![](../I/Zameczak_Zaslauje.jpg.webp)
Замэчак у Заслаўі — помнік археалогіі Х—ХІ стст., месца, дзе жыла Рагнеда з сынам Ізяславам.
Гісторыя
Гарадзішча было ўзведзена ў адзін прыём у Х—ХІ стст. і з’яўляецца самым старажытным помнікам Заслаўя, месцам першага пражывання яго насельнікаў.
Менавіта тут у свой час пасялілася Рагнеда са сваім сынам Ізяславам. Магчыма, на самім гарадзішчы знаходзіўся манастыр, дзе пражыла апошнія гады Рагнеда ў якасці манахіні. Існуе легенда, што тут яна была і пахавана, аднак археалагічныя даследаванні не пацвярджаюць гэтага факту.
Археалагічныя даныя паказваюць, што ў ХII ст. гарадзішча ўжо пакінулі насельнікі.
У пачатку ў цэнтры Замэчка ў 1990-х быў пабудаваны помнік «Тысячагоддзе праваслаўнай царквы на Беларусі».
Апісанне
Гарадзішча размяшчаецца на ўзгорку над абалонай ракі Чарніцы і з трох бакоў абмежавана далінаю рэчкі і дрыгвой. Пляцоўка Замэчка, амаль круглая па форме з дыяметрам 70—74 метры па перыметры, абведзена валам і ровам. Вал не меў унутраных драўляных канструкцый, пры гэтым дасягае ў вышыні ад падножжа рова 6,5 метраў, на версе меў абарончую сцяну, а на схіле вала драўляны паркан у выглядзе нахіленых бярвенняў. Паводле археалагічных даследаванняў, выявілася, што вялікую частку жыхароў Замэчка складалі воіны, што дало падставы лічыць гарадзішча збудаваннем з выразнымі мілітарнымі функцыямі[1].
Зноскі
- ↑ Заяц, Ю. А. Заславль X—XVIII веков. Минск, 1987. С. 38.
Літаратура
- Заяц, Ю. А. Заславль X—XVIII веков. Минск, 1987.
Спасылкі
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Замэчак
- www.radzima.org