Кадзьякскі архіпелаг
англ. Kodiak Archipelago
Яловы востраў
Яловы востраў
Характарыстыкі
Найбуйнейшы востраўКадзьяк 
Агульная плошча13 890 км²
Найвышэйшы пункт1 362 м
Насельніцтва13 913 чал. (2003)
Шчыльнасць насельніцтва1 чал./км²
Размяшчэнне
57°25′59″ пн. ш. 153°18′14″ з. д.
АкваторыяАляска
Краіна
ШтатАляска
Кадзьякскі архіпелаг (ЗША)
Кадзьякскі архіпелаг
Кадзьякскі архіпелаг
Кадзьякскі архіпелаг (Аляска)
Кадзьякскі архіпелаг
Кадзьякскі архіпелаг
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Кадзьякскі архіпелаг (англ.: Kodiak Archipelago) — група астравоў у заходняй частцы заліва Аляска ў штаце Аляска (ЗША). Агульная плошча — 13 890 км². Насельніцтва (2003 г.) — 13 913 чал.

Геаграфія

Фіёрд Вумэнс-Бэй на паўночным усходзе вострава Кадзьяк

Кадзьякскі архіпелаг месціцца ў 318 км на паўднёвы захад ад Анкарыджа. Найбуйнейшыя астравы — Кадзьяк (9 311,24 км²) і Афогнак (1 812,6 км²).

Архіпелаг сфарміраваўся ў непасрэднай блізкасці ад раёна тэктанічнай субдукцыі, уваходзіць у зону Ціхаакіянскага вогненнага кальца. Тут адбываюцца моцныя сейсмічныя ваганні грунту і змены вышыні сушы і марскога дна. Берагі часцяком узвышанныя, скалістыя, парэзаныя шматлікімі фіёрдамі. Цэнтральныя часткі астравоў гарыстыя, да 1 362 м над узроўнем акіяна.

Найстаражытнейшыя горныя пароды адносяцца да мезазою. Яны складаюць значную частку паверхні вострава Кадзьяк. Паўночна-заходнія і паўднёва-усходнія часткі астравоў складзены пераважна кайназойскімі пародамі. Схілы ўзвышшаў, нізіны і шэльф пакрыты асадкамі, утворанымі ледавікамі плейстацэнавай эпохі. Ледавікі захоўваюцца ў наш час на вяршынях гор. Усяго налічваецца каля 40 горных ледавікоў. Частыя атмасферныя ападкі і цвёрдыя грунты прывялі да з’яўення шчыльнай сеткі невялікіх рэк, ручаёў і азёр.

Карысныя выкапні: каляровыя металы, у тым ліку золата. На шэльфе знойдзены нафта і прыродны газ.

Клімат субарктычны вільготны, адносна мяккі ў параўнанні з мацерыковай часткай Аляскі дзякуючы цёплай марской плыні на поўдзень ад архіпелага. Сярэднедзённая тэмпература студзеня на ўзбярэжжы трымаецца каля −1,2 °C, жніўня — +12,9 °C. Гадавая колькасць ападкаў — 1 914 мм.

Прырода

Кадзьякскі мядзведзь

Мяккі тэмпературны рэжым і частыя ападкі спрыяюць развіццю зялёных раслін, так што Кадзьяк называюць смарагдавым. Прыбярэжная і раўнінная флора ўключае шматлікія лугавыя і балотныя травы, зараснікі вярбы, карлікавай бярозы і алешыны. У абароненых ад прахалодных вятроў далінах растуць таполя бальзамічная і бяроза кенайская. На нізкіх узвышшах паўночнага ўсходу — буйны яловы лес, тэрыторыя якога паступова пашыраецца з хуткасцю 1 міля за 100 гадоў. У гарах расліннасць тундравага тыпу.

Пераважаюць віды дробных сысуноў. Архіпелаг насяляюць мясцовыя бурыя кажаны, ласка, выдра, мышы. Адзіны буйны абарыген — буры мядзведзь. Кадзьякскія мядзведзі адрозніваюцца значнымі памерамі і з’яўляюцца аднымі з самых вялікіх прадстаўнікоў свайго віда. Дзякуючы чалавечай дзейнасці з’явіліся горныя козы, алені, андатра, вавёрка, шэры пацук. На востраве Афогнак былі інтрадуцыраваны лосі. Берагі астравоў прывабны для ластаногіх.

На Кадзьякскім архіпелаге гняздуюць шматлікія птушкі, у тым ліку гусі, качкі, гарбаткі, турпаны, канюкі, паморнікі, беркут, арлан-белахвост, сава-бярозаўка і інш. Рэкі прыцягваюць на нераст ласосяў.

