Зорныя Войны. Эпізод II: Атака клонаў | |
---|---|
Star Wars. Episode II. Attack of the clones | |
Жанр |
прыгоды фантастыка |
Рэжысёр | Джордж Лукас |
Прадзюсар |
Джордж Лукас Рык Мак-Калум |
Сцэнарыст | Джордж Лукас |
У галоўных ролях |
Хейдэн Крыстэнсен Наталі Портман Юэн Мак-Грэгар Сэмюэл Л. Джэксан Крыстафер Лі Іэн Мак-Даярмід |
Аператар | Дэвід Татэрсал |
Кампазітар | Джон Уільямс |
Кінакампанія | Lucasfilm |
Працягласць | 140 хвіл |
Бюджэт | 115 млн дол.[1] |
Зборы | $ 649 398 328[1] |
Краіна | ЗША |
Мова | англійская |
Год | 2002 |
Папярэдні фільм | Зорныя войны. Эпізод I: Уяўная пагроза |
Наступны фільм | Зорныя войны. Эпізод III: Помста сітхаў |
IMDb | ID 0121765 |
Афіцыйны сайт | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
«Зорныя войны. Эпізод II: Атака клонаў» (англ.: Star Wars Episode II: Attack of the Clones) — эпічны навукова-фантастычны фільм амерыканскага рэжысёра Джорджа Лукаса. Гэта пяты фільм, але храналагічна другі фільм. Прэм’ера фільму адбылася 16 мая 2002 года. Падзеі ў фільму разгортваюцца праз 10 гадоў пасля бітвы на Набу, галактыка стаіць на мяжы грамадзянскай вайны. Пад кіраўніцтвам Графа Дуку вялікая колькасць сістэм пагражаюць адлучыцца ад старой Рэспублікі і пачаць супраць яе вайну. Пасля замаху на жыццё сенатара Падмэ падавану Энакіну Скайуокеру загадваюць суправаджаць яе на Набу і ахоўваць там. Паміж Энакінам і Падмэ ўспыхвае каханне. Падчас выканання гэтай місіі ў Энакіну прачынаецца цёмны бок Сілы. Неўзабаве Энакін, Падмэ і Обі-Ван Кенобі трапляюць у самае сэрца сепаратыстаў. Адбываецца бітва паміж войскамі Рэспублікі і баявымі дроідамі Гандлёвай федэрацыі. Распачынаюцца войны клонаў[2].
Сюжэт
Падзеі ў фільму адбываюцца праз 10 гадоў пасля бітвы за Набу. Маладая сенатарка Падмэ Амідала прылятае на Карусант дзеля таго, каб супрацьстаяць прыняццю закона аб рэспублікансім войску. Яна хоча пераканаць сенат у тым, што ўсе праблемы трэба вырашаць дыпламатычным шляхам, а вайна з сепаратыстам знішчыць старую Галактычную рэспубліку. Але адразу пасля пасадкі яе карабель выбухае. Нехта спрабуе забіць сенатара Набу. Палпацін выказвае занепакоенасць лёсам Падмэ і просіць ордэн Джэдаяў ахоўваць яе. Рада Джэдаяў дае заданне маладому Энакіну і яго настаўніку ахоўваць сенатара. У тую ж ноч ізноў паўтараецца замах на жыццё Падмэ. Аднак планам забойцы перашкаджаюць два джэдая. Обі Ван Кенобі і Энакін Скайуокер ловяць найміта, але не паспяваюць дапытаць. Невядомы снайпер забівае найміта. Рада джэдаяў вырашае ўзяць пад свой кантроль гэту справу. Энакіну даюць заданне працягваць ахоўваць Падмэ, але ўжо не на Карусанце, а на яе роднай планеце. Энакін разам з Падмэ ляціць на Набу. Прадстаўніком Падмэ ў сэнаце прызначаецца Джа Джа Бінкс. Тым часам пошукі Обі-Вана прыводзяць яго на планету Каміна, дзе ён неўзабаве даведваецца, што тут ужо доўгі час рыхтуецца войска клонаў. Камініяцы паведамляюць Обі-Вану, што войска клонаў робіцца для Рэспублікі і ўзорам для стварэння клонаў стаў найміт Джанга Фет, каторы ў сваю чаргу папрасіў стварыць 1 клона для сябе, без генетычных змен. Обі-Ван вырашае прасачыць за Джанга, бо яму здаецца, што той і з’яўляецца забойцам. Аднак Джанга Фет аказвае супраціўленне і збягае з планеты.
