Жаўрук палявы | |||||||||||||||||||||||||||||||||
![]() | |||||||||||||||||||||||||||||||||
Навуковая класіфікацыя | |||||||||||||||||||||||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
прамежныя рангі
| |||||||||||||||||||||||||||||||||
Міжнародная навуковая назва | |||||||||||||||||||||||||||||||||
Alauda arvensis Linnaeus, 1758 | |||||||||||||||||||||||||||||||||
Ахоўны статус | |||||||||||||||||||||||||||||||||
|
Палявы жаваранак, жаўрук палявы (Alauda arvensis) — пеўчая птушка сямейства жаваранкавых.
Апісанне
Даўжыня цела 17—19 см, размах крылаў 30—36 см, маса 28—45 г. Апярэнне спіны шаравата- ці буравата-вохрыстае з прадаўгаватымі бураватымі плямкамі, бруха вохрыста-белаватае. Валлё вохрыстае з бурымі палосамі. Падоўжаны хвост цёмна-буры з белымі крайнімі рулявымі. Пёры цемя крыху падоўжаныя, чуб на галаве невыразны. Самкі драбнейшыя за самцоў, бруха іх святлейшае з цёмнымі плямамі і малюнкам.
Спявае самец у паветры, вельмі рэдка (прыцемкам) на зямлі. Доўгая песня складзеная з меладычных трэляў і свістаў.
Пашырэнне
Арэал: Еўропа (акрамя Ісландыі, Скандынаўскіх гор і крайняй поўначы), Цэнтральная і Усходняя Азія (на поўдні да Ірана і паўночнай часткі Кітая), Малая Азія, Паўночна-Заходняя Афрыка. На Беларусі адзін з найбольш шматлікіх на гнездаванні, пералётны і транзітна мігрыруючы від. Інтрадуцыраваны ў Канадзе (востраў Ванкувер), Новай Зеландыі, Тасманіі, Аўстраліі і на Гаваях.
Насяляе адкрытыя травяністыя тэрыторыі, стэпы, лесастэпы, тундру, сельгаспасевы, пашы і сухія лугі; аддае перавагу пагоркам (таксама з маладымі лесапасадкамі), выбірае перасушаныя тэрыторыі; сустракаецца таксама на горных лугах. У Арменіі даходзіць да 2700 м над у.м., у Карпатах (Букавіна) — да 2000 м.
Паўночныя і ўсходнія папуляцыі пералётныя, паўднёвыя — аселыя або качуюць. Месцы зімовак часткова ў межах гнездавога арэала, Паўднёвая, Заходняя і Цэнтральная Еўропа, Паўднёвая Афрыка і Паўднёвая Азія.
Асаблівасці біялогіі
Гняздо ладзіць на зямлі сярод не вельмі высокай і шчыльнай расліннасці, звычайна добра схаванае. Знешняя частка з крыху падвялых кавалкаў лістоў і сцёблаў травы, якія пераплецены карэньчыкамі, высцілка — з сухой травы з прымессю валосся.

Яйкі (3-5, часам да 7) крыху падоўжаныя з вострым вузейшым канцом. Белавата-зеленаватыя, белавата-шэрыя або карычнева-белыя з дробнымі і вельмі густымі шэра-карычневымі ці аліўкава-карычневымі плямкамі.
Падвіды
- A. a. arvensis — ад Заходняй Еўропы праз цэнтральную і паўночную часткі на ўсход да Урала;
- A. a. scotica — Ірландыя, Шатландыя, Фарэрскія астравы;
- A. a. guillelmi — поўнач Партугаліі і паўночны захад Іспаніі;
- A. a. sierre — цэнтральная і паўднёвая часткі Партугаліі, поўдзень Іспаніі;
- A. a. cantarella — Паўднёвая Еўропа (ад усходняй Іспаніі да Чырвонага мора, Іран, Паўночная і Усходняя Афрыка;
- A. a. armenicus — Каўказ, паўночны захад Туркменіі і Ірана. Акрамя гэтых вылучаюць яшчэ 4 падвіды.
Літаратура
- Шкляроў Л. Жаваранак палявы // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 2. Гатня — Катынь / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — 522 с. — 10 000 экз.
- Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік / пад рэд. М. Нікіфарава — Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000. — 540 с.: іл. ISBN 83-01-13187-X
Спасылкі
- Жаўрук палявы(недаступная спасылка) «Ахова птушак Бацькаўшчыны»