Горад
Жлобін
± | ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Жло́бін[4] (трансліт.: Žlobin) — горад раённага падпарадкавання ў Жлобінскім раёне Гомельскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр раёна. Трэці па колькасці насельніцтва горад у вобласці (пасля Гомеля і Мазыра). Размешчаны на раўніне Гомельскае Палессе, за 93 км ад Гомеля, 215 км ад Мінска. Прыстань на Дняпры. Буйны чыгуначны вузел (кірункі на Мінск, Магілёў, Гомель, Калінкавічы); аўтадарогі на Бабруйск, Гомель, Рагачоў, Светлагорск. Насельніцтва 76 068 чал. (2017)[5].
Назва
Назва Жлобін балцкага паходжання — найімаверней гідранімічнага (адпаведная водная назва да сёння не захавалася). Назоўны адпаведнік на тэрыторыі цяперашняй Беларусі — возера Жлобін каля Баранавічаў (цяпер у складзе горада).
Гідранімічныя аналагі — літоўскае Globys (рака), прускае Globe (возера). Яны звязаныя з літоўскім globti «ахопліваць, ахінаць»[6]. Далей да індаеўрапейскага *gleb(h)- «сціскаць» (ад карацейшага *gel- «сціскаць; акруглы»)[7].
Назва Жлобін з таго ж семантычнага шэрагу, што і балцкія назвы рэк тыпу Горадзен (> Гараднічанка), Гамея (> Гамяюк), якія ўзыходзяць да каранёў *gher(d)- «ахопліваць; агароджваць», *gem- «хапаць, сціскаць». Такія назвы адлюстроўваюць канфігурацыйныя асаблівасці адпаведнай ракі ці возера[8].
Дастасаваная да возера, назва з коранем Glob- магла значыць «Круглае (возера)», а дастасаваная да ракі — «Звілістая, кружлівая (рака)». Тыпалагічна так жа сама паміж сабой дачыняюцца словы акружаць, круглы, кружляць.
У беларускай антрапаніміі вядомыя прозвішчы Глоба, Глобус, Жлоба, Жлобіч[9], якія могуць быць варыянтамі кораня *glob-. З прозвішчам Жлоба звязваў назву Жлобіна географ В. Жучкевіч[10].
Гісторыя
Старажытнасць
Вынікі археалагічных даследаванняў паказваюць, што першыя пасяленні людзей на тэрыторыі сучаснага горада ўзніклі ў першабытнаабшчынны час, задоўга да заснавання Жлобіна. На ўзбярэжжы Дняпра ў межах горада знойдзены рэшткі паселішча перыяду бронзавага веку (II — пачатак I тысячагоддзя да н.э.). На тэрыторыі гарадскога парку культуры і адпачынку «Прыдняпроўскі» выяўлены следы пасялення перыяду жалезнага веку[11], якое існавала ў канцы I тысячагоддзя да н. э. — пачатку I тыс. н.э.[12].
У Рэчы Паспалітай
Падчас вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў казацкі гетман Іван Залатарэнка, які ваяваў на баку Маскоўскай дзяржавы, у сваім лісце ад 15 ліпеня 1654 года паведаміў, што яго войскі спалілі «замак Злобін» (разам з замкамі Рэчыца, Стрэшын, Рагачоў і Горваль). Больш позніх звестак пра гэты замак не маецца[13].
Паводле археалагічных даных, Жлобінскі замак існаваў у XV—XVII стагоддзях ля ўпадання ручая Чорначка ў раку Дняпро, побач з сучасным гарадскім паркам «Прыдняпроўскі». Абарончыя ўмацаванні складаліся з 2-х частак: замка і падзамка. Пляцоўка замка ўзвышаецца над нізінай на 3—4 м (цяпер тут знаходзіцца сучасны будынак — спартыўная школа). Пляцоўка падзамка, якая выцягнута з поўначы на поўдзень, узвышаецца над нізінай на 2 — 3 м (стадыён спартыўнай школы). Побач знаходзіцца і першапачатковае неўмацаванае сярэдневяковае селішча[14]. На ім размясціўся парк «Прыдняпроўскі»[15]. Пры археалагічных абследаваннях знойдзены матэрыял XIV—XVIII стагоддзяў[12].
У XV—XVI стагоддзях гэта мясцовасць знаходзілася ва ўладаннях Хадкевічаў, у Рэчыцкім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага (якое 1 ліпеня 1569 года аб’ядналася з Польскім Каралеўствам у Рэч Паспалітую).
