Жыццё і смерць двараніна Чартапханава | |
---|---|
руск.: Жизнь и смерть дворянина Чертопханова | |
Жанр | драматычны фільм |
Рэжысёр | |
Сцэнарыст | |
У галоўных ролях |
|
Аператар | Эдуард Садрыеў |
Кампазітар | |
Кінакампанія | Беларусьфільм |
Працягласць | 138 хв. |
Краіна | |
Мова | руская |
Год | 1971 |
IMDb | ID 3069756 |
«Жыццё́ і смерць дварані́на Чартапха́нава» (руск.: Жизнь и смерть дворянина Чертопханова) — беларускі двухсерыйны тэлевізійны фільм рэжысёра Віктара Турава у жанры драмы.[1] Зняты па матывах апавяданняў Івана Тургенева «Чартапханаў і Недапюскін», «Канец Чартапханава» і «Спевакі» (з цыкла «Запіскі паляўнічага») у 1971 годзе на кінастудыі «Беларусьфільм».[2]
Сюжэт
Першая серыя
Падчас пахавання багатага пана Фёдара Фёдаравіча зачытваецца завяшчанне, згодна з якім утрыманцу пана Ціхану Недапюскіну (акцёр Юрый Мядзведзеў) прадастаўляецца вёска Бессялендзееўка з угоддзямі і 22 жыхарамі. Прысутныя на абвяшчэнні завяшчання сваякі і суседзі нябожчыка пачынаюць здзекавацца над разгубленым Ціханам Іванавічам. Пляменнік нябожчыка, збяднелы дваранін Панцялей Ерамеевіч Чартапханаў (акцёр Бронюс Бабкаўскас), заступаецца за небараку і выклікае на дуэль яго галоўнага крыўдзіцеля. Той, з-за нечаканасці такога развіцця падзей, вымушаны прасіць прабачэння ў новаяўленага памешчыка.
Лета, Дон. Чартапханаў і Недапюскін конна палююць на зайцоў. Падчас палявання Панцялей Ерамеевіч сустракае на сваёй зямлі незнаёмага паляўнічага, але, даведаўшыся, што той дваранскага паходжання, дазваляе незнаёмцу паляваць на сваіх угоддзях. Тым часам у маёнтку Чартапханава завіхаецца па гаспадарцы селянін Перфірый, а гаспадара чакае ў хаце самотная жанчына Марыя Акінфіеўна (актрыса Вольга Лысенка). Дождж і вяртанне балбатлівых паляўнічых не замінаюць суму, які апанаваў Машу. З мэтай схавацца ад дажджу да маёнтка Чартапханава прыходзіць той самы незнаёмы паляўнічы, і гаспадар запрашае яго на абед. Паляўнічы прыехаў з Пецярбурга, валодае добрымі манерамі. Чартапханаў прадстаўляе яму сваю «фактычную» жонку Машу, робіць гэта непаважліва. Па просьбе Панцялея Ерамеевіча Маша бярэ ў рукі гітару і выконвае раманс. Госці знаходзяцца пад вялікім уражаннем ад выканання. Потым Маша грае вясёлую мелодыю і Чартапханаў з Недапюскіным пачынаюць танцаваць, малады паляўнічы ціха сыходзіць з маёнтка.
Гарадская ярмарка. Сяляне п’юць ды рагочуць, грае гармонік. Чартапханаў таксама на ярмарцы, глядзіць коней. Недапюскін ценем ходзіць за Панцялеем Ерамеевічам і дае парады. Сярод шумных гандляроў Чартапханаў чуе крыкі аб дапамозе — мужыкі каля карчмы збіваюць старога яўрэя. Панцялей Ерамеевіч заступаецца за небараку, бізуном разганяе бойку. Тым часам Маша ідзе ад ярмаркі да манастыра, каб памаліцца ў царкве. Вярнуўшыся ў маёнтак, Чартапханаў бачыць выратаванага ім яўрэя, які даўно чакае Панцялея Ерамеевіча і паказвае таму каня. Яўрэй прадае Чартапханаву каня ўсяго за 200 рублёў, нават грошы чакае толькі праз шэсць месяцаў. Выдатнага каня Панцялей называе Малек-Адэль, сам корміць яго.
