першай беларускай оперы «Сялянка». Выкладала музыку ў прыватных пансіёнах.
Цяжкае матэрыяльнае становішча сям’і не дазволіла Каміле скончыць кансерваторыю. Асноўным яе заняткам з сярэдзіны 1850-х гг. стала музычна-педагагічная і асветніцкая дзейнасць. На пачатку 1860-х гадоў яна арганізавала ў Мінску і мястэчку Гарадок на Маладзечаншчыне школы для дзяцей беднаты.
У 1861—1863 гадах — член мінскай арганізацыі кіраўнічага органа паўстанцаў Літоўскага правінцыяльнага камітэта. Удзельнічала ў вулічных дэманстрацыях, вучыла членаў нелегальных гурткоў рэвалюцыйным гімнам, уласным прыкладам натхняла на рэвалюцыйную барацьбу супраць самадзяржаўя. Першы раз была арыштавана і змешчана ў псіхіятрычную бальніцу ў чэрвені 1861 года. Выпушчана пасля маніфестацый пратэсту. Зноў арыштавана 3 лютага 1863 г.; саслана ў Салікамск (Пермская губерня). У ссылцы ажанілася з урачом Казімірам Асіповічам. Цяжка хворая, атрымала дазвол вярнуцца на радзіму ў 1880-х гг., дзе і памерла.
Пахаваная разам з мужам на Бернардзінскіх могілках у Вільні (месца II-77)[1]
Зноскі
Літаратура
- Арлоў У. Імёны Свабоды. (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе.) / Уладзімер Арлоў. — 4-е выд., дап. — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2020. — 826 с.: іл. ISBN 978-0-929849-83-6
- Ахвердава А. Пачынальнікі беларускага піанізму // Мастацтва Беларусі №2. — 1985.
- Барышев. Из истории семьи В.И.Дунина-Марцинкевича // Нёман №1. — 1961.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — 544 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10).
- Кісялёў. Сейбіты вечнага. — Мн., 1963.
- Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9.