Аграгарадок
Жыровіцы
± | ||||||||||||||||||||||||||
Жыро́віцы[2] (трансліт.: Žyrovicy, руск.: Жировицы) — аграгарадок у Слонімскім раёне Гродзенскай вобласці, каля ракі Шчара (за 1 км ад яе). Адміністрацыйны цэнтр Жыровіцкага сельсавета. Насельніцтва 2570 чал. (2005). Знаходзяцца за 10 км на поўдзень ад Слоніма, за 138 км ад Гродна; на аўтамабільнай дарозе, што злучае Слонім з шашой Мінск — Брэст.
У Жыровіцах месціцца даўні манастыр, у цяперашні час комплекс Беларускай праваслаўнай царквы.
Назва
На думку беларускага географа В. Жучкевіча, тапонім «Жыровічы» ўтварыўся да прозвішча Жыровіч[3]. Афіцыйная форма назвы вёскі — Жыро́віцы[4]. Існуе меркаванне, што апошняя ўзнікла пад польскім уплывам (ад польск.: Żyrowice)[5].
Гісторыя
У сярэдзіне XV стагоддзя Жыровічы належалі Гойцавічам (вядомы браты Юшка, Івашка і Федзька), але да канца стагоддзя іх род згас. Паміж 1493—1495 гадамі вялікі князь Аляксандр даў Жыровічы свайму маршалку Солтану Аляксандравічу. У 1495 годзе пан Солтан памёр, пакінуўшы адзінага непаўнагадовага сына Аляксандра.
Пасля адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы (1565—1566) Жыровіцы ў складзе Слонімскага павета Новагародскага ваяводства. З 1565 года пачалі праводзіцца кірмашы[6]. Пад 1587 годам упершыню згадваецца Жыровіцкі манастыр. З 1610-х гадоў мясціна знаходзілася ў валоданні Л. Сапегі, потым І. Мялешкі.
У 1624 годзе Жыровіцы атрымалі статус мястэчка, а ў 1652 годзе кароль і вялікі князь Ян Казімір надаў паселішчу магдэбургскае права. Неўзабаве Жыровіцы сталі буйным гандлёвым цэнтрам, які карыстаўся ўласным гербам: «у блакітным полі выява двух мужчынскіх постацей — правая стаіць на каленях, левая трымае ў працягнутых руках кнігу»[7]. Падчас Трынаццацігадовай вайны ў 1655 годзе казацкія загоны спалілі мястэчка і манастыр[6].
19 верасня 1730 года ў Жыровіцах адбылася ўрачыстая каранацыя цудоўнага абраза Маці Божай. Карону, упрыгожаную каштоўнымі камянямі, ахвяравала княгіня Ганна Радзівіл. Абраз захоўваўся пад шклом у залачоных шатах[8].
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Жыровіцы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, у Слонімскім павеце. Цягам 1810—1828 тут знаходзілася рэзідэнцыя грэка-каталіцкага епіскапа Брэсцага. У 1828—1839 гадах Жыровіцы былі цэнтрам Літоўскай уніяцкай, а ў 1840—1845 гадах — Літоўскай праваслаўнай епархіі. У 1880-я ў мястэчку дзейнічалі 3 царквы; працавалі духоўнае і жаночае народнае вучылішчы, 3 крамы, 3 шынкі; рэгулярна праводзіліся 3 кірмашы.
У Першую сусветную вайну Жыровіцы занялі нямецкія войскі. У 1919—1920 гадах мястэчка пераходзіла з рук у рукі — ад бальшавікоў да польскага войска. Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Жыровіцы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Слонімскага павета Навагрудскага ваяводства.
У 1939 годзе Жыровіцы ўвайшлі ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 года сталі цэнтрам сельсавета Слонімскага раёна. Статус паселішча панізілі да вёскі. Станам на 1971 год тут было 430 двароў, на 1994 год — 650. У 2005 годзе Жыровіцам прысвоены статус аграгарадка[9].
