Звышнатуральнае — светапоглядная катэгорыя, якая вызначае тое, што знаходзіцца па-над фізічным светам вымярэнняў і дзейнічае па-за ўплывам законаў прыроды, выпадае з ланцугу прычынных сувязей і залежнасцяў, нешта першаснае ў дачыненні да рэчаіснасці і якое ўздзейнічае на яе, што не можа быць праяўлена ў матэрыяльным свеце.
У рэлігійным сэнсе звышнатуральнае раскрываецца праз паняцці звышпачуццёвага, нецялеснага, непрацяглага існавання, якое немагчыма выявіць знешнімі органамі пачуццяў чалавека і прыладамі. У больш вузкім сэнсе звышнатуральнае таксама можа разглядацца як нейкае вымярэнне іншай, метафізічнай прасторы — замагільнага свету, у якім душа можа знаходзіцца без фізічнага цела.
Шматзначнасць паняцця
- У гнасеалагічных характарыстыках звышнатуральнае — непазнанае;
- у анталагічных — загранічнае штодзённай рэчаіснасці;
- у псіхалагічных — вопыт таямнічага;
- у феноменалагічных — незвычайнае;
- у аксіялагічных — экзістэнцыяльна значнае.
У паняцце звышнатуральнага ўкладваюцца таксама такія значэнні, як гратэскнае, фантастычнае. У Сярэднявеччы схаластыка ў тэрмінах звышнатуральнага, узятага ў значэнні супранатуралістычнага, звыхпрыроднага, апісвала боскае.
Гл. таксама
- Супранатуралізм
Літаратура
- Леви-Брюль Л. Сверхъестественное в первобытном мышлении, 1994, ISBN 5-7155-0747-2
- Penzoldt P. The Supernatural in Fiction. L., 1952