Земляны́ Вал — гістарычны раён Мінска, размешчаны ўздоўж гарадскіх земляных умацаванняў.
Вал пачынаўся на поўнач ад Замчышча, праходзіў на захад Ракаўскага завулка (сучасная назва вуліца Вызвалення), потым да вуліцы Хлебнай (не захавалася), пасля ішоў дадолу па Нова-Раманаўскай (Раманаўская Слабада), перасякаў Нямігу, затым ішоў на захад ад Пішчалаўскага замка і далей па верхняй частцы вуліцы Трубнай (Берсана) на вуліцу Каломенскую (Свярдлова) да вуліцы Магазіннай (Кірава), уздоўж яе ў Губернатарскі сад (Цэнтральны дзіцячы парк імя Максіма Горкага).
Гісторыя
У XVI — XVIII стст. старая частка Менска была абмежаваная земляным валам, і горадам лічылася толькі тэрыторыя ўсярэдзіне. Месца вала дагэтуль можна прасачыць у планіроўцы горада.
У першай палове XIX ст. вал быў разраўняны, яго рэшткі можна заўважыць на вуліцы Кірава. На месцы вала былі высаджаныя ліпы і таполі. Да 1965 года паўтаравяковыя ліпы ўпрыгожвалі месцамі вуліцы Хлебную і Берсана, але былі знішчаны ў часе рэканструкцыі горада. Таполі, высаджаныя адначасова з ліпамі на вуліцы Свярдлова, састарэлі і былі спілаваныя ў 1948 годзе.
З землянымі валамі звязаныя такія мінскія вулічныя тапонімы, як Завальная — «за валам», Загародняя (сучасная Абутковая) — «за горадам». У цяперашні час пра існаванне ўмацаванняў нагадвае вуліца Гарадскі Вал.
Галерэя
- 1797 г.
- 1801 г.
- першая палова XVIII ст.
- канец XVIII ст.
Літаратура
- Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. — 341 с [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.
- Жучкевич В. А. Улицы помнят: История, события, люди в названиях улиц и площадей города-героя. Мн., 1979. С. 13—14.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, П15 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.