Камароўскі рынак ноччу

Камаро́ўка, Камаро́ўскае прадмесце — гістарычны раён Мінска, размешчаны ў паўночна-заходняй частцы горада, за Траецкай Гарой і Залатой Горкай. Раней жыхары адрознівалі Старую Камароўку (раён цяперашніх плошчы Якуба Коласа, бульвара Уладзіміра Мулявіна і вуліцы Краснай) ад Новай Камароўкі (дзялянка паміж праспектам Машэрава і вуліцай Харужай)[1].

На паўднёвым захадзе ад Камароўкі месціцца Старажоўка, на захадзе — Пярэспа, на поўдні — Залатая Горка, на ўсходзе — Ваньковічаў Лес, на паўночным ўсходзе ад прадмесця знаходзіўся Гарадскі выган (Камароўскае балота)[2][3].

Этымалогія назвы

Існуе некалькі версій паходжання назвы мясцовасці. Першая з іх звязаная з народнай легендай пра блазнаватага Федзьку Камара, які паквапіўся на скарб памерлага і патануў у багне[4]. Другая версія атаясамлівае назву мясціны з камарамі, якія насялялі тутэйшае балота.

Трэцюю, навуковую, версію прапанаваў беларускі гісторык і археолаг Пётр Русаў. У сваім даследаванні ён давёў, што ў старажытных дакументах мясціну называлі «Камораўкай». У летапісных крыніцах слова «камара», «камора», «комора» пазначалі скляпы, скляпенні або памяшканні. Гэтак жа звалі кантору пры лясніцтве, а ў XV — XVIII стагоддзях — мытню[5].

Гісторыя

На Камароўскай плошчы, 1939 г.

Першае пісьмовае згадванне мясцовасці датуецца 1552 годам[5] (паводле іншых звестак Камароўскае балота пачынае згадвацца ў актах пачатку XVII ст.[6]). Некалі на месцы прадмесця існавала вёска Камароўка, якая да 1812 года належала князям Радзівілам (пасля таго, як Радзівілы выступілі на баку Напалеона ў вайне 1812 года вёска і прылеглыя тэрыторыі былі адабраныя ў іх расійскімі ўладамі і перапрададзеныя мінскаму абшарніку Станіславу Ваньковічу).

Паводле беларускага падарожніка і краязнаўца Паўла Шпілеўскага ў сярэдзіне XIX ст. Камароўка была адметная «сваімі гарамі, густым хваёвым лесам, і швейцарскім дамком, і маслабойнымі»[7]. У 1879 годзе вёска Камароўка (2 вярсты ад тагачаснага цэнтра горада — сучаснай плошчы Свабоды) — «каля 40 жыхароў». Да канца XIX ст. вёска ўвайшла ў межы Мінска, а яе назва распаўсюдзілася на ўсю паўночна-ўсходнюю частку горада.

У пачатку XX ст. Камароўка ўваходзіла ў трэцюю паліцэйскую частку горада. Пачыналася на паўночны-захад ад Камароўскай вуліцы (цяпер праспект Машэрава) і амаль цалкам належала абшарніку П. С. Ваньковічу, чые продкі і сваякі былі вядомымі культурнымі дзеячамі. Праз прадмесце праходзілі Старавіленская, Вялікая Барысаўская (пазней Аляксандраўская, цяпер Максіма Багдановіча), Георгіеўская (Чычэрына), Плябанская (пазней Шырокая, цяпер Куйбышава), Бондараўская (Гікалы) — тамака сяліліся рамеснікі-бондары, Казакоўская (Пугачоўская) — назва пайшла ад прозвішча ўладальніцы гэтай дзялянкі зямлі абшарніцы Аўгусціны Казаковай), Міжтрактавая (не існуе), Турэцкая (Беламорская), Кітайская (Усходняя) вуліцы, Лагойскі (вуліца Якуба Коласа) і Барысаўскі (праспект Незалежнасці) тракты, дарога на Цну, Казакоўскі завулак[2][8][9].

У асноўным у прадмесці сяліліся рамеснікі і працоўныя. Многія насельнікі здымалі жытло. Гэтая мінская ўскраіна была адной з самых занядбаных. Санітарныя ўмовы пражывання былі даволі кепскімі. Апроч таго, мясцовасць была нізіннай, і пасля дажджоў вуліцы ператвараліся ў непраходнае балота.

У 1910 годзе на Камароўскай плошчы на сродкі 120-га пяхотнага Серпухаўскага палка была пабудаваная Свята-Аляксееўская царква, у 1918 годзе храм згарэў[10]. У 1911 годзе дзеля вывучэння праблем асушвання балотных тэрыторый у прадмесці адкрылася Мінская балотная доследная станцыя. У 1925 годзе былі праведзеныя працы па асушванні Камароўскага балота. У 1929 годзе трамвайная лінія злучыла Камароўку з Таварнай станцыяй. У 1939 годзе на рагу гістарычных Лагойскага і Барысаўскага трактаў збудавалі будынак Інстытута фізкультуры (архітэктары. А. Ваяроў, А. Брэгман). У гады Другой сусветнай вайны ў раёне дзейнічала савецкая падпольная група.

