Вёска
Замосце
± | ||||||||||||||||||||||
Замо́сце[1] (трансліт.: Zamoscie, руск.: Замостье) — вёска ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Навапольскага сельсавета. Месціцца за 43 км на паўночны захад ад Мар’інай Горкі, 36 км ад Мінска.
Назва
Замосце — назва-арыенцір, гэта значыць паселішча за мостам.
Гісторыя
У часы Вялікага Княства Літоўскага гэтая мясцовасць як авульс (была авульсам да 1857 года) уваходзіла ў склад дамена Дудзічы, належала Прозарам[2]. У 1785 годзе Ружа Прозар выйшла замуж за Станіслава Ельскага, палкоўніка пяцігорскага, пазней скарбовага камісара Рэчы Паспалітай. Такім чынам праз вена мясцовасць перайшла да Ельскіх.
Пасля Другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года ў складзе Расійскай імперыі. Станіслаў Ельскі, каторы ад 1812 года быў маршалкам шляхты ў Ігуменскім павеце, памёр у 1829 годзе, а мясцовасць перайшла да ягонага сына Караля. Па смерці Караля ў 1855 годзе дамен Дудзічы быў падзелены паміж яго сынамі, Замосце дасталася Аляксандру Ельскаму. У 1857 годзе Аляксандр Ельскі збудаваў тут 13 будынкаў, а каля 1860 года асабняк з драўляных зрубаў[3]. Ён пасадзіў сотні дэкаратыўных дрэў і кустоў, 600 пладовых дрэў. Асушыў зямлю, пабудаваў цагельню, стварыў рыбную гаспадарку. У 1870 годзе маёнтак Дудзіцкай воласці Ігуменскага павета Мінскай губерні[4]. Пасля смерці Аляксандра ў 1916 годзе, кароткі час Замосцем валодаў яго сын Ян.
Пад канец лютага 1918 года тэрыторыя акупавана войскамі Германіі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час Польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 года пад акупацыяй Польшчы, уваходзіла ў гміну Дудзічы Ігуменскага павета Мінскай акругі Грамадзянскай управы ўсходніх земляў.
З 31 ліпеня 1920 года ў складзе Беларускай ССР. У пачатку 1930-х створаны калгас «Новы шлях». У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года акупаваная нацысцкай Германіяй. У наваколлі вёскі дзейнічала савецкая партызанская брыгада «Беларусь». У сакавіку 1943 года вёска была спаленая нацыстамі. Пасля вайны вёска адноўленая[4].
Насельніцтва
- 1897 — 41 жыхар
- 1917 — 1 двор, 107 жыхароў
- 1940 — 19 двароў, 72 жыхары
- 1999 — 16 жыхароў
- 2002 — 6 двароў, 10 жыхароў
- 2010 — 7 жыхароў
Вядомыя асобы
- Аляксандр Ельскі (1834—1916, маёнтак Замосце) — беларускі гісторык, краязнавец, публіцыст, адзін з першых гісторыкаў беларускай літаратуры і збіральнікаў беларускіх рукапісаў.
Славутасці
- Рэшткі сядзібы Ельскіх (1860-я)
- Сядзіба ў Замосці, каля 1914 года
- Аляксандр Ельскі ў родавай капліцы, каля 1914 г.
- Аляксандр Ельскі і яго сын Ян у маёнтку, каля 1914 года
- Лямус, каля 1914 года
Панарама
Спіс вуліц
- Армейская вуліца
- Паркавая вуліца
- Цэнтральная вуліца[5]
Зноскі
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- ↑ Jelski A. 1895, с. 383.
- ↑ Jelski A. 1895, с. 384.
- 1 2 Замосце // Гарады і вёскі Беларусі. Т. 8 : Мінская вобласць, кн. 4 / Т.У. Бялова (галоўны рэдактар) і інш. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2013. — С. 143. — 528 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0735-9.
- ↑ Спіс вуліц і іншых элементаў ўнутранага адраса . Нацыянальнае кадастравае агенцтва Рэспублікі Беларусь.(недаступная спасылка)
Літаратура
- Замосце // Гарады і вёскі Беларусі. Т. 8 : Мінская вобласць, кн. 4 / Т.У. Бялова (галоўны рэдактар) і інш. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2013. — С. 143. — 528 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0735-9.
- Дзеля блізкіх і прышласці : матэрыялы міжнар. навук.-практ. канф. «Універсітэты Ельскіх» (да 165-годдзя з дня нараджэння Ельскіх), Мінск, 7 кастр. 1999 г. / Бел. ун-т культуры ; рэдкал.: (адк. рэд.) А.У. Пазнякоў [і інш.]. — Мінск: Бел. ун-т культуры; рэкламна-выдав. фірма «Ковчег», 1999. — 156 с.
- Памяць : Пухавіцкі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / [укладальнік А. А. Прановіч; рэдкалегія: А. М. Карлюкевіч і інш.]. — Мінск : Беларусь, 2003. — 748 с. — 3000 экз. ISBN 985-01-0251-9
- Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974.
- Aftanazy R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej, wyd. drugie przejrzane i uzupełnione, t. 1: Województwa mińskie, mścisławskie, połockie, witebskie, Wrocław: Zakład Narodowy im. Ossolińskich, 1991, s. 173–175, ISBN 83-04-03713-0, ISBN 83-04-03701-7 (całość).
- Jelski A. Zamość // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. — Tom XIV: Worowo — Żyżyn. — 1895. — С. 383—384. — 930 с.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Замосце (Пухавіцкі раён)