Звычаёвае права — сукупнасць гістарычна выпрацаваных і прынятых грамадствам няпісаных норм, правілаў паводзін і ўзаемаадносін людзей у розных галінах вытворчага, грамадскага і сямейнага жыцця. Яно выступае як адна з форм грамадскай свядомасці, узнікла непасрэдна з грамадскіх адносін і санкцыянавана дзяржаўнай уладай.
Звычаёваму праву садзейнічаў бясспрэчны аўтарытэт грамадскай думкі, якая ў шматлікіх выпадках мела прэвентыўны характар, а таксама адчуванне чалавекам сваёй залежнасці ад калектыву.
Беларусь
На Беларусі панавала да XV ст. У XV — пачатку XVI ст. паступова замянялася пісаным правам, у якім побач з новымі нормамі захоўваліся нормы звычаёвага права ў форме закону. Пасля выдання Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 года звычаёваму праву адводзілася толькі дапаможная роля ў рэгуляванні тых праваадносін, якія не былі прадугледжаны законам. Звычаёвае права рэгулявала ўсё праваадносіны ў грамадскім жыцці, дзейнасць службовых асоб, дзяржаўнай павіннасці насельніцтва, асноўныя грамадзянска-прававыя адносіны і інш. Найбольш доўга панавала ў шлюбна-сямейных адносінах. Асаблівае месца ў сістэме звычаёвага права займалі нормы копнага права, якія дзейнічалі на Беларусі з глыбокай старажытнасці да XVIII ст. Уплыў звычаёвага права адчуваўся і пазней, асабліва ў зямельным і сямейным праве.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7).