Кажух — верхняе зімовае адзенне з аўчынаў. Шылі з нядубленых (пазней — з вырабленых) аўчынаў жоўта-карычневага вохрыстага, вохрыста-цаглянага, радзей белага колераў. У Беларусі паводле крою кажухі канца XIX — пачатку XX ст. падзяліліся на 3 групы: прамога крою — спінка і крыссё прамыя, вялікі адкладны каўнер, апуха ўздоўж верхняга крыса і па нізе прыталены (пашыраны ў Падняпроўі, Цэнтральнай Беларусі, Паазер’і) — спінка адразная (ніжняя частка ў зборкі), верхняе крысо, ніз і рукавы абшытыя паскам аўчыны воўнай наверх; з «вусам» (характэрны для Палесся) — спінка прамая (часцей суцэльная), у таліі звужаная, па баках ад таліі ўшытыя шырокія кліны («вусы»), невялікі стаяча-адкладны каўнер-апуха.
Святочныя кажухі багата аздаблялі нашыўкамі паскаў аўчынаў белай ці чорнай воўнай наверх, паскамі і лапікамі чырвонага або блакітнага сукна, тонкай нафарбаванай скуры, плеценымі тасёмкамі-паяскамі, аднаколерным ці пярэстым (плеценым коскай) шнуром, кутасамі, выплеценымі з скуры гузікамі, вышыўкай гладдзю, «козлікам». Рознаколерны раслінны арнамент вышывалі ніткамі мулінэ, самапрадзенай воўны.
Сярод традыцыйных кажухоў мастацкім аздабленнем, дасканаласцю крою і шытва вылучаюцца мотальскія, магілёўскія і калінкавіцкія кажухі.
Кароткі кажушок (да каленяў) называюць паўкажушком.