Калоідныя сістэмы, калоіды (стар.-грэч.: κόλλα — клей + εἶδος — выгляд; «тыя, хто маюць выгляд клею») — дысперсныя сістэмы, прамежкавыя паміж сапраўднымі растворамі і грубадысперснымі сістэмамі — завісь, у якій дыскрэтныя часціцы, кроплі ці бурбалкі дысперснай фазы, якія маюць памер ад 1 да 100 нм, размеркаваныя ў дысперсійным асяроддзі, звычайна бесперапынным, якое адрозніваецца ад першага па складзе або агрэгатным стане. У свабоднадысперсных калоідных сістэмах (дымы, золі) часціцы не выпадаюць у асадак.
Асноўныя ўласцівасці
- Калоідныя часціцы не перашкаджаюць праходжанню святла.
- У празрыстых калоідах назіраецца рассейванне светлавога промня (эфект Тындаля).
- Дысперсныя часціцы не выпадаюць у асадак — броўнаўскі рух падтрымлівае іх ва ўзважаным стане, але, ў адрозненні ад броўнаўскага руху часціц, дысперсныя часціцы ў калоідных растворах не могуць сустрэцца, што абумоўлена аднолькавым зарадам часціц.
Асноўныя віды
- дым — завісь цвёрдых часціц у газе.
- туман — завісь вадкіх часціц у газе.
- аэразоль — складаецца з дробных цвёрдых або вадкіх часціц, узважаных у газавам асяроддзі
- пена — завісь газу ў вадкасці або цвёрдым целе.
- эмульсія — завісь вадкіх часціц у вадкасці.
- золь — ультрамікрагетэрагенная дысперсная сістэма.
- гель — завісь вадкіх часціц у цвёрдым целе.
- завісь — завісь цвёрдых часціц у вадкасці.
Калоідныя сістэмы, якія прымяняюцца ў хімічным аналізе
З калоідных сістэм найбольшае значэнне для хімічнага аналізу маюць гідразолі — двухфазныя мікрагетэрагенныя дысперсныя сістэмы, якія характарызуюцца гранічна высокай дысперснасцю, у якіх дысперсійным асяроддзем з'яўляецца вада — найбольш часта ўжывальны ў аналітычнай практыцы растваральнік. Сустракаюцца таксама арганазолі, у якіх дысперсійным асяроддзем з'яўляюцца няводныя (арганічныя) растваральнікі. У выніку малекулярнага счаплення часціц дысперснай фазы з золяў пры іх каагуляцыі ўтвараюцца гелі. Пры гэтым не адбываецца падзелу фаз; іншымі словамі, пераход золяў у гель не з'яўляецца фазавым ператварэннем.
Пры ўтварэнні гелю ўсё дысперсійнае асяроддзе (напрыклад, вада ў гідразолі) трывала звязваецца паверхняй часціц дысперснай фазы і ў ячэйках прасторавай структуры геля. Гелі здольныя вд аднаўляць сваю прасторавую структуру ў часе, але пасля высушвання надыходзіць разбурэнне іх структуры і яны губляюць гэту здольнасць.
Аналіз калоідных сістэм
Існуе некалькі метадаў аналізу калоідных сістэм, сярод іх ёсць хімічныя і фізіка-хімічныя метады: аналіз з дапамогай адсарбцыйных індыкатараў; метады на аснове вымярэння рассейвання святла, якое праходзіць (нефеламетрыя і турбідыметрыя); метады на аснове вымярэння хуткасці седыментацыі, а таксама хуткасці броўнаўскага руху ў калоідных сістэмах (аналіз траекторый наначасціц, дынамічнае і статычнае светарассейванне.)
Гл. таксама
- Агрэгацыя
- Сыпкае цела
Літаратура
- Мала гірнича енциклопедія. В 3-х т. / За ред. В. С. Білецького. — Донецьк: Донбас, 2004. — ISBN 966-7804-14-3.