Жыхары архіпелага імкнуцца да ашчаднага выкарыстання прыродных багаццяў. Рыбалоўства і паляванне з’яўляюцца важнай эканамічнай галіною, якая прыцягвае турыстаў, аднак рэгулюецца ўладамі. Для захавання дзікай прыроды ў 1941 г. быў створаны Кадзьякскі нацыянальны запаведнік.

Гісторыя

Фота 1891 г.

Кадзьякскі архіпелаг быў населены ў 2 тысячагоддзі да н. э. Першыя насельнікі былі рыбаловамі і збіральнікамі малюскаў. Прынята вылучаць 4 асобныя археалагічныя культуры, створаныя тубыльцамі да прыходу еўрапейцаў. У 1763 г., калі архіпелаг быў адкрыты расійскім здабытчыкам Сцяпанам Глотавым, яго берагі насялялі эскімосы-алутыік. Яны займаліся паляваннем на марскіх звяроў, ловам ласосяў, будавалі вялікія каякі з ветразямі. Да нашага часу дайшлі шматлікія петрогліфы, застаўленыя старажытнымі эскімосамі на скалах. Назва архіпелага паходзіць ад эскімоскага слова qikertaq («востраў»). Сучаснікі ацэньваюць колькасць абарыгенаў да сярэдзіны XVIII ст. ад 15 000 чалавек да 18 500 чалавек.

У 1784 г. было заснавана першае паселішча расійскіх здабытчыкаў. У 1792 г. яно была перанесена на месца сучаснага горада Кадзьяк і да 1804 г. з’яўлялася галоўным цэнтрам расійскай каланізацыі Паўночнаай Амерыкі. З 1794 г. дзейнічала расійская праваслаўная місія. Адносіны паміж карэнным насельніцтвам і каланістамі мелі складаны характар. У 1784 г. здабытчыкі на чале Рыгора Шэліхава знішчылі на востраве Сіткалідак некалькі сотняў тубыльцаў, у тым ліку жанчын і дзяцей. Выжылыя былі прымусова ўцягнуты ў здабычу і апрацоўку футра. Пагаршэнне ўмоў жыцця і распаўсюджанне выпадкова прынесеных еўрапейскіх захворванняў, ад якіх алутыік не мелі імунітэту, прывяло да скарачэння іх колькасці. Лічыцца, што на востраве Кадзьяк у 1796 г. жыло 6 510 абарыгенаў. У 1817 г. засталося толькі 4 098 эскімосаў. Неашчаднае вынішчэнне футравай жывёлы прывяло да падзення здабычы і зрабіла прымусовую эксплуатацыю непрыбытковай. Таму пасля змены кіраўніцтва Руска-амерыканскай кампаніі ў 1818 г. адносіны да карэнных жыхароў былі значна палепшаны. Яны маглі самастойна займацца здабычай і атрымоўваць аплату за здабытае футра. Падчас эпідэміі воспы ў 18351840 гг. праводзілася вакцынацыя кадзьякскіх алутыік.

У 1867 г. архіпелаг разам з астатнімі землямі Аляскі быў перададзены ЗША. Ён стаў цэнтрам здабычы і перапрацоўкі ласосяў. У 1882 г. быў пабудаваны першы кансервавы завод. Да пачатку XX ст. вытворчасць рыбных кансерваў ператварылася ў важную індустрыю, дзе працавалі наёмныя працоўныя з ЗША іншых краін. Такім чынам на Кадзьяку ўзнікла філіпінская абшчына, якая існуе да нашых дзён. Эканоміка і прырода архіпелага моцна пацярпелі падчас вывяржэння вулкана Катмай у 1912 г. Вулканічны попел і сера забрудзілі глебу і рэкі, прывялі да скарачэння рыбных рэсурсаў і астраўной фаўны. Да 1919 г. кансервавая прамысловасць была паралізавана. У 1964 г. узбярэжжа архіпелага моцна пацярпела ад моцнага землятруса і цунамі.

Кадзьякскія алутыік былі вымушаны прыстасоўвацца да новых умоў, уцягвацца ў рынкавую эканоміку. Хаця ў 1924 г. яны атрымалі амерыканскае грамадзянства, улады Аляскі доўгі час ігнаравалі іх правы на зямлю і культурныя запатрабаванні. Толькі ў 1970-х гг. алутыік атрымалі федэральнае прызнанне, склалася іх аўтаномная абшчына на востраве Афогнак. У 1980-я гг. пачаўся рух за адраджэнне традыцый і роднай мовы эскімосаў.

У канцы XX — пачатку XXI ст. рыбалоўная і кансервавая прамысловасць архіпелага перажыла крызіс, што абумовіла міграцыю часткі насельніцтва на мацярык. Жыхары Кадзьяка імкнуцца развіваць экалагічны і паляўнічы турызм.

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.