Тым часам Энакін прылятае на Набу разам з Падмэ. У душы Энакіна йдзе змаганне. Ён закахаўся ў Падмэ, але кодэкс джэдаяў забараняе яму мець жонку. Нягледзячы на забарону, Энакін прызнаецца Падмэ ў сваім каханне. На Набу малады Скайуокер бачыць жудасныя мроі пра сваю маці. Ён адчувае, што мусіць ляцець на Татуін, каб выратаваць сваю маці ад смерці. Энакін кажа аб гэтым Падмэ і тая згаджаецца падтрымаць яго і ляціць разам з ім. На Татуіне яны даведваюцца, што Шмі Скайуокер патрапіла ў закладнікі да людзей пяскоў. Энакін знаходзіць сваю маці, але яна памірае ў яго на руках. Унутры маладога джэдая ўспыхвае нянавісць, ён забівае ўсё пасяленне пясочных людзей, у тым ліку жанчын і дзяцей. Упершыню Энакін адчувае прысутнасць цёмнага боку Сілы.
Пераслед найміта Джанга Фета прыводзіць Обі-Вана на планету Джэанозіс. На Джэанозісе Нут Ганрэй, віцэ-кароль Гандлёвай Федэрацыі рыхтуе армію баявых дроідаў. Обі-Ван даведваецца, што замах на жыццё Падмэ арганізаваў Нут. Атрыманую інфармацыю ён спрабуе перадаць на Карусант, але перадатчык яго зоркалёта вельмі слабы, тады ён неўзабаве для сябе знаходзіць перадатчык Энакіна зусім не на Набу, а на Татуіне. Падключыўшыся да яго, Обі-Ван просіць Энакіна перадаць усю інфармацыю на Карусант. Сувязь зрываецца, калі на Обі-Вана нападаюць адразу некалькі баявых дроіда. Скайуокер разумее, што яго настаўнік захоплен у палон на планеце Джэанозіс. Граф Дуку прапануе Обі-Вану далучыцца да яго. Дуку распавядае Обі-Вану, што Рэспублікай кіруе Дарт Сідыус, уладар сітхаў. Але Кенобі перакананы, што Дуку хлусіць і джэдаі адчулі б прысутнасць сітха. Даведаўшыся пра падзеі на Джэанозісе Мейс Вінду бярэ з сабою іншых джэдаяў і выпраўляецца на вызваленне Обі-Вана Кенобі.
Энакін Скайуокер разам з Падмэ прылятаюць на Джэанозіс і даволі хутка трапляюць там у палон. Усіх траіх збіраюцца пакараць смерцю. Перад чакаемай смерцю Падмэ гаворыць Энакіну, што таксама кахае яго. Але планам Ганрэя не наканавана адбыцца: на арэне з’яўляецца Мейс Вінду разам з вялікай колькасцю джэдаяў. Пачынаецца бітва. Джэдаяў значна менш за баявых дроідаў. І ў той момант, калі ўжо здаецца, што перамога на баку графа Дуку, у небе з’яўляюцца баявыя караблі клонаў. Яны прыляцелі разам з магістрам ордэну Ёдай. Граф Дуку разумее, што яму не адужыць такую ваенную моц. Ён забірае планы будучай зброі Імперыі і спрабуе збегчы. У ангары яго даганяюць Обі-Ван Кенобі і Энакін Скайуокер. Граф Дуку з’яўляецца магутным сітхам. Ён перамагае Обі-Вана і Энакіна. Апошні ў гэтай бойке губляе руку. Аднак нечакана з’яўляецца Ёда, і Дуку збягае.
Пачынаюцца войны клонаў. Энакін Скайуокер ажаніўся з Падмэ на планеце Набу. Ёда адчувае, што сітхі набіраюць Сілу. Обі-Ван Кенобі распавядае Радзе Джэдаяў аб тым, што сказаў яму Дуку.
Персанажы
- Обі-Ван Кенобі (Юэн Мак-Грэгар, вучань Квай-Гон Джына, настаўнік Энакіна Скайуокера)
- Падмэ Амідала (Наталі Портман, каралева Набу, сенатар планеты Набу)
- Джа Джа Бінкс (Ахмед Бест, гунган з планеты Набу, які праз 10 гадоў пасля бітвы за Набу становіцца прадстаўніком Падмэ Амідалы ў галактычным сэнаце)
- Энакін Скайуокер (Гэйдэн Крыстэнсен, вучань-джэдай Обі-Вана Кенобі)
- Мейс Вінду (Сэмюэл Л. Джэксан, магутны майстар-джэдай)
- Ёда (Фрэнк Оз, Вярхоўны магістр ордэна Джэдаяў)
- Палпацін (Іэн Мак-Даярмід, сенатар Набу, пасля абраны вярхоўным канцлерам)
- Дарт Сідыус (у тытрах Джордж Лукас адмыслова не пазначае, хто адыгрывае ролю ўладара сітхаў)
- Граф Дуку (Крыстафер Лі, Дарт Тыранус, былы майстар джэдай, які здрадзіў ордэну і перайшоў на цёмны бок Сілы, настаўнік Квай-Гон Джына)
- R2-D2 (Кені Бэйкер, дроід, які суправаджае і дапамагае героям Зорных войнаў на працягу ўсіх 6 эпізодаў)
- C-3PO (Энтані Дэніэлс, пацешны дроід-сябр R2-D2, якога зрабіў Энакін)
Гісторыя стварэння
Кінасага «Зорныя войны» была напісана Джорджам Лукасам яшчэ ў пачатку 1970-х як адзін вялікі накід, у якім скарочана апісваўся кожны эпізод. У 1999—2000 гадах Лукас разам з Джонатам Гэйлсам перапісвае эскіз для другога эпізода ў сцэнарый. Здымкі эпізода пачаліся 26 чэрвеня 2000 года і скончыліся 20 верасня таго ж года. Здымалі фільм у асноўным на студыі 20th Century Fox у Аўстраліі. Таксама здымкі праводзілія на плошчы ў Севільі, Іспанія, у Італіі, на берагах возера Кома, у палацы Казерта і туніскай пустыне. Майстр джэдай Мейс Вінду ў гэтым і наступным эпізодах мае незвычайны светлавы меч. Ён не зялёны альбо сіні, як у астатніх джэдаяў, а фіялетавы. Аб гэтым Джорджа Лукаса папрасіў Сэмюэл Л. Джэксан. Пасля сканчэння эпізода ў 2000 годзе, Джордж Лукас вырашыў, што ў фільму вельмі павольна йдзе развіццё падзей. У сувязі з гэтым у 2001 годзе дадалася сцэна на фабрыцы баявых дроідаў.