Перфірый акрапляе пакой «гаспадыні» святой вадой. Гэта бачыць Недапюскін і на пытанне, чаму той гэта робіць, атрымлівае ад селяніна адказ, што чамусьці невясёлая заўсёды Маша. Ціхан Іванавіч просіць служку акрапіць і пакой Панцялея. Потым за гарбатай Недапюскін у каторы раз недарэчна распавядае Марыі Акінфіеўне пра добры побыт у маёнтку, вартасці гаспадара Чартапханава. Тая ж не мае моцы стрымаць сябе і ў адчаі кідаецца да Недапюскіна: «Я жыць хачу, Ціхан Іванавіч, жыць!» Але той не разумее яе непакою і радзіць Машы цярпець. Зразумела, што жанчына любіць і добрага Ціхана, і ганарлівага Панцялея, але жыць так далей не можа і вырашае сысці назаўсёды. Яна ціха развітваецца з Панцялеем, які спіць, і супакойвае Ціхана, які плача і не разумее такі крок. Прачнуўшыся, Панцялей бяжыць па слядах і даганяе Машу, якая схавалася ад дажджу ў млыне пры дарозе. Нягледзячы на мальбу, слёзы і нават пагрозы пана, жанчына не вяртаецца да яго, просіць толькі памятаць мінулае іх каханне. Чартапханаў вяртаецца адзін у роспачы па пустой дарозе.[3]
Другая серыя
Збяднелы слупавы дваранін Панцялей Чартапханаў славіўся ва ўсім акалодку чалавекам ганарлівым і сумленным, баламутам і забіякам. …Першае бедства, якое пабіла яго, апынулася самым адчувальным: Маша рассталася з ім… …Закадычны сябар ягоны і прыяцель Ціхан Іванавіч Недапюскін цяжка захварэў… …Адзінай радасцю ў жыцці Чартапханава стаў дзіўны верхавы конь Малек-Адэль, падарунак у растэрміноўку старога Лейбы ў падзяку за выратаванне ад смерці… …Даходаў ніякіх не прадбачылася, а тэрмін плацяжу між тым набліжаўся… з уступнай застаўкі да другой серыі фільма |
У хаце Недапюскіна чытаюць малітву над хворым. Ціхан Іванавіч пакідае тастамент, у якім адзіную сваю вёску завяшчае Чартапханаву. Чартапханаў падтрымлівае Ціхана ласкавым словам, але ў вачах слёзы роспачы. Недапюскін памірае, яго хаваюць на могілках.
У карчме адбываецца спаборніцтва спевакоў Яшкі і Радчыка. Наведвальнікі з захапленнем слухаюць песні ды п’юць. У карчме таксама п’яны Чартапханаў, які прачынаецца ад гуку спеваў і пляскае ў далоні. Пасля песні Яшкі ўсе ў карчме заміраюць ад захаплення, Чартапханаў нібыта становіцца цвярозым. Дзень за днём Панцялей Ерамеевіч бачыць радасць жыцця толькі ў валоданні сваім выдатным канём. Турбуецца толькі Перфірый, які нагадвае гаспадару, што хутка Лейба прыйдзе за грошамі. Аднак Чартапханаў гатовы аддаць усё, што мае, толькі б захаваць Малек-Адэля.
Аднойчы восенню Панцялей чуе ад чыноўніка навіну, што атрымлівае 2000 рублёў па духоўнаму завяшчанню, і шчаслівы толькі адной думкай — конь цяпер куплены. Чартапханаў марыць аб тым, як купіць яшчэ багатую вопратку, пярсцёнак з каштоўным каменем ды сабак добрай пароды. Ранкам Панцялей бачыць, што каня скралі з хлява. Пагоня па слядах не дае плённых вынікаў. Калі прыйшоў Лейба за грошамі, Чартапханаў амаль не задушыў старога яўрэя, абвінаваціўшы таго ў крадзежы. Аднак адумаўся і распытаў, дзе і ў каго Лейба купіў каня. То з крыкам, то са слязьмі Панцялей просіць старога дапамагчы адшукаць казака, першага гаспадара Малек-Адэля, аддае яўрэю грошы. З першым снегам Чартапханаў і Лейба ад’язджаюць на пошукі казака, Перфірыю і сялянам Панцялей абяцае, што вернецца назад з канём або не вернецца ўвогуле.
