Зямля Франца-Іосіфа
руск. Земля Франца-Иосифа
Характарыстыкі
Колькасць астравоў192 
Найбуйнейшы востраўЗямля Георга 
Агульная плошча16 134 км²
Найвышэйшы пункт620 м
Насельніцтва0 чал.
Размяшчэнне
80°34′ пн. ш. 54°47′ у. д.
АкваторыяПаўночны Ледавіты акіян
Краіна
Суб’ект РФАрхангельская вобласць
Зямля Франца-Іосіфа (Расія)
Зямля Франца-Іосіфа
Зямля Франца-Іосіфа
Зямля Франца-Іосіфа (Архангельская вобласць)
Зямля Франца-Іосіфа
Зямля Франца-Іосіфа
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Зямля Франца-Іосіфа (руск.: Земля Франца-Иосифа) — архіпелаг у Паўночным Ледавітым акіяне, на поўначы Еўропы. Частка палярных уладанняў Расіі, уваходзіць у склад Прыморскага раёна Архангельскай вобласці. Складаецца з 191 вострава, агульная плошча 16 134 км².

Геаграфія

Зямля Франца-Іосіфа — архіпелаг на поўначы Баранцава мора. Архіпелаг высунуты далёка на поўнач, у цэнтр Арктыкі. Яго паўднёвыя астравы ляжаць паблізу 80° пн.ш., а паўночныя — пад 81°45´ пн.ш. (востраў Рудольфа).

Вылучаюць 3 астраўныя групы. Усходняя група аддзелена ад іншых Аўстрыйскім пралівам, з вялікімі астравамі Зямля Вільчака (2,0 тыс. км²), Грээм-Бел (1,7 тыс. км²). Паміж Аўстрыйскім пралівам і Брытанскім каналам знаходзіцца Цэнтральная, найбольш значная паводле колькасці, група астравоў, у т.л. астравы Рудольфа, Гукера. Заходняя група ляжыць на захад ад Брытанскага канала, яна ўключае найбуйнейшы востраў усяго архіпелага — Зямля Георга (2,9 тыс. км²) і вялікі востраў Зямля Аляксандры.

Архіпелаг, як мяркуюць, уяўляе сабой частку дарыфейскай платформы, што размяшчалася на месцы паўночнай акваторыі Баранцава мора. Астравы складзены юрскімі і кантынентальнымі ніжнемелавымі адкладамі з покрывам базальтавых лаваў, якія ўтвараюць сталовыя плато невялікай абсалютнай вышыні. Большая частка астравоў складзена з пясчанікаў, алеўрытаў і вапнякоў, перакрытых гарызантальнай эфузіўнай тоўшчай базальтавай лавы (магутнасць базальтаў складае 20—30 м). Сярод юрскіх гліністых сланцаў і пяcчанікаў на мысе Флора выяўлены буры вугаль.

Паверхня астравоў архіпелага Зямлі Франца-Іосіфа звычайна платопадобная. Сярэднія вышыні дасягаюць 400—490 м. Найвышэйшы пункт— 620 м (на востраве Венер-Нойштат).

Большасць астравоў уяўляе сабою пакрытыя ледавікамі астанцы шырокага базальтавага плато, а пралівы (глыбінёй да 500—600 м) — шырокія трогі, вывораныя ледавікамі. Галоўнымі элементамі ледавіковых покрываў з’яўляюцца ледавіковыя купалы і вывадныя ледавікі, ад франтальных абрываў якіх адколваюцца айсбергі; вольная ад лёду паверхня прадстаўлена невялікімі паводле плошчы «аазісамі», мысамі і нунатакамі, што месцамі ўздымаюцца з-пад ледавікоў. Параўнальна вялікія вольныя ад лёду тэрыторыі (на астравах Зямля Аляксандры, Зямля Георга, Греэм-Бел і Хейса) маюць узгорысты рэльеф.

