Знак пашто́вай апла́ты, або пашто́вы знак — матэрыяльнае сведчанне аплаты паслуг паштовай сувязі, якія ажыццяўляюцца ўстановамі сувязі (поштай) па зацверджаных тарыфах на ўнутранай і міжнароднай паштовай карэспандэнцыі. З'яўляюцца прадметамі асаблівай галіны калекцыяніравання — філатэліі.
Азначэнне
Да знакаў паштовай аплаты адносяцца: паштовыя маркі, блокі, штэмпелі, франкатыпы, маркіраваныя канверты, карткі, паштоўкі і іншае. Знакі паштовай аплаты выпускаюцца ў зварот і вымаюцца са звароту, як правіла, дзяржавай і павінны адпавядаць Статуту Сусветнага паштовага саюза і рашэнням, прынятым яго органамі.
Віды знакаў паштовай аплаты
Паштовыя знакі выпускаюцца паштовым ведамствам і служаць для спрашчэння выплаты збораў за перасылку прадметаў па пошце. Для аплаты перасылкі лістоў найчасцей выкарыстоўваюцца паштовыя маркі. Акрамя марак, для перасылкі простых лістоў у некаторых краінах існуюць спецыяльныя маркі:
- газетныя маркі — для перасылкі друкаваных твораў, пераважна газет;
- службовыя маркі — для службовых пакетаў;
- порта-маркі — для спагнання платы па нефранкіраваных або недастаткова аплачаных лістах;
- заказныя маркі — для заказных лістоў;
- пакетныя (пасылачныя) маркі — для пакетаў (пасылак) і г. д.
Знакамі паштовай аплаты таксама могуць быць:
- этыкеткі;
- ярлыкі;
- каляндарныя і спецыяльныя гашэнні (штэмпелі);
- штампы і інш.
Не ўсе пералічаныя паштовыя знакі аплаты існуюць ва ўсіх дзяржавах, а некаторыя з іх у сучаснасці ўжо не знаходзяць ужытку.
Гісторыя
З'яўленне першага знака паштовай аплаты адносіцца да 1653 г., калі парыжская гарадская пошта была перададзена Рэнуару дэ Вілае, імаверна, у арэнду. Ён рупліва пачаў уводзіць новыя парадкі ў паштовым кіраванні і выпусціў, так званыя, «billet de port payé» — гэта быў шматок паперы, кшталту бандэролей, на якім быў надрукаваны асаблівы штэмпель Рэнуара дэ Вілае са словамі «port payé, le… jour de l’an 1653 (1654)». Цана такога «білета» была 1 су, але невядома, ці была яна пазначана на марцы «білета», бо яго асобнікаў не захавалася. У другой палове XVIII ст. былі ўведзеныя штэмпелі аб паштовым зборы Генры Бішапам (1605—1691), а потым Уільямам Докрэем (1635—1716).
Затым толькі ў 1819 г. у каралеўстве Сардыніі сталі выкарыстоўваць штэмпельныя абалонкі для лістоў, якія называліся «Carta postala bolata» (штэмпельная паштовая папера) і пазначала, зрэшты, плату не за паштовую перасылку, а за дазвол даслаць ліст не па пошце; праіснавалі яны да 1836 г. У 1820 г. гандляром паперы Брэверам у Брайтане быў вынайдзены канверт. У 1840 г. у Англіі былі выпушчаныя першыя паштовыя маркі і штэмпельныя канверты; з'яўленне іх было абумоўлена ўвядзеннем аднастайнага таннага тарыфу на лісты.
Акрамя паштовых знакаў, у некаторых месцаў існавалі яшчэ тэлеграфныя, падатковыя, штэмпельныя маркі; але для гэтых мэт часта ўжывалі і паштовыя маркі. Так, у Англіі дваістая мэта маркі пазначалася надпісам «Postage & revenue» (паштовы і гербавы зборы), у Іспаніі — «Correos y Telégrafos» (пошта і тэлеграф) і г. д.
Гл. таксама
- Дамарачныя знакі паштовай аплаты
- Пошта
- Паштовая марка
- Філатэлія
- Франкатып
- Цэльная рэч
Літаратура
- Большой филателистический словарь / Под общ. ред. Н. И. Владинца и В. А. Якобса. — М.: Радио и связь, 1988. — 320 с. — ISBN 5-256-00175-2. [См. Знаки почтовой оплаты.]
- Гросс О., Грыжевский К. I. Бурное начало истории // Путешествия в мир марок / О. Гросс, К. Грыжевский; Пер. с польск. Ю. М. Соколова с сокр. — М.: Прогресс, 1977. — 50 000 экз. (Праверана 23 чэрвеня 2016)
- Обухов Е. Популярный филателистический словарь: справочник. Т. 1. Классификация знаков почтовой оплаты. Подготовка оригиналов и печатание марок / Авт.-сост. Е. А. Обухов. — М.: ИТЦ «Марка», 2009. — 79 с. — (Прил. к журн. «Филателия», № 4, 2009).
- Почтовые знаки // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
- Филателистический словарь / Сост. О. Я. Басин. — М.: Связь, 1968. — 164 с. [См. Домарочные знаки почтовой оплаты.]
- Якобс В. Знаки почтовой оплаты на цельных вещах СССР 1923—1983 гг.: каталог-справочник. Архівавана 5 сакавіка 2016. — М.: ИТЦ «Марка», 2008. — 79 с. — (Прил. к журн. «Филателия», № 7, 2008). (Праверана 5 мая 2011)
- Якобс В. Знаки почтовой оплаты на цельных вещах СССР 1984—1992 гг.: каталог-справочник. Архівавана 5 сакавіка 2016. — М.: ИТЦ «Марка», 2009. — 80 с. — (Прил. к журн. «Филателия», № 5, 2009). (Праверана 5 мая 2011)