У публікацыях сустракаецца меркаванне аб тым, што першая пісьмовая згадка аб Жлобіне пад назвай Хлепень адносіцца да 1492 года, але гэта памылка[16]. Імаверна, яна ўзнікла ў выніку таго, што з беларускім горадам Рагачоў (паблізу Жлобіна) блыталі сяло, якое ў XV стагоддзі знаходзілася на сумежжы Вялікага Княства Літоўскага і Маскоўскай дзяржавы — Рагачова (у сучасным Дмітраўскім раёне Маскоўскай вобласці), а непадалёк ад яго ёсць в. Хляпень (Сычоўскі раён Смаленскай вобласці)[17]. Дакументаў пра тое, што ў Жлобіна была назва Хлепень, няма.
З 1509 года ў складзе Рагачоўскай воласці, ва ўладанні каралевы Боны Сфорцы, з 1556 года ў складзе скарбовага Рагачоўскага маёнтка. З 1563 года ва ўладанні полацкага шляхціца[18].
У 1790 годзе кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі выдаў прывілей на штотыднёвыя таргі і 4 гадавыя кірмашы ў Жлобіне, які тады належаў І. Халецкаму. Былі прыстань і паромная пераправа, вялося будаўніцтва рачных суднаў. З 1792 года дзейнічала Крыжаўздвіжанская царква.
У Расійскай імперыі
З 1793 года, пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай, Жлобін у Расійскай імперыі, мястэчка Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. Падчас вайны паміж Францыяй і Расіяй 1812 года французскія войскі 20 ліпеня 1812 года занялі Жлобін, але ў хуткім часе адступілі. Паводле рэвізіі 1816 года ў Жлобіне 189 двароў.
З 1818 года Жлобін стаў мястэчкам. Паводле інвентару 1847 года меў 965 жыхароў. У 1860 годзе меліся царква, паштовая станцыя (24 камплекты коней), прыстань і пераправа. У 1863 годзе замест састарэлага ўзведзены новы будынак царквы, дзейнічалі народнае вучылішча (у 1864 годзе 15 вучняў, у 1889 годзе 92 вучні), хлебазапасны магазін. З 1876 года працаваў дрожджавы завод, з 1868 года — крупарушка. Праз мястэчка праходзіла дарога з Магілёва на поўдзень Беларусі.
16 лістапада 1873 года была адкрыта чыгунка Асіповічы — Гомель і чыгуначная станцыя Жлобін 2-га класа. За 1 км на захад ад мястэчка было збудавана паравознае дэпо, вагонныя майстэрні, памяшканні для пасажыраў. Пазней быў узведзены аднапавярховы драўляны вакзал.
13 мая 1880 года ў пажары згарэла 159 дамоў, царква, усе 5 яўрэйскіх малітоўных дамоў, народнае вучылішча, хлебазапасны магазін, 65 лавак і складоў з таварамі. Адбудоўвалася мястэчка паводле новага плана. У 1880 годзе 164 двары, 430 жыхароў, 6 лавак, цукровы завод. 16 мая 1889 года ў пажары згарэла 89 дамоў з надворнымі пабудовамі.
Паводле перапісу 1897 года ў в. Карпілаўка, якая пазней увайшла ў склад Жлобіна — 301 двор, 1307 жыхароў, капліца, яўрэйскі малітоўны дом, хлебазапасны магазін, чыгуначнае вучылішча, 8 крупарушак, 4 пастаялыя двары, 2 карчмы. Паблізу размяшчаўся казённы завод для прэсавання сена, якое накіроўвалася ў ваенныя акругі.
24 снежня 1902 года адкрыта чыгунка Віцебск — Жлобін, 2 лістапада 1915 года — чыгунка Жлобін — Калінкавічы. Пашыраўся гандаль, асабліва хлебам, лёнам, пянькой. Працавалі 2 вінакурні. З 22 снежня 1905 года да 2 студзеня 1906 года адбывалася забастоўка чыгуначнікаў. З 1908 года дзейнічала пазыкова-ашчадная каса. Мелася паштовае аддзяленне.
У 1909 годзе ў Жлобіне, які адносіўся да Лукаўскай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні, налічвалася 486 гаспадарак, 4270 жыхароў, 613 драўляных і 4 мураваныя будынкі. 27 красавіка 1910 года жыхары на беразе Дняпра сустракалі мошчы прападобнай Ефрасінні, якія на параходзе «Галавачоў» перавозіліся з Кіева ў Полацк. У 1911 годзе адкрыта прыватная гімназія з бібліятэкай пры ёй, у 1913 годзе — крэдытнае таварыства. У 1915 годзе на чыгуначнай станцыі адбылося хваляванне салдат, меліся сутыкненні з паліцыяй.