Амаль праз год пан вяртаецца з канём, якога знайшоў на адной з далёкіх ярмарак. Жыццё ізноў вяртаецца на свой стары лад. Аднак з цягам часу, падчас паездак конна Панцялей адчувае, што конь не такі шпаркі, як быў раней. У кастрычніку Чартапханаў сустракае мясцовага святара, і той выказвае абгрунтаванае меркаванне, што Панцялей прывёз добрага каня, але гэта не Малек-Адэль. Чартапханаў абразліва лаецца на святара, але сам пачынае адчуваць, што памыліўся падчас пошукаў і конь сапраўды не той. Ад адчаю Панцялей пачынае моцна піць, Перфірый не можа без слёз на гэта глядзець, моліцца за пана абразам. П’яны Панцялей Ерамеевіч мроіць аб страчаных Малек-Адэлю і Машы. Аднаго дня Чартапханаў выводзіць каня ў лес і, аблаяўшы, пакідае яго там. Жывёла паслухмяна ідзе назад за гаспадаром. Панцялей у парыве злосці дастае пісталет і страляе ў каня. Чартапханаў злёг хворым, Перфірый ад роспачы звяртаецца да святара за дапамогай. Стары Лейба таксама прыходзіць да пана. Панцялей, відаць па ўсім, страціў жаданне жыць: «Слупавы дваранін Панцялей Чартапханаў памірае, хто можа яму перашкодзіць?»[4]
Акцёры і ролі
У ролях
Акцёр | Роля |
---|---|
Бронюс Бабкаўскас | Панцялей Ерамеевіч Чартапханаў |
Вольга Лысенка | Маша |
Юрый Мядзведзеў | Недапюскін |
Юрый Радзівонаў | малады паляўнічы |
Зіновій Герт | Машэль Лейба |
Станіслаў Чуркін | Перфірый |
Андруша Макарэвіч | Антропка |
Валерый Залатухін | вандроўны спявак Якаў Турак |
Валянцін Рыжы | спявак Радчык |
У фільме здымаліся
Акцёр | Роля |
---|---|
Яніс Грантыньш | дваранін |
Барыс Уладамірскі | |
Юрый Лысенка | |
Барыс Быстроў | |
Ігар Камароў | |
Уладзімір Кудрэвіч | |
С. Касмаускам | |
Мікалас Ятаўціс | |
Валерыонас Дзяркінціс | |
Расціслаў Шмыроў | мужык у карчме |
Сцяпан Хацкевіч | |
Міхаіл Васільеў | прадавец на кірмашы |
Уладзімір Дзядзюшка | |
Юрый Гарабец | |
Афанасій Бялоў | |
Генадзь Аўсяннікаў | |
К. Сянкевіч | |
Л. Крук |
Стварэнне
Перадгісторыя
Аснову сюжэтнай лініі складаюць апавяданні Івана Тургенева «Чартапханаў і Недапюскін» і «Канец Чартапханава».
Здымачны працэс
Вытворчасць кінастужкі ажыццяўлялася на базе кінастудыі «Беларусьфільм» творчым аб’яднаннем «Тэлефільм» па заказу Дзяржаўнага камітэта Савета Міністраў СССР па тэлебачанню і радыёвяшчанню цягам 1971 года. Віктарам Туравым разглядалася для ўключэння ў фільм песня Уладзіміра Высоцкага «Бяда» («Я несла сваю бяду…»), але ў выніку ў карціну так і не ўвайшла. Уладзімір Высоцкі спрабаваўся таксама на ролю галоўнага героя фільма.[5] Здымкі праходзілі ў тым ліку ў Пскоўскай вобласці, каля Свята-Успенскага Пскова-Пячэрскага манастыра.
