Зоны свабоднага гандлю.

Зона свабоднага гандлю (ЗСГ) — тып міжнароднай інтэграцыі, пры якім у краінах-удзельніцах скасоўваюцца мытныя зборы, падаткі, а таксам колькасныя абмежаванні ва ўзаемным гандлі ў адпаведнасці з міжнародным дагаворам. Гэта больш глыбокі тып інтэграцыі, чым прэферэнцыйныя пагадненні. За кожнай краінай-удзельніцай захоўваецца права на самастойнае і незалежнае вызначэнне рэжыму гандлю з трэцімі дзяржавамі. У большасці выпадкаў умовы зоны свабоднага гандлю распаўсюджваюцца на ўсе тавары акрамя прадуктаў сельскай гаспадаркі. Зона свабоднага гандлю можа каардынавацца невялікім міжурадавым сакратарыятам, размешчаным ў адной з краін-членаў, але звычайна абыходзяцца без яго, а асноўныя параметры свайго развіцця краіны ўзгадняюць на перыядычных нарадах кіраўнікоў адпаведных ведамстваў. Між краінамі-удзельніцамі захоўваюцца мытныя межы і пасты, якія кантралююць паходжанне тавару.

Прыклады ЗСГ

Меркасур — прыклад зоны свабоднага гандлю паміж краінамі Паўднёвага паўшар'я.
  • Паўночнаамерыканская зона свабоднага гандлю НАФТА (англ.: North American Free Trade Agreement, NAFTA) — пагадненне між ЗША, Канадай і Мексікай, якое пачало дзейнічаць з 1994 года. Пагадненне прадугледжвае паэтапную ліквідацыю мытных тарыфаў і нетарыфных бар'ераў як для прамысловых, так і для сельскагаспадарчых тавараў, ахову правоў інтэлектуальнай уласнасці, стварэнне агульных правілаў для інвестыцый, лібералізацыю гандлю паслугамі і стварэнне эфектыўнага механізма для вырашэння гандлёвых спрэчак між краінамі-удзельніцамі.
  • Еўрапейская асацыяцыя свабоднага гандлю. У 1960 годзе падпісана пагадненне між Ісландыяй, Ліхтэнштэйнам, Нарвегіяй, Швейцарыяй.
  • Балтыйская зона свабоднага гандлю — пагадненне між Латвіяй, Літвой і Эстоніяй, падпісанае ў 1993 годзе (страціла сілу ў 2004 г., са дня ўступлення краін у Еўрапейскі саюз).
  • Зона свабоднага гандлю СНД — пагадненне між краінамі СНД, падпісанае ў кастрычніку 2011 года.

Гл. таксама

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.