- Мястэчка Жлобін, агульны выгляд. 1915 г.
- Галоўная вуліца. Да 1914 г.
- Тэатр. Да 1918 г.
- Мост праз Дняпро. Да 1914 г.
- Набярэжная. Да 1914 г.
- Жлобін. Да 1918 г.
Найноўшы час
У час рэвалюцыйных падзей 1917 года Часовы ўрад Расіі вырашыў выкарыстаць для барацьбы з рэвалюцыйнымі выступленнямі рабочых польскія часці Ю. Доўбар-Мусніцкага. Корпус польскіх легіянераў знаходзіўся ў раёне Жлобіна. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Ю. Доўбар-Мусніцкі заявіў аб сваім нейтралітэце ў адносінах да савецкай улады, аднак у 12 студзеня 1918 года ён аб’явіў вайну Савецкай Расіі. Каля станцыі Жлобін упарты бой, аж да рукапашных стычак, працягваўся 6, а гарматны агонь — 30 гадзін; атрымаўшы перамогу ў гэтым баі, чырвонаармейскія атрады ўвайшлі ў Жлобін.
З 2 сакавіка да лістапада 1918 года акупаваны нямецкімі войскамі. 25 сакавіка 1918 года абвешчана аб прыналежнасці тэрыторыі да Беларускай Народнай Рэспублікі. 24 лістапада 1918 года ўладу ўзялі бальшавікі. З 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі Жлобін увайшоў у склад Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня ЦК РКП(б) пастанавіў уключыць яго ў састаў Расійскай Савецкай Федэратыўнай Сацыялістычнай Рэспублікі. У 1919 годзе Жлобін становіцца цэнтрам воласці. Да восені 1920 года пабудавана электрастанцыя магутнасцю 35 конскіх сіл. 9 мая 1923 года створана Жлобінская воласць.
У сакавіку 1924 года Рагачоўскі павет, у т. л. Жлобін, вернуты Беларускай ССР. З 17 ліпеня 1924 года Жлобін — адміністрацыйны цэнтр Жлобінскага раёна (да 26 ліпеня 1930 года ў Бабруйскай акрузе). У 1924 годзе на паўночнай ускраіне мястэчка заснавана метэастанцыя, працавала ветэрынарная лячэбніца. З 3 ліпеня 1925 года — горад.
У 1930 годзе арганізаваны калгас «Чырвоны Жлобін». У 1927—1929 гадах пабудавана чыгуначная сярэдняя школа, у 1933 годзе — будынак сярэдняй школы № 2 (цяпер № 5). У 1934 годзе працавалі шпаларэзны завод, электрастанцыя, рамонтна-вагонны ўчастак, машынна-трактарная станцыя (з 1932 года) і майстэрня, дрэваапрацоўчы камбінат (145 рабочых), нафтавы млын і крупарушка, цагельня (56 рабочых), металаапрацоўчая, камвольная, кравецкая, абутковая майстэрні, мэблевая фабрыка, маслазавод, друкарня, кузня. З 5 чэрвеня 1931 года выдавалася раённая газета, а затым чыгуначная шматтыражная газета «Ударнік». У 1937 годзе ўзведзены будынак для яшчэ адной сярэдняй школы, у 1940 годзе — новы будынак для чыгуначнай школы. У 1938—1939 гадах на станцыі Жлобін-Паўночны пабудаваны новы будынак дэпо.
З 20 лютага 1938 года Жлобінскі раён — у Гомельскай вобласці. З 27 лістапада 1938 года Жлобін — горад раённага падпарадкавання.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны 4 ліпеня 1941 года нямецкія войскі захапілі Жлобін. Савецкія войскі 6 ліпеня 1941 года ўзялі горад, але пад націскам намнога большых сіл праціўніка адступілі за Дняпро; 13 ліпеня зноў занялі Жлобін, 14 жніўня 1941 года пад пагрозай акружэння пакінулі горад, які быў акупаваны да чэрвеня 1944 года. Дзейнічала антыфашысцкае падполле. Акупанты загубілі 2500 жыхароў Жлобіна, Стрэшына і іншых населеных пунктаў (пахаваны ў магіле ахвяр фашызму за 9 км на поўдзень ад горада). У лютым 1944 года савецкія войскі выйшлі на левы бераг Дняпра насупраць Жлобіна, але да 6 чэрвеня 1944 года горад не быў вызвалены.
