Кадава
(ಕೊಡವ)
Агульная колькасць 129 тыс.
Рэгіёны пражывання Індыя
Мова кадагу
Рэлігія індуізм
Блізкія этнічныя групы гонды, тамілы, канада, тулу

Кадава (саманазва ಕೊಡವ), вядомыя таксама як корг, кадагу, кургдравідамоўны народ, блізкі па мове і культуры да канада. Насяляе горную мясцовасць на поўдні індыйскага штата Карнатака. Агульная колькасць - 129 тыс. чал.[1]

Паходжанне

Паходжанне кадава з'яўляецца даволі спрэчным. Традыцыйна яны займаліся ваеннай справай і належалі да касты кшатрыяў. Першыя ўзгадкі пра іх у літаратуры на мове канада з'явіліся ў XII - XIV стст. Самі кадава лічаць сябе нашчадкамі багіні Парваці або ваяроў часоў напісання "Пуран".

Большасць даследчыкаў прылічаюць кадава да карэнных жыхароў поўдня Карнатакі, але ў XIX - першай палове XX стст. таксама высоўваліся думкі, што кадава з'яўляюцца нашчадкамі салдат Аляксандра Македонскага, арабскіх ці скіфскіх перасяленцаў, раджпутаў і г. д.

Традыцыйная культура

Ужо ў першых пісьмовых напамінках XII - XIV стст. кадава маляваліся як воіны. Брытанцы называлі іх шатландцамі Індыі, паколькі яны лічыліся бясстрашнымі салдатамі. Ваенная служба і ў наш час з'яўляецца найбольш ганаровым заняткам. Прычым, у арміі часцяком служаць не толькі хлопцы, але і дзяўчыны.

Другім важным заняткам з'яўляецца сельская гаспадарка. Кадава вырошчваюць рыс і каву, разводзяць птушак, авечак і свінняў на мяса. Кароў трымаюць толькі для атрымання малака і працы на палетках. Акрамя таго, яны палююць у горных лясах, здабываюць мёд дзікіх пчол, працуюць на пільнях, наймаюцца на працу на плантацыі і ў гарады. Рамёствы развіты слаба. Большасць неабходных рэчаў горцы купляюць у гарадах або ў заезджых гандляроў.

Вёскі кадава не вялікія, рэдка перавышаюць 400 жыхароў. Раней яны будавалі буйныя жытлы, у якіх месціліся пашыраныя сем'і. У XX ст. ім на змену прыйшлі глінабітныя або цагляныя хаціны з чарапічнымі дахамі. Сельскагаспадарчыя землі разам з прылеглымі пашамі і лясамі звычайна знаходзяцца ў маёмасці сям'і або роду.

Сем'і аб'яднаны ў экзагамныя роды ока. Шлюбы паміж сваякамі з аднаго роду строга забароненыя. Выключэннем могуць быць шлюбы паміж дзецьмі брата і сястры, але не паміж дзецьмі двух братоў або дзвюх сясцёр. Вяселле гуляецца без святара. Удовам дазваляецца ўдзельнічаць у святах і выходзіць замуж паўторна. Дзіцячыя шлюбы не практыкуюцца. У мінулым быў вядомы звычай братэрскай паліандрыі.

Традыцыйная мужчынская вопратка ўключае вузкія белыя штаны і доўгія кафтаны з запахам на левы бок. Жаночы строй складаецца з кашулі з высокім каўняром і доўгімі рукавамі, а таксама сары і часам шаўковай хусткі. Аднак такое адзенне апранаюць толькі ў святочныя дні.

Кадава адрозніваюцца ад суседзяў правам на нашэнне зброі. У мінулым нараджэнне сына абавязкова віталі стрэлам з гарматы. У нашы дні зброя выкарыстоўваецца ў шматлікіх рытуалах. Найбольш папулярнае свята путхары, прысвечанае збору рысу.

Мова

Кадава размаўляюць на дравідыйскай мове кадагу. Пісьмовасць на аснове знакаў канада.

Рэлігія

Вернікі спавядаюць індуізм. Аднак у адрозненні ад іншых індуістаў кадава ядуць шмат мяса, ужываюць алкагольныя напоі, адносяцца даволі абыякава да многіх рэлігійных забарон. Выключэнне складаюць толькі ама, невялікая група, якая выконвае некаторыя святарскія функцыі. Яны застаюцца вегетарыянцамі, хаця не адмаўляюцца ад алкаголю.

Захоўваюцца культ продкаў, шматлікія родавыя культы.

Зноскі

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.