![](../I/%D0%9A%D0%BE%D0%BC%D0%BF%D0%BB%D0%B5%D0%BA%D1%81_%D0%B1%D1%8B%D0%BB%D0%BE%D0%B3%D0%B0_%D0%B5%D0%B7%D1%83%D1%96%D1%86%D0%BA%D0%B0%D0%B3%D0%B0_%D0%BA%D0%B0%D0%BB%D0%B5%D0%B3%D1%96%D1%8E%D0%BC%D1%83._%D0%B3._%D0%92%D0%BE%D1%80%D1%88%D0%B0_2.jpg.webp)
Кале́гіум (ад лац.: collegium — таварыства, садружнасць) — закрытая сярэдняя, радзей вышэйшая навучальная ўстанова ў XVI—XIX стст. Адкрывалі калегіумы пераважна езуіты. Лічыліся свецкімі, аднак сістэма навучання была падпарадкавана інтарэсам ордэна. Вывучаліся: тэалогія, лацінская і грэчаская мовы, літаратура, геаграфія, гісторыя, сем вольных мастацтваў і інш. Адукацыя была бясплатнай і даступнай для прадстаўнікоў іншых канфесій. Поўны калегіум уключаў 5—6-гадовы курс сярэдняй школы (ніжэйшае і вышэйшае аддзяленні), 3-гадовы курс філасофіі, 4-гадовы — тэалогіі.
Калегіум уяўляў сабой комплекс разнастайных рознапавярховых будынкаў, у т.л. мог уключаць школу, інтэрнат, касцёл, капліцы, кляштар, службовыя памяшканні і інш. Займаў значную тэрыторыю ў цэнтры населенага месца, меў унутраныя двары.
Беларусь
![](../I/%D0%9F%D1%96%D0%BD%D1%81%D0%BA._%D0%9A%D0%B0%D0%BB%D0%B5%D0%B3%D1%96%D1%83%D0%BC_%D0%B5%D0%B7%D1%83%D1%96%D1%82%D0%B0%D1%9E_5.jpg.webp)
На Беларусі першы калегіумы адкрыты ў 1570 г. у Вільні (з 1579 г. — Віленская акадэмія). Да сярэдзіны XVIII ст. іх было 16: у Полацку (з 1812 г. — Полацкая езуіцкая акадэмія) і Пінску поўныя, у Нясвіжы, Гродне, Мсціславе, Навагрудку, Оршы, Віцебску, Брэсце з курсам філасофіі, у Мінску, Магілёве, Слоніме, Слуцку, Бабруйску і інш. мелі статус сярэдніх навучальных устаноў.
Акрамя езуіцкіх на Беларусі найбольшае распаўсюджанне ў XVIII ст. атрымалі калегіумы ордэна піяраў. Існавалі ў Шчучыне, Зэльве, Расонах, Драгічыне, Віцебску і інш.
У 1773 г. са скасаваннем ордэна езуіцкія калегіумы перададзены Адукацыйнай камісіі. На беларускіх землях, якія ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі, праіснавалі да 1820 года. У пачатку 1830-х гг. усе калегіумы рэарганізаваны ў прыходскія, павятовыя вучылішчы і гімназіі або зачынены.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7).
Спасылкі
На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх