Данжон | |
Камянецкая вежа | |
---|---|
Камянецкі стоўп Белая вежа | |
| |
52°24′17,15″ пн. ш. 23°49′10,28″ у. д. | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Каменец |
Тып будынка | Вежа |
Архітэктурны стыль | раманскі, з элементамі готыкі |
Заснавальнік | Алекса |
Будаўніцтва | 1271—1288 гады |
Вышыня | 31 м |
Матэрыял | цэгла |
|
|
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Камянецкая вежа, Камянецкі стоўп — найбольш добра захаваная абарончая вежа валынскага тыпу[1][2] і адначасова самая высокая (каля 31 метра). Пабудавана ў 1271—1288 гадах. Помнік раманскага стылю з элементамі ранняй готыкі. Знаходзіцца ў горадзе Каменец (Брэсцкая вобласць, Беларусь).
Вежа з'яўляецца мемарыялам, з 1960 года тут размяшчаецца філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.
Часам памылкова завецца «Белай вежай»[3].
Гісторыя
Пабудаваная ў 1271—1288 гг. на левым беразе ракі Лясная. Адзіная вежа валынскага тыпу, якая захавалася на Беларусі да нашага часу. Помнік архітэктуры раманскага стылю з элементамі готыкі.
У XIV ст. вежа шмат разоў вытрымала набегі крыжаносцаў, штурмы войскаў польскіх і літоўскіх князёў. У XVII ст. каля сцен Камянецкага замка разгортваліся бязлітасныя баі паміж арміямі Рэчы Паспалітай, Швецыі і Маскоўскай дзяржавы (у 1661 аслаблены Камянец нават быў вызвалены ад выплаты падаткаў на 4 гады).
Вежа служыла складам і арсеналам — у ніжніх, самых халодных ярусах, захоўвалі правізію, у верхнім, каля самай баявой пляцоўкі — зброю і боепрыпасы. Свабодную прастору займалі байцы. Шмат набегаў вытрымала вежа, але пацярпела не ад воінаў, а ад марадзёраў, якія ў XVIII ст. панадзіліся выкалупваць з яе цэглу на гаспадарчыя патрэбы.
З удасканаленнем тэхнікі вежа страціла сваё абароннае значэнне. Інвентар XVIII ст. малюе сумную карціну занядбанасці: «Ніжні ярус без дзвярэй і якога-небудзь закрыцця; вежа зверху замуравана, унутры паруйнавана, у вокнах няма шыб (1728 г.)». Як і многія гісторыка-архітэктурныя помнікі, яе спрабавалі разабраць на цэглу ў 1822 годзе, але не змаглі: звязка і вапнавая цэгла так зацвярдзелі за стагоддзі, што ўвесь стоўп нібы ператварыўся ў адзін вялікі камень.
Вежа знаходзілася ўнутры кальцавога вала і дамінавала над драўлянымі ўмацаваннямі. З боку ракі да ўмацаванняў падступала балоцістая нізіна, з трох бакоў іх акружаў роў. Рэшткі землянога вала і драўлянага замка канчаткова зніклі ў 1903 годзе, пры правядзенні рэстаўрацыйных і зямельных работ. Па праекту архітэктара У. В. Суслава вакол вежы быў зняты трохметровы слой зямлі, у выніку чаго яе першы ярус, які раней памылкова лічыўся склепам, зноў апынуўся на паверхні. Аднак пры земляных работах бясследна зніклі старажытны вал і роў. Тады ж былі разабраны скляпенні над першым і другім ярусамі і заменены драўлянымі бэлькамі. Цэглу для рэстаўрацыі зубцоў і сцяны (каля 10 тыс. штук) была заказана селяніну Матыкальскай воласці С. Дранюку. Для правядзення земляных і цагляных работ быў запрошаны з Гродна вопытны майстар А. Арцішэўскі. Вакол вежы быў насыпаны і абкладзены каменем кальцавы вал. У такім выглядзе помнік захаваўся да нашых дзён. У пачатку 1950-х гадоў вежу ўпершыню пабялілі, а падлогу выбрукавалі каменем. Рэстаўрацыйныя работы праводзіліся ў вежы таксама ў 1968—1973 і 1996—2003 гады.
Архітэктура
Вежа круглая ў плане, дыяметрам 13,6 м пры таўшчыні сцен 2,5 м, вышыня яе 29,4 м. Стаіць вежа на магутным каменным падмурку вышынёй каля 2,3 м, дыяметрам 16 м. Змуравана з брусчатых цаглін цёмна-чырвонага і жаўтаватага колераў з характэрнымі прадаўгаватымі раўкамі ў ніжняй частцы. Мураванне «балтыйскае» — два «лажкі» паслядоўна чаргуюцца з адным «тычком». Звонку на сценах захавалася вялікая колькасць прамавугольных заглыбленняў ад «пальцаў» рыштаванняў. Унутры захаваліся заглыбленні ад драўляных бэлек — перакрыццяў пяці ярусаў. Перакрыцці другога і трэцяга ярусаў былі падвойныя. Вежа мае пяць ярусаў (паверхаў), злучаных лесвіцамі, на якіх можна было размясціць значную колькасць воінаў. Маючы выключна абарончае прызначэнне, Камянецкая вежа пазбаўлена якіх-небудзь архітэктурных упрыгажэнняў.
Вежы аналагічнага характару і прызначэння былі пабудаваны ў XIII ст. ў Полацку, Тураве, Навагрудку, на тэрыторыі Старога замка ў Гродне, на замчышчы старажытнага Берэсця.
Галерэя
- 1-я палова XIX стагоддзя
- Невядомы мастак, сярэдзіна XIX стагоддзя
- Камянецкая вежа на паштовай марцы Беларусі
Зноскі
- ↑ Раней вежу часта вызначалі як данжон, але сучасныя аўтары абвяргаюць такое вызначэнне, бо вежа не выконвала функцыі сталага жытла. Гл.: Макараў М. Да пытання пра выкарыстанне тэрміну «данжон» (donjon) у беларускай гістарычнай літаратуры // Гістарычны альманах. — Т. 5. — 2001. — С. 54-67; Дзярновіч А. Замак // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 643—646. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- ↑ А. Кушнярэвіч прапаноўвае класіфікаваць вежы валынскага тыпу як бергфрыды. Гл.: Кушнярэвіч А. М. Гісторыка-архітэктурная тыпалогія мураванага дынастычнага абарончага дойлідства ВКЛ // Беларускі гістарычны часопіс. — № 12. — 2005. — С. 36.
- ↑ Камянецкая вежа. Архівавана 24 жніўня 2014.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Камянецкая вежа
- «Камянецкая вежа» — Сайт музея «Камянецкая вежа»
- Камянецкая вежа Архівавана 3 жніўня 2020. на афіцыйным сайце Рэспублікі Беларусь Архівавана 25 жніўня 2010.
- Камянецкая вежа — Дасье БЕЛТА
- «З гісторыі Камянецкай вежы» Архівавана 4 сакавіка 2010. — Помнікі архітэктуры Беларусі
- Камянецкая вежа на сайце «Каменец и окрестности» (руск.)