Заходнепалеская іканапісная школа — адна з самабытных школ беларускага іканапісу, адметная своеасаблівай мастацкай мовай і вобразным ладам[1].
Геаграфічная распаўсюджанасць
Як вынікае з назвы, да школы адносяць творы, створаныя на тэрыторыі Заходняга Палесся.
Гісторыя развіцця
Яе фарміраванне, верагодна, пачалося з другой паловы XVI стагоддзя, але яе найбольш характэрныя рысы склаліся ўсё ж у XVII стагоддзі[1]. Менавіта ў гэты і больш позні час актывізуецца дзейнасць шэрагу манастыроў: Барысаглебскага ў Тураве, Спаскага ў Кобрыне, Траецкага і Спаскага ў Драгічыне, Сімяонаўскага ў Брэсце і шэрагу іншых, пры якіх працавалі іканапісныя майстэрні і асобныя аўтары[1]. З XVII стагоддзя іконы пачалі пісаць не толькі на дошках, пакрытых лейкасным грунтам, але і на палатне, нацягнутым на падрамнік або на драўляную аснову[1].
Асаблівасці
На фарміраванне адметных асаблівасцей заходнепалескай школы паўплывала адмова ад традыцыйных прамалёвак, якія ўжо не стрымлівалі творчую фантазію, давалі магчымасць больш вольна трактаваць біблейскія сюжэты. З гэтым звязана злучэнне ў абразах узнёсла-паэтычных трактовак і жанравых матываў, іх мажорная і ўрачыстая колеравая гама[1].
Пінская школа
Столінская школа
Столінская школа — умоўная назва тыпу абразоў, знойдзеных упершыню на Століншчыне. Іх стыль нагадвае спосаб малявання вядомых польска-ўкраінскіх майстэрняў Рыбаціцкіх, аднак адрозніваюцца большай далікатнасцю і лірызмам[2].
Майстры

Маларыцкі майстар
Сярод іншых невядомых іканапісцаў Заходняга Палесся вылучаецца постаць так званага Маларыцкага майстра, які жыў і працаваў у 1648—1650 гг. у вёсцы Малая Рыта, іншых звестак пра асобу мастака не захавалася. Да нашага часу захаваліся толькі чатыры іконы[удакладніць], якія прыпісваюць гэтаму майстру[3].
- Праабражэнне, 1648
- Пакроў Багародзіцы, 1649
- Нараджэнне Маці Божай, 1648-1650
Зёлаўскі майстар

Яшчэ менш вядома пра яскравага майстра другой паловы XVIII стагоддзя з в. Зёлава (Драгічынскі раён). Яму прыпісваюць аўтарства абразоў «Сашэсце Святога Духа на апосталаў», «Апосталы з прыладамі катаванняў», «Апосталы Пётр і Павел», «Архангел Міхаіл», «Дабравешчанне», «Тройца новазапаветная», «Прарокі», абраз-таблетка «Святыя Мікола і Марыя», «Фама і Іаан», «Майсей і Данііл», «Дабравешчанне» з Зёлаўскай Свята-Троіцкай царквы[4], якія, як відаць, былі напісаны ў Тараканьскім Богаяўленскім манастыры.
Іконы
Блакітнае Успенне

Яркім прыкладам візантыйскай традыцыі ў беларускім іканапісе з’яўляецца абраз «Блакітнае Успенне» 15 стагоддзя, які доўгі час быў упрыгожваннем экспазіцыі старажытнарускага жывапісу Траццякоўскай галерэі ў Маскве[5]. Гэты выдатны помнік сярэднявечнага мастацтва ніколі не адносілі ні да гісторыі беларускага іканапісу, ні да італа-крыцкай школы, але беларускі вучоны А. А. Ярашэвіч даказаў прыналежнасць «Блакітнага Успення» да беларускай культуры[5]. Помнік у 1914—1917 гадах быў вывезены з Мінска ў Маскву ў калекцыю вядомага збіральніка старажытнарускай жывапісу І. С. Астравухава. Пасля рэарганізацыі прыватных збораў Масквы, абраз стаў здабыткам Траццякоўскай галерэі[5]. Ікона апублікавана як помнік беларускага жывапісу Н. Ф. Высоцкай у кнізе «Живопись Белоруссии 12—18 веков»[6].
Вывучэнне
Палескі іканапіс вывучаны слаба[2]. Да нашага часу не захаваліся творы палескай іканапіснай школы, створаныя раней за XV стагоддзе, а захаваныя высокамастацкія абразы XV — пачатку XVI ст., з прычыны іх малой колькасці і стылявой неаднароднасці, амаль не падуладны абагульняючаму аналізу[7].
У 2002 годзе фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва фінансаваў выданне кнігі «Іканапіс Заходняга Палесся XVI—XIX стст.», чым быў адзначаны ўнёсак старажытнай палескай культуры ў агульнабеларускі культурны кантэкст[8].
Заўвагі
- 1 2 3 4 5 ТРАДИЦИОННАЯ БЕЛОРУССКАЯ ИКОНОПИСЬ 14 — 18 ВЕКОВ (руск.)
- 1 2 Иконопись Пинщины (руск.)
- ↑ Православие на малоритчине(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 27 ліпеня 2018. Праверана 1 ліпеня 2013.
- ↑ Зёлава / Свята-Троіцкая царква
- 1 2 3 О. Д. Баженова. Византийская традиция в белорусском искусстве 15 века (руск.)
- ↑ Минск, 1980. Илл. 14,15,16.
- ↑ Шматаў В. і др. Іканапіс Заходняга Палесся XVI—XIX стст. Мн., 2002. с. 88
- ↑ «Сей Образъ Сооружіл…»}
Літаратура
- Ярашэвіч А. А. Гістарычныя ўмовы развіцця заходнепалескага іканапісу // Іканапіс Заходняга Палесся 16-19 вв. Мінск, 2002.С. 64—66.
- Іканапіс Заходняга Палесся XVI—XIX стст. / В. Ф. Шматаў, Э. І. Вецер, М. П. Мельнікаў і інш.; навук. рэд. В. Ф. Шматаў; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору ім. К. Крапівы НАН Беларусі. — Мінск: Бел. навука, 2002. — С. 180, 190.
- Яницкая П. А. Выставка «Иконопись белорусского Полесья XVII—XVIII в.в.», как способ познания историко-художественного наследия народной культуры. // I Няфедаўскія чытанні. Беларускае мастацтва: гісторыя і сучаснасць. Зб. матэрыялаў Міжнароднай навукова-творчай канферэнцыі (Мінск, 18 — 19 лютага 2003 г.). — Мн.: БелДАМ, 2004. — С. 190—193
- Быцьева І. М., Хадыка Ю. В. Група абразоў другой палавіны XVII ст. з Брэста./ Помнікі мастацкай культуры Беларусі: Новыя даслед.: Зб. арт./ АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. С. В. Марцэлеў. — Мн.: Навука і тэхніка, 1989. — С.30 — 34.
- Вецер Э. І. Асаблівасці жывапісу столінскага рэгіена./ Помнікі культуры: Новыя адкрыцці [Зб. артыкулаў] / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; [Рэд. С. В. Марцэлеў]. — Мн.: Навука і тэхніка, 1985. — С.39 — 43
- Шматаў В. Ф., Вецер Э. І., Мельнікаў М. П. і інш. Іканапіс Заходняга Палесся XVI—XIX стст. Мн. 2002.