Золь інакш ліазоль; калоідны раствор (англ.: sol ад лац.: solutio — раствор) — высокадісперсная калоідная сістэма (калоідны раствор) з вадкім (ліазоль) або газападобным (аэразоль) дысперсійным асяроддзем, у аб’ёме якога размеркавана іншая (дысперсная) фаза ў выглядзе кропелек вадкасці, бурбалак газу або дробных цвёрдых часціц, памер якіх ляжыць у межах ад 1 да 100 нм[1] (10−9 — 10−7м).
Апісанне
У залежнасці ад дысперсійнага асяроддзя золі бываюць цвёрдымі, аэразолямі (газападобная дысперсійная серада) і ліазолямі (вадкая дысперсійная серада). У залежнасці ад прыроды асяроддзя ліазолі называюць гідразолямі (вада), арганазолямі (арганічная серада) або, больш канкрэтна, алказолямі (спірты), этэразолямі (эфіры) і іншымі. 3олі займаюць прамежкавае становішча паміж праўдзівымі растворамі і грубадысперснымі сістэмамі (суспензіямі, эмульсіямі). Золі дыфузіююць павольней, чым неарганічныя солі, валодаюць эфектам светарассейвання (Эфект Тындаля). У процілегласць гелям, у золях часціцы дысперснай фазы не звязаны ў прасторавую структуру, а свабодна ўдзельнічаюць у броўнаўскім руху.
Часціцы дысперснай фазы ліазоля разам з навакольнай ім сольватной абалонкай з малекул (іонаў) дысперсійнага асяроддзя называюць міцэламі. Да ліазоляў адносяцца міцэлярныя растворы розных тыпаў, водныя растворы біяпалімераў, аргана- і гідразолі металаў, сінтэтычныя латэксы.
Прыкладам аэразоля на аснове вадкасці з’яўляецца туман — завісь кропель вады ў паветры; дым або пыл, які знаходзіцца ў паветры — прыклад цвёрдацельнага аэразоля[1].
Уласцівасці
- вялікая ўдзельная паверхня;
- адсорбцыя і плёнкаутварэнне на паверхнях падзелу;
- агрэгацыя, як вынік узаемадзеяння часціц;
- часціцы на паверхні валодаюць большай энергіяй, чым часціцы ўнутры фазы.
Атрыманне і выкарыстанне
Атрымліваюць золі пры дапамозе дыспергатараў і гомагенізатараў (хоць існуе пункт гледжання, што даволі часта гэта адзін і той жа агрэгат, які розныя крыніцы называюць па-рознаму).
Прымяняюць у хіміі, фармацыі, ваеннай справе, бо вышэй пералічаныя ўласцівасці дазваляюць рэзка палепшыць якасныя і колькасныя паказчыкі хімічных рэакцый.
Гл. таксама
Заўвагі
- 1 2 Еремин В.В. и Стрелецкий А.В.. Золь на словаре нанотехнологических терминов . Роснано. Архівавана з першакрыніцы 8 лютага 2012. Праверана 26 лістапада 2011.
Літаратура
- Краткая химическая энциклопедия. Т. 2. — М.: Советская энциклопедия, 1963. С. 110.