У 1963 годзе да Жлобіна далучаны пасёлак пеньказавода. Раней былі далучаны пасёлкі Ветка-Вір, Жлобін-Падольскі, Рабочы. З 17 сакавіка 1963 года — горад абласнога падпарадкавання. 30 снежня 1978 года пабудаваны завод штучнага футра, у канцы 1984 года — Беларускі металургічны завод.
У 1995 годзе ўзведзены новы мураваны будынак Свята-Троіцкай царквы[18].
Насельніцтва
- XIX стагоддзе: 1847 год — 965 чал.; 1880 год — 430 чал.; 1897 год — 1 307 чал. (перапіс)(2100 чал.[19])
- XX стагоддзе: 1909 год — 4 270 чал.; 1939 год — 19,3 тыс. чал.[19]; 1959 год — 19,2 тыс. чал.[19]; 1970 год — 25 тыс. чал. (25,4 тыс. чал.[19]); 1995 год — 67,6 тыс. чал.[19]
- XXI стагоддзе: 2013 год — 75 335 чал.; 2016 год — 75 956 чал.[20]; 2017 год — 76 068 чал.[5]
Эканоміка
Прадпрыемствы лёгкай, металургічнай (Беларускі металургічны завод), харчовай, будматэрыялаў прамысловасці, фабрыка інкрустацыі.
Гасцініцы «Славянская», «Юбілейная».
Культура
Спорт
- Лядовы палац «Металург»
- Хакейны клуб «Металург»
- Футбольны клуб «Жлобін»
Славутасці
- Храм Свяціцеля Васіля Вялікага
- Жлобінскі заапарк
Вядомыя асобы
Дзеячы навукі, культуры, царквы
- Вульф Іосіфавіч Агранаў (1918—1995) — мастак-пастаноўшчык тэатра і кіно, заслужаны дзеяч мастацтваў Украінскай ССР.
- Сямён Міхайлавіч Бытавой (1909—1985) — савецкі паэт.
- Аляксей Іванавіч Восіпаў — доктар філасофскіх навук, прафесар.
- Георгій (Данілаў) — мітрапаліт Ніжагародскай і Арзамаскай епархіі, кіраўнік Ніжагародскай мітраполіі Рускай праваслаўнай царквы (з 2003).
- Гірш Ізраілевіч Добін (1905—2001) — яўрэйскі пісьменнік.
- Усевалад Мікалаевіч Сцебурака — беларускі паэт, празаік
- Неаніла Арцёмаўна Крынічная — доктар філалагічных навук, заслужаны дзеяч навукі Расійскай Федэрацыі.
- Арыэль Шламо-Залман — пісьменнік і рэдактар ізраільскіх энцыклапедый.
- Леў Мікалаевіч Тамкоў (1937—1997) — беларускі архітэктар.
- Мікалай Абрамавіч Шэхтман (нар. 1936) — расійскі вучоны ў галіне лексікалогіі і семантыкі.
- Юрый Яфімавіч Мамлін (нар. 1947) — беларускі архітэктар.
Ваенныя
- Макар Уласавіч Барташоў (1909—1948) — Герой Савецкага Саюза, камандзір авіяцыйнай дывізіі, удзельнік савецка-японскай вайны.
- Міхаіл Сямёнавіч Быкаў (1922—1991) — Герой Савецкага Саюза, камандзір авіяцыйнай эскадрыллі, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.
- Юзаф Дамброўскі (1897—1920) — ваеннаслужачы расійскіх, затым — польскіх узброеных сіл (сяржант-пілот), удзельнік І-ай сусветнай вайны; узнагароджаны пасмяротна Ордэнам воінскай доблесці (вышэйшая ваенная ўзнагарода Польшчы).
- Зіновій Якаўлевіч Дворкін (1907—1983) — начальнік ваенна-будаўнічага ўпраўлення Ленінградскага фронту Вялікай Айчыннай вайны, генерал-лейтэнант інжынерна-тэхнічнай службы.
Спартсмены
- Аніс Віктаравіч Ананенка (нар. 1985) — шматразовы чэмпіён Беларусі ў бегу на сярэднія дыстанцыі, майстар спорту міжнароднага класу Рэспублікі Беларусь.
- Ігар Андрэевіч Кузьмянок (нар. 1990) — беларускі футбаліст.
- Уладзімір Мікалаевіч Лавецкі — срэбны прызёр XX летніх Алімпійскіх гульняў (1972, Мюнхен, Германія) у эстафеце 4×100 м.
- Сяргей Сяргеевіч Мацвейчык (нар. 1988) — беларускі футбаліст.
