Жоўтае мора (ад кіт.: 黄海 — Xуанхай; кар.: 황해 — Хванхэ) — паўзамкнутае ускраіннае мора Ціхага акіяна ля ўсходняга ўзбярэжжа Азіі на захад ад Карэйскага паўвострава.
У Карэі таксама выкарыстоўваюцца назвы: Заходняе мора (кар.: 서해 — Сахэ) — у Паўднёвай; Заходне-Карэйскае мора (кар.: 조선서해) — Часансахэ) — у Паўночнай.
Плошча 417 тыс. км². Найбольшая глыбіня 106 м, сярэдняя 40 м. Буйнейшыя залівы: Бахайвань, Ляадунскі і Заходне-Карэйскі. У мора ўпадаюць рэкі Хуанхэ, Хайхэ, Ляахэ, Ялуцзян. Клімат умераны, мусонны. Сярэдняя тэмпература вады на паверхні: ніжэй 0 на ПнЗ і 6—8 °C (люты) на поўдні; ад 24 на поўначы да 28 °C на поўдні (жнівень). Паўночна-заходняя частка мора з лістапада да сакавіка замярзае. Салёнасць ад 30 ‰ і менш на паўночным захадзе да 33—34 ‰ на паўднёвым усходзе. Прылівы паўсутачныя, каля берагоў Карэі да 9 м, у іншых раёнах да 3—4 м. У моры водзяцца селядзец, марскі лешч, траска, вугор, мідыі, вустрыцы.
Найбольшыя парты ў Кітаі — Цяньцзінь, Інкоу, Цындаа, Далянь, Люйшунь, у Карэі — Інчхон.
Назва дадзена ад колера вады, які выклікаюць наносы кітайскіх рэк і ў меншай ступені пыльныя буры. Увесну жоўтыя пыльныя буры бываюць настолькі моцныя, што судам даводзіцца спыняць рух.
Літаратура
- Жоўтае мора // БЭ ў 18 т. Т. 6. Мн., 1998.