У сярэдзіне 1950–х гадоў пачаўся знос старых драўляных хат. Адбыўся пуск тралейбуса. У 1964 годзе быў пабудаваны Дом мэблі. У 1972 годзе на плошчы Якуба Коласа (да 1956 года Камароўскай) усталявалі помнік народнаму паэту. У 1979 годзе адкрыўся цэнтральны калгасны рынак — Камароўскі[11]. У 2001 годзе на плошчы перад Камароўскім рынкам адкрыўся шматступенны фантан, вакол якога былі ўсталяваныя бронзавыя скульптуры Уладзіміра Жбанава «Конь і верабей», «Пані з сабачкай» і «Фатограф». 6 мая 2009 года Камісія па найменні і перайменаванні праспектаў, вуліц і іншых частак Мінска на сваім пасяджэнні прыняла рашэнне па наданні безыменнаму скверу ў межах вул. В. Харужай — ГЦ «Люстэрка» — крама «Дом мэблі» назвы «Камароўскі»[12].

Сучаснасць

Драўляная забудова прадмесця не захавалася, зберагліся толькі асобныя фрагменты прысядзібных садоў.[13]

Тапонім застаўся замацаваны за раёнам горада, што размешчаны вакол Камароўскага рынку і Камароўскага сквера.

Старыя адрасы

Крухмальна-патачны завод братоў Трэпель
  • 1-ы Казакоўскі завулак, 8. Мылаварны завод Б. Блімовіча, адкрыты ў 1880 годзе. Вырабляў мыла сярэдніх гатункаў. У 1908 годзе суўладальнікам Блімовіча стаў М. Калецкі. Гаспадары абсталявалі прадпрыемства дымавай машынай і газавым рухавіком. Дакладнае месцазнаходжанне мылаварні застаецца нявызначаным.
  • Барысаўскі тракт. Ганчарна-кафляны завод А. Буднікава, заснаваны ў 1865 годзе. У 1897 годзе ў шліфавальным аддзеле пачалі дзейнічаць паравы кацёл і паравая машына. Дакладнае месцазнаходжанне застаецца нявызначаным.
  • Рог Захар’еўскай і Краснай. Конскі рынак. Тут прадавалі коней і хатнюю жывёліну. Раз на год у дзясятую за Вялікаднем пятніцу тут праводзіліся кірмашы, гэтак званыя «дзесятухі». У продажы былі толькі коні тутэйшай пароды. Тут жа месціўся і Дрывяны рынак. Неабходную колькасць дроў можна было купіць на складах ці з вазоў. Рынкі месціліся на заходнім баку цяперашняй плошчы Якуба Коласа.
  • Казакоўскі завулак, 6. Крухмальна-патачны завод братоў Трэпель, заснаваны ў 1884 годзе. Вытворчасць патакі і піўнога кулеру ішла паралельна з вырабам гарнага алею. Драўляны заводскі будынак знаходзіўся ў тупіковай частцы цяперашняй вуліцы Чычэрына.
  • Красная. Амерыканскі клуб, збудаваны ў 1914 годзе на сродкі эмігрантаў-беларсаў з ЗША і Канады. У клубе звычайна збіралася шмат народу. Тут дэманстраваліся кінафільмы, існавала тэатральна-эстрадная сцэна, працавалі бібліятэка і буфет, дзе можна было танна паснедаць. Па Лютаўскай рэвалюцыі клуб стаў месцам сустрэч беларускай творчай інтэлігенцыі і атрымаў назву «Беларуская хатка». Знаходзіўся каля цяперашняга трамвайнага парка.
  • Плябанская (Шырокая), 49. Кашары гарадской управы. Тут квартавала 5-ая батарэя 30-ай артылерыйскай брыгады. Батарэяй камандаваў С. Чарапанаў. Будынкі месціліся ў раёне цяперашняга Камароўскага рынка.

На Камароўскім полі (палігоне), якое знаходзілася прыблізна на месцы сучаснага рынка, 24 і 25 траўня 1911 года здзяйсняў палёты на аэраплане знакаміты расійскі авіятар Сяргей Утачкін (1876—1916)

Галерэя

Зноскі

  1. Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. С. 225
  2. 1 2 «План губернского города Минска (1903)» з выпраўленнямі і дадаткамі І. Сацукевіча // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. С. 196—197
  3. «Формирование территории г. Минска (1800 — 2004)» // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. С. 550—551
  4. Шэйкін Г. М. Камар // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, П15 2001. С. 302
  5. 1 2 УП «Минский Комаровский рынок». Зазвенели монетки на старой Комаровке(недаступная спасылка)
  6. Ростислав Боровой. Минские пригороды XVI — начала XX века // Архитектура и строительство. — 2008. — № 11. — С. 46—50.
  7. Шпилевский П. М. Путешествие по Полесью и белорусскому краю. Мн., 1992 // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, П15 2001. С. 468
  8. Іван Сацукевіч. Тапанімія вуліцы і плошчаў Менска ў ХІХ — пачатку ХХ стст. Архівавана 29 ліпеня 2019.
  9. План губернского города Минска (1898) // Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С.М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. [1] асобн. арк. карт.
  10. Кулагін А.М. Праваслаўныя храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А.М. Кулагін; маст. І.І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001. С. 268
  11. УП «Минский Комаровский рынок». Комаровка Архівавана 12 сакавіка 2009.
  12. У Менску з’явіліся скверы «Траецкая гара», «Старосцінская слабада» ды Лютэранскі Архівавана 3 чэрвеня 2009. // Наша Ніва, 14 траўня 2009
  13. Лакотка А.І. Сілуэты старога Мінска. Нарысы драўлянай архітэктуры. Мінск, Полымя, 1991. С. 62

Літаратура

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.