Аграгарадок
Камаі
± | ||||||||||||||||||||||
Кама́і[2] (трансліт.: Kamai, руск.: Камаи) — аграгарадок у Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці. Уваходзіць у склад Камайскага сельсавета.
Знаходзіцца на ўсходнім беразе возера Камаі (малое), якое злучана пратокай з другім возерам (вялікім), а з апошняга выцякае рака Камайка даўжынёй 51,6 км, правы прыток Бірветы.
Назва
Назва Камаяў перанятая ад назвы возера Камаі, або Камайскага возера (Малога, на якім стаяць Камаі, і Вялікага, з якога выцякае рака Камайка), якая балцкага паходжання. Адпачатная форма назвы ракі Камайкі захавалася ў літоўскім ужыванні як Kamojà. Гідранімічны корань Kam- звязаны з літоўскім kamas «камяк, камок» (сціснуты кавалак)[3]. Далей да індаеўрапейскага *kem- «сціскаць»[4]. Пашыральнік -oj- вядомы ў літоўскім слова і назваўтварэнні: pupa «боб» — pupojas «бабовае сцябло», aukštas «высокі» — Aukštojis (назва пагорка)[5]. Камайская назва адлюстроўвала канфігурацыйныя асаблівасці ракі Камайкі або возера Камаі.
Літаратуразнавец Ул. Юрэвіч выводзіў назву Камаяў ад літоўскага kamanas «аброць» або ад фінскага kamai «хлуд, буралом»[6], што не пацвярджаецца гідранімічнымі сувязямі і назоўным фонам.
Гісторыя
У VII ст. да н.э. — IV ст. н.э. на левым беразе ракі Камайкі на паўднёвым мысе ўзгорка ля вёскі Дзяўгуны існавала гарадзішча. Упершыню згадваецца ў пачатку XVI ст. як маёнтак князя Глеба Юр’евіча Пронскага. У 1513 годзе Глеб Пронскі загінуў пад Мінскам у бітве з татарамі, і маёнтак перайшоў у валоданне яго жонкі, а ў 1533 годзе да сыноў Андрэя і Фрыдрыха (Сямёна) Пронскіх. У 1550 годзе Камаі згадваюцца як мястэчка. Фрыдрых, ваявода кіеўскі, памёр у 1555 годзе. З 1572 года ўладальнікам Камаяў стаў яго сын Аляксандр. Ён распрадаў большасць сваіх маёнткаў, у тым ліку і Камаі, якія набыў Тамаш Рудаміна-Дусяцкі.
З 1592 года Камаі перайшлі да браслаўскага войскага Яна Рудаміны-Дусяцкага, які ў 1603—1606 гадах пабудаваў тут мураваны касцёл Яна Хрысціцеля. З 1643 года пры касцёле існаваў шпіталь на 5 мужчын і 13 жанчын, падараваны П. і М. Рудамінамі. У 1690 годзе ў Ашмянскім павеце; 130 дымоў.
З 1722 года належалі Сулістроўскім. З 1795 года пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай Камаі ў складзе Вілейскага павета Расійскай імперыі. У 1847 годзе тут існавала яўрэйская абшчына. З 1861 года маёнтак належыць Танскаму. Жыхары маёнтка прымалі ўдзел у паўстанні 1863—1864 гадоў. Паўстанцкі грамадскі начальнік Свянцянскага павета Апалінарый Танскі забяспечваў паўстанцаў грашыма, а ў яго маёнтках Камаі і Бежанцы нарыхтоўвалася харчаванне. Апалінарый Танскі быў арыштаваны царскімі ўладамі 13 кастрычніка 1863 года і высланы на пасяленне ў Пензенскую губерню.