Клімат архіпелага арктычны. Сярэдняя гадавая тэмпература да −12 °C (востраў Рудольфа), сярэднія тэмпературы ліпеня ад −1,2 °C у бухце Ціхай (востраў Гукера) да +1,6 °C (востраў Хейса), сярэдняя тэмпература студзеня каля −24 °C (мінімальныя тэмпературы зімой да −52 °C). Вецер дасягае 40 м/сек. Зіма трохі змякчаецца ўплывам цёплага Баранцава мора. У выніку блізкасці да арктычнага фронту астравы атрымліваюць даволі шмат ападкаў: за год выпадае ад 200—300 мм да 500—550 мм (у зоне акумуляцыі ледавіковых купалаў). Пераважная частка іх выпадае ў цвёрдым выглядзе і жывіць ледавікі — найбольш характэрны элемент краявіду Зямлі Франца-Іосіфа. Ледавікамі пакрыта 87 % тэрыторыі. Магутнасць лёду вагаецца ад 100 да 500 м. Ледавікі, якія спускаюцца ў моры, ствараюць вялікую колькасць айсбергаў. Найбольш інтэнсіўнае зледзяненне назіраецца на паўднёвым усходзе і ўсходзе кожнага вострава і архіпелага ў цэлым. Лёдаўтварэнне адбываецца толькі на вяршынных паверхнях ледавіковых купалаў. Ледавікі архіпелага інтэнсіўна скарачаюцца. Вядома больш за 1000 азёр.

Зямлі Франца-Іосіфа — тыповая арктычная пустыня. Вольныя ад лёду ўчасткі пакрытыя разрэджанай расліннасцю.

На ўсіх астравах налічваецца толькі 37 відаў кветкавых раслін. Сустракаецца мохава-лішайнікавая тундра. Там, дзе ёсць расліннасць, яна пакрывае звычайна не больш 5—10 % паверхні. Гэта ў асноўным розныя віды лішайнікаў і мхоў, якія могуць быць вельмі яркімі і рознакаляровымі. Пад час кароткага лета на свет з’яўляюцца палярныя макі, каменяломнікі, казялец серна-жоўты і іншыя віды кветкавых раслін, якія здолелі прыстасавацца да экстрэмальных умоў Арктыкі.

З млекакормячых сустракаецца белы мядзведзь і радзей пясец. У водах, якія амываюць стравы, водзяцца нерпа, марскі заяц, грэнландскі цюлень, морж, нарвал і бялуха.

Участкі сушы, вольныя ад снегу і лёду, выкарыстоўваюцца марскімі птушкамі для гнездавання. Летам сюды прылятаюць каля 30 відаў птушак (люрыкі, чысцікі, кайра, моеўка, белая чайка, бургамістр і інш.), з якіх многія гняздуюцца калоніямі. Асабліва шмат птушыных кірмашоў на паўднёвых і заходніх астравах Зямлі Франца-Іосіфа. На архіпелагу гняздуюцца 5 мільёнаў марскіх птушак. Найбуйнейшы птушыны кірмаш у межах архіпелага — скала Рубіні-Рок налічвае 55 тыс. асобін.

На астравах Зямля Аляксандры і востраў Рудольфа ёсць палярныя станцыі. На востраве Хейса размешчаная геафізічная абсерваторыя імя Э. Т. Кренкеля (з 1957 года).

Адкрыццё

Існаванне гэтых астравоў на ўсход ад Шпіцбергена прадказваў яшчэ Ламаносаў, пазней — Шылінг і Крапоткін. Апошні нават прадставіў у Рускім геаграфічным таварыстве ў 1871 годзе свой праект экспедыцыі для іх даследавання, аднак урад адмовіў яму ў сродках.

Адкрыты аўстрыйскай экспедыцыяй пад кіраўніцтвам Карла Вейпрэхта і Юліуса Паера на парусна-паравым судне «Цегетгоф», якое адправілася ў 1872 годзе для адкрыцця Паўночна-усходняга праходу, была зацёртае льдамі да паўночнага захаду ад Новай Зямлі і затым, паступова рухомае імі на захад, у жніўні 1873 года прынесена было да берагоў невядомай зямлі, якая і была тады жа Вейпрэхтам і Пайером абследаваная, наколькі было магчыма на поўнач і ўздоўж паўднёвай яе ўскраіны. Пайеру ўдалося дасягнуць 82°5' п.ш. (у красавіку 1874 г.) і скласці карту гэтага шырокага архіпелага, што, як здалося першым даследчыкам, складаўся з шэрагу шырокіх астравоў. Аўстрыйскія падарожнікі далі адкрытай зямлі імя аўстрыйскага імператара Франца Іосіфа I.