Фільм «Зорныя войны. Эпізод II: Атака клонаў» зрабіў тэхналагічную рэвалюцыю ў кінематаграфіі, бо гэта адзін з першых фільмаў, знятых цалкам на лічбавую камеру. Для здымак выкарыстоўвалася камера HDW-F900, распрацаваная Sony і Panavision, якая выкарыстоўвае высакаякасную 24-кадравую лічбавую сістэму. Існавала мноства думак наконт таго, што фільмы не мусяць здымацца на лічбавыя камеры, але час паказаў, што за лічбавай камерай будучыня кінематографа. Камера вытрымала эстрымальныя ўмовы здымак фільму ў туніскай пустыне, дзе тэмпература часам была вышэй за +51 °C. Джордж Лукас сцвярджаў, што жадаў зняць і першы эпізод на лічбавую камеру, але з-за недахопу іх вымушаны быў скарыстацца стужкай. Лукас прасіў кінатэатры скарыстацца лічбавым праектарам для паказу фільма дзеля лепшай якасці прагляду, але толькі шэраг кінатэатраў паслухалі яго.
Таксама ў фільму выкарыстоўвалася лічбавая анімацыя, якая дазваляла акцёрам больш дакладна зразумець ролю, якую яны гралі на фоне сіняга экрану. Але ў адрозненні ад усіх астатніх сцэн, бітва на Джэанозісе здымалася іншым чынам: зняты эпізод фільму дасылалі ў анімацыйны аддзел, дзе ў яго дадавалі дзеянні рознага кшталту. Мэта была ў тым, каб зрабіць сцэну бітвы як мага больш натуральнай і захапляльнай, з вялікай колькасцю маленькіх падзей, якія глядач мог нават не заўважыць. Анімацыйны аддзел быў цалкам вольны ў сваёй фантазіі. Джордж Лукас потым абіраў найлепшыя сцэны. У дадатак у фільму выкарыстоўваліся так званыя лічбавыя дублёры. Іх стваралі дзеля трукавых сцэн некаторых акцёраў. Такім чынам быў зроблен лічбавы Ёда. Яго стварылі Джон Нол і Роб Колман, выкарыстоўваючы гук з 5 эпізода. Лукас прасіў зрабіць Ёду падобным на лялечнага Ёду, які быў у арыгінальнай трылогіі. Некаторыя сцэны бойкі графа Дуку і Ёды былі зроблены таксама дзякуючы гэтым самым лічбавым дублёрам. Бюджэт фільму склаў 115 мільёнаў.
Саўндтрэк
Музычнае суправаджэнне да фільма «Зорныя войны. Эпізод II: Атака клонаў» напісаў Джон Уільямс.
3D
28 верасня 2010 года Джордж Лукас заявіў, што збіраецца выдаць усе 6 эпізодаў Зорных войнаў у 3D. Першы эпізод выйшаў у 3D у лютым 2012 года. Другі эпізод быў запланаваны на 20 верасня 2013 года, аднак тэрміны былі зрушаны ў сувязі з тым, што кампанія вырашыла засяродзіцца на здымках Зорныя войны. Эпізод VII[3].
Зноскі
- 1 2 boxofficemojo.com «Star Wars:Episode II - Attack of the Clones»(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 3 снежня 2012. Праверана 1 снежня 2012.
- ↑ Афіцыйная старонка. Зорныя войны. Эпізод II: Атака клонаў
- ↑ Зорныя войны. Эпізод II: Атака клонаў у 3D Архівавана 13 верасня 2013.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Зорныя войны. Эпізод II: Атака клонаў
- Афіцыйная старонка (англ.)
- Star Wars Episode II: Attack of the Clones на Вукіпедыі: Вікі пра Зорныя Войны