Зялёныя водарасці

Разнастайнасць сіфонавых водарасцяў (Bryopsidales). Ілюстрацыя з кнігі Эрнста Гекеля «Kunstformen der Natur», 1904
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Chlorophyta Pascher, 1914

Класы
  • Bryopsidophyceae
  • Chlorophyceae
  • Oedogoniophyceae
  • Prasinophyceae
  • Trebouxiophyceae
  • Ulvophyceae

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  5414
NCBI  3041
EOL  3893
FW  54811

Зялёныя водарасці (Chlorophyta) — аддзел ніжэйшых раслін.

Батанічнае апісанне

Адна- і шматклетачныя, каланіяльныя, цэнабіяльныя арганізмы рознай марфалагічнай структуры цела (акрамя амебоіднай), памерам ад 1 мкм да дзесяткаў сантыметраў. Колер зялёны (хларафіл пераважае над жоўтымі пігментамі — карацінамі і ксантафіламі), рэдка бясколерныя арганізмы. Клеткі з цэлюлознай, цэлюлозна-пекцінавай ці пекцінавай абалонкай, адна- або шмат’ядравыя. Хларапластаў адзін ці некалькі, восевыя ці пасценныя, розный формы. Запасныя рэчывы — крухмал і зрэдку алей.

Пашырэнне

Пашыраны на ўсіх кантынентах і ў морах; трапляюцца ў вадаёмах, глебе, на скалах і сценах, кары дрэў, поўсці млекакормячых. У якасці эндасімбіёнтаў жывуць у клетках прасцейшых, губак, гідраў (зоахларэла). Планктонныя і бентасныя арганізмы, ёсць эпіфіты на раслінах і жывёлах, сімбіёнты з іншымі арганізмамі (напрыклад, лішайнікамі).

На Беларусі 140 родаў, каля 650 відаў; найбольш пашыраныя роды: аацысціс (Oocystis), анкістрадэсмус (Ankistrodesmus), вольвакс (Volvox), гідрадыкцыён (Hydrodictyon), дэсмідыум (Desmidium ), зігнема (Zygnema), кладофара (Cladophora), кластэрыум (Closterium), лагерхеймія (Lagerheimia), мужоцыя (Mougeotia), пандарына (Pandorina), спірагіра (Spirogyra), сцэнедэсмус (Scenedesmus), тэтраэдран (Tetraedran), улотрыкс (Ulothrix), хламідамонас (Chlamydomonas), хларэла (Chlorella), цэластрум (Coelastrum), эўдарына (Eudarina) і іншыя.

Размнажэнне

Размнажэнне вегетатыўнае, бясполае (заа-, апланаспорамі або акінетамі), полавае (ізагамія, гетэрагамія, голагамія, аагамія і кан’югацыя). У рухомых зялёных водарасцей ёсць вочка, 2—4 і больш жгуцікаў.

Класіфікацыя

Паводле базы даных AlgaeBase аддзел ахоплівае наступныя класы[1]:

  • Chlorodendrophyceae Massjuk, 2006
  • Chlorophyceae Wille, 1884
  • Mamiellophyceae Marin et Melkonian, 2010
  • Nephrophyceae Caval.-Sm., 1993
  • Pedinophyceae Moestrup, 1991
  • Trebouxiophyceae Friedl, 1995
  • Ulvophyceae K.R. Mattox et K.D. Stewart, 1978

Паводле іншых класіфікацый могуць вылучацца такія класы, як вальвоксавыя (Volvocales), кан’югаты (Conjugatophyceae), сіфонавыя водарасці (Bryopsidales), пратакокавыя (Protococcophyceae), улотрыксавыя (Ulothrichales); каля 400 родаў, да 20 тысяч відаў.

Значэнне і выкарыстанне

У складзе планктону выклікаюць «цвіценне» вады. Некаторыя (напр., ульва) ядомыя. Актыўныя фотасінтэтыкі і ўдзельнікі самаачышчэння вады, аб’екты даследаванняў як крыніцы харчовай біямасы ў замкнёных экалагічных сістэмах (напр., хларэла (Chlorella) і сцэнедэсмус (Scenedesmus)).

Зялёныя водарасці — найбольш верагодныя папярэднікі наземных раслін.

Гл. таксама

Зноскі

  1. Taxonomy Browser. Phylum: Chlorophyta (англ.). AlgaeBase. (Праверана 20 лютага 2028).

Літаратура

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.