Здымачная група
- Сцэнарый — Аляксей Тулушаў
- Пастаноўка — Віктар Тураў
- Аператар — Эдуард Садрыеў
- Мастак — Аляксандр Чартовіч
- Кампазітар — Алег Янчанка
- Рэжысёр — А. Календа
- Рэдактар — Ф. Конеў
- Гукааператар — А. Бяклемішаў
- Мантаж — Е. Аксененка
- Мастак па касцюмах — Э. Сямёнава
- Мастак па грыму — Л. Хахлоў
- Асістэнты рэжысёра — Л. Макарэвіч, Р. Мірскі
- Аператар камбініраваных здымак — Е. Дзелун
- Мастак камбініраваных здымак — І. Каваленка
- Дырэктар карціны — М. Фішкін
- Песні выконвае — Галіна Крэтава, Валерый Залатухін
Прэм’ера
Прэм’ера фільма адбылася 8 ліпеня 1972 года па савецкаму тэлебачанню.
Узнагароды
Дата цырымоніі | Прэмія | Катэгорыя | Лаўрэаты і намінанты | Вынікі |
---|---|---|---|---|
1972 | V СФ тэлефільмаў у Ташкенце | Прыз газеты «Савет Узбекістоні» за лепшую рэжысёрскую працу | Віктар Тураў | Перамога |
Крытыка
Па меркаванні кінакрытыкаў, фільм дакладна перадае «тургенеўскую» атмасферу. Адна з лепшых роляў акцёра Юрыя Мядзведзева. Герой Бронюса Бабкаўскаса ў ролі двараніна Чартапханава адлюстроўвае трагічную фігуру «лішняга чалавека». Адзначаны выразныя вакальныя дадзеныя маладога Валерыя Залатухіна ў маленькай ролі вандроўнага спевака Якава.
Тэхнічныя дадзеныя
Зноскі
- ↑ Жизнь и смерть дворянина Чертопханова (руск.). Мегаэнциклопедия Кирилла и Мефодия. Праверана 16 студзеня 2019.
- ↑ Жизнь и смерть дворянина Чертопханова (1971) — информация о фильме (руск.). Кино-Театр.РУ. Праверана 4 мая 2017.
- ↑ Все советские фильмы киностудии «Беларусьфильм» (10.09.2014). Жизнь и смерть дворянина Чертопханова (1 серия) (1971) фильм смотреть онлайн (мастацкі фільм). BY: YouTube.
{{cite AV media}}
: Праверце значэнне даты ў:|date=
(даведка) - ↑ Все советские фильмы киностудии «Беларусьфильм» (10.09.2014). Жизнь и смерть дворянина Чертопханова (2 серия) (1971) фильм смотреть онлайн (мастацкі фільм). BY: YouTube.
{{cite AV media}}
: Праверце значэнне даты ў:|date=
(даведка) - ↑ Владимир Шишков (1.06.2017). Высоцкий. Песня, не вошедшая в фильм «Жизнь и смерть дворянина Чертопханова» (песня). BY: YouTube.
{{cite AV media}}
: Праверце значэнне даты ў:|date=
(даведка)
Літаратура
- Игорь Авдеев, Лариса Зайцева. Все белорусские фильмы: каталог-справочник. Игровое кино (1971—1983). — (Мн.): «Беларуская навука», 2000. — Т. 2. — 299 с. — ISBN 985-08-0349-5.
Спасылкі
- «Жыццё і смерць двараніна Чартапханава» на сайце «Internet Movie Database» (англ.)
- «Жыццё і смерць двараніна Чартапханава» (руск.) на сайце КиноПоиск
- «Жыццё і смерць двараніна Чартапханава»(недаступная спасылка) (руск.) на сайце Tvigle
- «Жыццё і смерць двараніна Чартапханава» на YouTube
- «Жыццё і смерць двараніна Чартапханава» Архівавана 26 жніўня 2018. (руск.) на сайце KinoBlog.tv
- «Жыццё і смерць двараніна Чартапханава»(недаступная спасылка) (руск.) на сайце ComboPlayer