У сярэдзіне 1880-х гадоў Камаі — маёнтак і мястэчка; 366 жыхароў, 50 двароў, касцёл, яўрэйская малітоўная школа, шпіталь, 4 крамы, карчма, вінны бровар, млын, праводзілася 8 кірмашоў у год. З 1886 года — цэнтр Камайскай воласці Свянцянскага павета Віленскай губерні, мястэчка, 28 двароў, 314 жыхароў, валасное праўленне, касцёл, багадзельня, школа, 4 лаўкі, карчма, 7 кірмашоў у год. У 1897 годзе існавала вучылішча. У 1905 годзе ў маёнтку 63 жыхары, 454 дзесяціны зямлі, у мястэчку 431 жыхар, 515 дзесяцін зямлі, прыход Свянцянскага дэканата, народнае вучылішча, крама, паштовае аддзяленне, 7 ярмарак у год. У 1909 годзе — 35 двароў, 378 жыхароў, 298 дзесяцін зямлі. У 1915 годзе ў Камаях быў ксяндзом вядомы паэт пачатку XX стагоддзя Казімір Сваяк (Канстанцін Стаповіч).
З 1921 года ў складзе Польскай Рэспублікі, цэнтр гміны Свянцянскага павета Віленскага ваяводства. У 1937 годзе ў маёнтку 4 двары, 93 жыхары; у мястэчку 79 двароў, 485 жыхароў.
З 1939 года ў складзе БССР, вёска, цэнтр сельсавета ў Гадуцішскім, з 25 лістапада 1940 года — у Пастаўскім раёнах.
У 1945 годзе працаваў механічны млын. У 1971 годзе — 432 жыхары, 164 гаспадаркі; сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, бальніца, аптэка, дзіцячы сад, млын, швейная майстэрня, аддзяленне сувязі, сталовая. У 2001 годзе — 294 двары, 779 жыхароў, сярэдняя школа, дзіцячы сад, Дом культуры, бібліятэка, пошта, 2 магазіны, лясніцтва, участковая бальніца[7].
- Агульны выгляд
- Касцёл, 1917 г.
- Касцёл, 1930-я гг.
- Вуліца
Славутасці
- Касцёл Яна Хрысціцеля (1603—1606) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 210Г000593
- Каменны крыж, высечаны з граніту, размяшчаецца за 30 м ад касцёла Іаана Хрысціцеля — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Д000879
- Валун граніта-рапаківі чырвона-бурага колеру, які захаваўся за 1 км ад Камаяў. Даўжыня каменя дасягае 3,4 м і вышыня 1,4 м. Паверхня добра загладжаная і месцамі нават адпаліраваная. Разам з тым частка валуна знішчаная — яго намагаліся ўзарваць[8].
- Брацкая магіла (1941—1944) — Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Д000594
Цікавыя факты
На паўночнай ускраіне аграгарадка знаходзіцца найвышэйшы на тэрыторыі Беларусі пункт Свянцянскіх град (228 м над узроўнем мора).
Вядомыя асобы
- Браніслаў Рудкоўскі — арганіст.
- Юрый Уладзіслававіч Гарбінскі (нар. 1963) — беларускі літаратуразнавец і гісторык.
Заўвагі
- ↑ http://zip.belpost.by/index/search?name_soato=%CA%E0%EC%E0%E8&street=&btn_seek=%C8%F1%EA%E0%F2%FC
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
- ↑ A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 144.
- ↑ J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München, 1959 / 1969. C. 555.
- ↑ P. Skardžius. Rinktiniai raštai. T. 1. Vilnius, 1996. C. 85—87.
- ↑ Юрэвіч У. Слова жывое, роднае, гаваркое… Мінск, 1992.
- ↑ В. У. Мальцоў. Памяць. Пастаўскі раён. Мінск: БЕЛТА, 2001.
- ↑ Асноўныя археалагічныя помнікі(недаступная спасылка)
Літаратура
- Памяць: гіст.-дакум. хроніка Пастаўскага р-на / Рэдкал. Г.К. Кісялёў [і інш.]. — Мн., 2001.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т.. — Мн. : БелЭн
- Komaje // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IV: Kęs — Kutno (польск.). — Warszawa, 1883. — S. 297.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Камаі