Зубцаме́р — спецыяльная лінейка для вымярэння памеру зубцоўкі на паштовых марках. Шырока выкарыстоўваецца ў філатэліі пры апісанні і ідэнтыфікацыі паштовых марак і іх разнавіднасцей.
Гісторыя
Вымяраць зубцоўку (перфарацыю) паштовых марак па колькасці адтулін на адрэзку даўжынёй 2 см па краі маркі прапанаваў ў 1866 годзе французскі філатэліст Жак Амабль Легран, які ў 1880 годзе вынайшаў і сам зубцамер.
Апісанне
Зубцамер уяўляе сабой пласцінку з кардона, металу або празрыстых матэрыялаў (шчыльнай плёнкі, шкла), на якую нанесеныя шаблоны розных зубцовак. Шаблоны зубцоўкі наносяцца на зубцамер звычайна ў выглядзе зубцоў, шэрагу чорных кропак ці рысачак на белым фоне (альбо белых — на цёмным) або тонкіх прамых ліній.
Каб вызначыць памер перфарацыі маркі, яе прыкладваюць да зубцамера і рухаюць уверх ці ўніз да таго часу, пакуль не будзе знойдзены шэраг, у якім зубцы або кропкі дакладна супадаюць з адтулінамі перфарацыі. Лічба, надрукаваная ў гэтым шэрагу, паказвае памер зубцоўкі. Звычайна на зубцамеры размяшчаецца шкала розных зубцовак ад 7 да 16 ½ мм, гэта значыць ад самай буйной да самай дробнай. Існуюць зубцамеры з дакладнасцю да ¼ зубца. На зубцамерах часта сустракаецца і мерная шкала з дакладнасцю да 0,5 мм.