- Васіль Васільевіч Рудзянкоў (1931—1982) — чэмпіён і рэкардсмен XVII летніх Алімпійскіх гульняў (1960, Рым) у кіданні молата.
Іншыя вядомыя асобы
- Юрый Леанідавіч Астапчанка (нар. 1945) — беларускі палітык.
- Рыгор Арцёмавіч Васільеў (1885—1976) — удзельнік рэвалюцыйнага руху.
- Юрый Сцяпанавіч Піткевіч — старшыня ўрада Удмурцкай Рэспублікі Прыволжскай федэральнай акругі (Расійская Федэрацыя; 2000—2014).
- Таццяна Сцяпанаўна Філімончык (нар. 1949) — беларускі палітык.
Цікавыя факты
У 1955 годзе ў Жлобіне здымаўся мастацкі фільм «Зялёныя агні» (рэжысёры С. І. Сплашноў, І. А. Шульман, кінастудыя «Беларусьфільм»). Дзеянне адбываецца на адным з чыгуначных вузлоў Беларусі. Малады машыніст грузавога цягніка Сяргей Чобур на сваю рызыку здзяйсняе першы рэйс з перавышэннем вагавых нормаў. У шляху выяўляецца няспраўнасць машыны. Заняўшыся на хаду рамонтам, брыгада дапускае парушэнне правілаў эксплуатацыі, і Чобура здымаюць з працы. Вопыт Чобура ўдаецца паспяхова паўтарыць, і Сяргея вяртаюць на паравоз. Гэтаму больш за ўсё рады дзве дзяўчыны-чыгуначніцы — інжынер Людміла і дыспетчар Аксана… У масавых сцэнах удзельнічалі многія жыхары Жлобіна, у фільме ёсць прыгожыя здымкі чыгуначнай тэхнікі таго часу[22].
Гл. таксама
Заўвагі
- ↑ О некоторых вопросах административно-территориального устройства Гомельской области
- ↑ GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
- ↑ Численность населения на 1 января 2024 г. и среднегодовая численность населения за 2023 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Белстат, 2024.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
- 1 2 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 118.
- ↑ J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 357, 359—360.
- ↑ A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 118.
- ↑ М. В. Бірыла. Беларуская антрапанімія. Мінск, 1969. С. 111, 146.
- ↑ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Минск, 1974. С. 124.
- ↑ Цісецкая, К. Гліняны посуд жалезнага веку // Новы дзень. Жлобінская раённая газета. 2013, 23 красавіка.
- 1 2 Маслюкоў, Т. В. Археалагічныя абследаванні ў Жлобіне // Археологические исследования в еврорегионе «Днепр» в 2012 году: междунар. сб. науч. ст. / междунар. редкол. : О. М. Демиденко (отв. ред.), Н. Н. Кривальцевич (зам. отв. ред.), О. М. Макушников (науч. ред.), Ю. В. Панков (отв. секр.) [и др.] ; Гом. обл. исполн. ком., Ин-т истории НАН Б, Гом. гос. ун-т им. Ф. Скорины [и др.]. — Гомель: ГГУ им. Ф. Скорины, 2013. — С. 63—66. ISBN 978-985-439-791-7.
- ↑ Ткачоў, М. А. Замкі і людзі. Мн., 1991, с. 152—153.
- ↑ Ткачов, М. А. Изучение средневековых памятников Белоруссии // Археологические открытия 1983 года. М., 1985, с. 407—408. (руск.)
- ↑ Бабин, В. Археологи изучают старый Жлобин // Нюанс-плюс. Еженедельная информационно-рекламная газета. 2013. № 27. С. 2. (руск.)
- ↑ Ткачоў, М. А. Замкі і людзі. Мн., 1991, с. 178 (гл. спасылку 164).
- ↑ Спорные вопросы истории Жлобина (историко-краеведческий очерк). (руск.)
- 1 2 Гарады і вёскі Беларусі. Гомельская вобласць. Мн., 2004.
- 1 2 3 4 5 Беларусь 1995.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ https://catholic.by/3/news/belarus/2614-u-kastsjole-my-sustrakaemsya-z-tym-khto-josts-lyubouyu-u-zhlobine-asvechany-novy-kastsjol-abnoulena
- ↑ Информация о фильме «Зелёные огни» // Кино-Театр.ru. (руск.)
Літаратура
- Жлобин // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9 (руск.)
- Кірычэнка, П. Жлобін // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — С. 369. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
- Жлобін // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 306—307. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Жлобін
- Жлобін на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»
- Геаграфічныя звесткі па тэме Жлобін на OpenStreetMap