- Агульны выгляд
- Кляштар
- Царква
- Вуліца
Насельніцтва
Адукацыя
У Жыровіцах працуюць дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж (з 1945), сярэдняя школа (з 1966) і школа мастацтваў, дашкольная ўстанова.
Медыцына
Медыцынскія паслугі аказваюць бальніца і амбулаторыя.
Эканоміка
12 гандлёвых прадпрыемстваў, філіял Беларусбанка і пошта.
Турыстычная інфармацыя
Жыровіцы — цэнтр турызму нацыянальнага значэння. Уваходзяць у турыстычныя маршруты «Мураваны летапіс Панямоння», «Мураваны летапіс Слоніма і Жыровіцаў»[15].
Славутасці
У вёсцы размяшчаецца архітэктурны комплекс былога ўніяцкага (цяпер праваслаўнага) Свята-Успенскага манастыра, які складаецца з наступных збудаванняў:
- Гаспадарчыя пабудовы (XVIII—XX стст.)
- Званіца (1828)
- Кляштарны корпус (XVII—XVIII стст.)
- Цэрквы: Успенскі сабор (1613—1650), Богаяўленская царква (1672 або 1769), Крыжаўзвіжанская царква (1769).
Апроч таго, на паўночнай ускраіне вёскі, на могілках, захавалася драўляная царква Свята-Георгіеўская царква (кан. XVIII ст.).
Страчаная спадчына
- Сядзіба «Старыя Жыровіцы»
Галерэя
- Успенская царква і кляштарны корпус
- Маці Божая Жыровіцкая на франтоне кляштару
- Абраз Маці Божай Жыровіцкай
- Крыніца святой вады
Вядомыя асобы
- Яўген Іванавіч Хлябцэвіч (1884—1953) — беларускі нацыянальны дзеяч, бібліятэказнавец, бібліёграф, літаратуразнавец.
Цікавыя факты
- У Жыровіцах забаранялася сяліцца яўрэям; паводле дакумента часоў Яна Казіміра (захоўваўся яшчэ ў канцы XIX ст.) яўрэям не дазвалялася нават спыняцца тут на начлег, а ў часе праезду праз мястэчка яны мусілі ісці пешшу, з непакрытай галавой і басанож[16].
Гл. таксама
Крыніцы
- ↑ GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).. Сустракаецца таксама варыянт Жыро́вічы
- ↑ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 124.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
- ↑ Сяргей Чыгрын. Назвы нашых вёсак Архівавана 5 сакавіка 2016. // «Газета Слонімская» № 653, 9 снежня 2009.
- 1 2 ЭнцВКЛ 2005.
- ↑ Геральдыка беларускіх местаў 1998.
- ↑ Анатоль Бутэвіч. Цудатворная i збаўча-моцная абярэжніца Беларусі(недаступная спасылка) // «Звязда» № 98—99, 18 мая 2001.
- ↑ КЛУБНЫЕ УЧРЕЖДЕНИЯ РАЙОНА Архівавана 11 верасня 2014.
- ↑ Соркіна 2010, с. 414.
- ↑ Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej. Tom VII, Część I: Województwo Nowogródzkie. — Warszawa: Główny Urząd Statystyczny Rzeczypospolitej Polskiej, 1923.
- ↑ ЭГБ 1996, с. 386.
- ↑ ЭГБ 1996, с. 385.
- ↑ Беларусь 1995.
- ↑ Жировичи // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9
- ↑ Соркіна 2010, с. 48.
Літаратура
- Шаблюк В. Жыровічы // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 634. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- Шаблюк В., Ярашэвіч А. Жыровічы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — С. 385—386. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Цітоў А. Жыровіцы // Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
- Жыровічы, Жыровіцы // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 314. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Żyrowice // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XIV: Worowo — Żyżyn (польск.). — Warszawa, 1895. — S. 898.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Жыровіцы
- Жыровіцы на сайце Radzima.org
- Жировичи на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Жыровічы, аг. (Слонімскі р-н) на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»
- Жыровічы // Радыё Свабода, 29 красавіка 2006
- Сяргей Харэўскі. Маршруты па Беларусі: Слонім і Жыровічы // «Наша Ніва», 14 чэрвеня 2009.