![](../I/Ilja_Jefimowitsch_Repin_-_Reply_of_the_Zaporozhian_Cossacks_-_Yorck.jpg.webp)
Запарожская Сеч, Казацкая рэспубліка — палітычная і вайскова-адміністрацыйная арганізацыя ўкраінскага казацтва, якая ўтварылася ў першай палове XVI ст.
Гісторыя
Размяшчалася на тэрыторыі Запарожжа, каля вострава Хорціца. Узнікненне Запарожскай сечы было абумоўлена каланізацыяй Сярэдняга Прыдняпроўя феадаламі Вялікага княства Літоўскага, узмацненнем прыгоннага і нацыянальнага прыгнёту і прабуджэннем самасвядомасці ўкраінскага народа. За першыя дзесяцігоддзі XVI ст. Сечы ўдалося падпарадкаваць сваёй уладзе значную тэрыторыю Сярэдняга Прыдняпроўя і зазваць на свой бок значную частку казакоў, прыток якіх павялічыўся пасля ўтварэння Рэчы Паспалітай (1569). Войска Сечы ўзначаліла барацьбу ўкраінскага народа супраць Рэчы Паспалітай. Пасля злучэння левабярэжнай Украіны з Расіяй Запарожская Сеч захоўвалася расійскімі ўладамі для абароны паўднёвых меж ад набегаў крымскіх татараў. У сувязі з прызнаннем крымскім ханам расійскага падданства (1774) асноўная ваенная функцыя Запарожскай Сечы страціла сваё значэнне. У 1775 Кацярына II сваім указам скасавала Запарожскую Сеч. Частка запарожцаў збегла ў межы Асманскай імперыі, частка была пераселена Кацярынай II на Кубань (гл. кубанскія казакі).
Вайсковы лад
![](../I/Brandt_Zaporizhian_Camp.jpg.webp)
Войска дзялілася на палкі і сотні. Сотня ўяўляла сабой тактычную адзінку войска і мела колькасць 180 чалавек. Полк складаўся з трох сотняў агульнай колькасцю 540 чалавек. Агульнараспаўсюджаным сродкам падчас стэпавых паходаў у запарожцаў быў табар, гэта значыць, чатырохвугольны шэраг вазоў, які мог усталёўвацца ў некалькі шэрагаў і змацоўваўся ланцугамі.
Казацкі полк у 1610 годзе налічваў каля 2000 казакоў, дзяліўся на 4 роты, па 500 казакаў у кожнай. Роты дзяліліся на сотні, а сотні на курані. На чале палка стаяў палкоўнік, пад ім абозны і пісар. На чале роты стаяў ратнік, на чале сотні — сотнік, а на чале кураня — атаман. У 1625 годзе казакі дзяліліся на 6 палкоў, у 1648 — на 23.
Гл. таксама
- Казацтва
- Агнём і мячом (фільм)
- Дарога на Сеч (фільм)
- Гетман (фільм 2015)
Спасылкі
- Энцыклапедыя ўкраінскага казацтва(недаступная спасылка) Архівавана 23 студзеня 2010.