Даследаванні

Узбярэжжа вострава Нортбрук

Вейпрэхт і Паер у 1873 годзе даследавалі паўднёвую частку архіпелага, а ўвесну 1874 года перасеклі яго цалкам з поўдня на поўнач на санках. Была складзеная першая карта.

У 18811882 гадах архіпелаг наведаў шатландзец Бенджамін Лі Сміт на яхце «Эйра». Англічанін Фрэдэрык Джэксан (en) у 1895—1897 гадах зрабіў шэраг важных абследаванняў паўднёвай, сярэдняй і паўднёва-заходняй частак архіпелага, які складаецца са значна большай колькасці астравоў, чым меркавалі раней, але меншых памераў параўнальна з пазначанымі на карце Паера.

На працягу гэтага жа часу паўночна-ўсходняя і сярэдняя частка архіпелага была наведаная яшчэ Нансенам, які падчас свайго знакамітага санкавага падарожжа змушаны быў, у сярэдзіне жніўня 1895 года, зазімаваць на беразе вострава Джэксана — аднаго з паўночных астравоў архіпелага. На шляху да гэтага месца Нансен упэўніўся, што архіпелаг не мае працягі да паўночнага ўсходу, акрамя невялікіх астраўкоў. У чэрвені 1896 года Нансен натыкнуўся на зімоўку Ф. Джэксана і такім чынам звязаў свае працы з яго працамі.

У 1898 г. амерыканец Уэлман адправіўся на зямлю Франца-Іосіфа ўзімку, па лёдзе, з мэтай паспрабаваць дасягнуць полюса. Увесну 1899 года, па лёдзе, ён здолеў дабрацца толькі да 82° п.ш., па ўсходнім баку вострава Зямля Рудольфа, на якой быў і Паер. Іншая частка экспедыцыі, пад кіраўніцтвам Бальдвіна, абследавала невядомыя часткі паўднёва-усходняй ускраіны архіпелага, які, як высветлілася, не ідзе далёка на ўсход; нарэшце, улетку атрымалася наведаць сярэднюю частку архіпелага. На зваротным шляху экспедыцыя сустрэла іншую, італьянскую, герцага Абруцкага, у якой атрымалася вельмі лёгка прайсці ў канцы ліпеня 1898 г., на судне, да вострава Рудольфа і нават пабываць на яго паўночным беразе, прычым ён апынуўся значна меней шырокім, чым меркаваў Пайер. Зімавалі прыблізна каля месца, да якога ў 1874 г. Пайер дабраўся на санях. Адгэтуль была распачатая ўвесну 1900 г. паездка на санях з сабакамі па льдах да поўначы, пад начальствам капітана Кан’і. Яму ўдалося прайсці да 86°33' пн.ш.; гэтая паездка канчаткова высвятліла, што зямлі Петэрмана на поўнач ад Вострава Рудольфа і зямлі Караля Оскара на паўночным захадзе, выяўленых на карце Пайера, не існуе, і наогул далей да полюсу няма ніякай колькі-небудзь значнай зямлі.

Улетку 1901 г. паўднёвыя і паўднёва-заходнія берагі архіпелага наведалі і абследавалі віцэ-адмірал С. В. Макараў. Усе гэтыя працы ўсталявалі, у агульных рысах, памеры архіпелага. У 19011902 гг. на Зямлі Франца-Іосіфа зімавала амерыканская экспедыцыя Болдуіна, якая мела мэтай паспрабаваць дайсці па льдах да полюсу.

У 191314 у бухце ля вострава Гукера зімавала экспедыцыя Г. Я. Сядова. Шхуна экспедыцыі «Святы Фока» за зімоўку не выпрабавала ціскі льдоў і бухту назвалі Ціхая. У 1929 у бухце Ціхай вострава Гукера адкрылася першая савецкая навукова-даследчая станцыя. З тых часоў архіпелаг штогод наведвалі савецкія палярныя экспедыцыі.

У 1936 года на востраве Рудольфа была створаная база першай савецкай паветранай экспедыцыі на Паўночны полюс. Адтуль у маі 1937 года чатыры цяжкія чатырохматорныя самалёты АНТ-6 даставілі папанінцаў на вяршыню свету. А на востраве пачала дзейнічаць палярная станцыя.

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.