План Замкавай царквы ў Ваўкавыску

Замкавая царква — помнік архітэктуры XII ст. на тэрыторыі Замкавай гары Ваўкавыска. З’яўляецца помнікам Гродзенскай школы дойлідства.

Асаблівасці храма

Археолагамі выяўлены толькі падмурак царквы, па невядомых прычынах будаўніцтва храма было спынена. Калі меркаваць па падмурку і форме плана, будынак павінен быў уяўляць 6-слупавую і 3-нефавую царкву. Памеры храма — прыблізна 22 х 16 м. Падкупальная прастора павінна была стварацца 4 заходнімі (а не ўсходнімі, як гэта звычайна было) крыжападобнымі ў плане слупамі. Цэнтральная апсіда паўкруглая, бакавая прамавугольная. Да паўднёва-заходняга вугла будынка павінна была прымыкаць квадратная ў плане вежа, у якой, верагодна, магла б знаходзіцца лесвіца на хоры.

Побач з падмуркам знойдзены складзеная ў штабелі плінфа, вялікая яма з вапнай (плошчай больш за 30 м², пласт вапны таўшчынёй 1—1,2 м), шмат камянёў з адшліфаваным бокам, падрыхтаваных для будаўніцтва і пакладзеных у рад. Выяўленая на Замчышчы плінфа некалькіх тыпаў: прамавугольная памерамі 3,5—4,5 х 14,7—16,5 х 26—28,5 см, трапецападобная, з круглаватым вуглом, з паўкруглым кароткім канцом, на тарцах плінфаў ёсць рэльефныя знакі.

Археалагічныя даследаванні царквы

У 1925 Ю. Ядкоўскі папярэдне вызначыў месцазнаходжанне храма і адкапаў склад старажытнай плінфы. У 1956 В. Р. Тарасенка выявіў падмурак храма. У 1958 Г. І. Пех зрабіў поўную зачыстку фундамента. Пазней храм вывучалі П. А. Рапапорт (1959), М. К. Каргер (1966), будаўнічы матэрыял царкьы даследаваў Я. Г. Звяруга (1967).

Літаратура

  • Зверуго Я. Г. Древний Волковыск X—XIV вв. Минск, 1975
  • Раппопорт П. А. Русская архитектура X—XIII вв.: кат. памятников. Ленинград, 1982
  • Трусов О. А. Памятники монументального зодчества Белоруссии XI—XVII вв.: архит.-археол. анализ. Минск, 1988
  • Археалогія Беларусі: энцыклапедыя, Рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш. У 2 т., Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009, Т. 1. А-К, 496 с., ISBN 978-985-11-0354-2
This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.