Жакардавая тканіна — буйнаўзорыстая тканіна, складанага ці простага перапляцення, рапорт якога па аснове змяшчае больш за 24 рознапераплятальных нітак[1].
Гісторыя
Назва тканіны паходзіць ад імя вынаходніка Жазефа Мары Жакара, які ў 1804 годзе сканструяваў жакардавы ткацкі станок, дзякуючы чаму стала магчыма вырабляць жакардавыя тканіны ў прамысловых маштабах.
Уласцівасці
Пража і ніткі для выпрацоўкі жакардавых тканін могуць складацца як з натуральных (баваўнянае, ільняное, ваўняное, шаўковае), так і з хімічных тэкстыльных валокнаў (поліэфірнае). Таксама па валакністым саставе пража можа быць змяшанай (утрымліваць у сваім саставе сумесь розных валокнаў), а ніткі камбінаванымі, гэта значыць складацца з нітак рознага валакністага саставу.
Жакардавыя тканіны трывалыя і даўгавечныя, слаба расцягваюцца і выціраюцца, добра захоўваюць афарбоўку, слаба схільныя да ўплыву перападаў тэмператур. Жакард — адна з дарагіх тканін, паколькі яе вытворчасць працазатратная.
Своеасаблівы рэльефны малюнак, які атрымліваецца ў выніку складанага перапляцення на шчыльнай тканіне, нагадвае габелен. Чым больш тоўстыя ніткі прымяняюцца ў перапляценні, тым больш трывалая тканіна атрымліваецца.
Правілы догляду тканін з жакардавым перапляценнем звычайныя. Мыццё пажаданае з ужываннем нейтральных мыйных сродкаў і пры невысокіх тэмпературах (+30 °C). Вельмі непажадана адбельваць і адціскаць, а таксама сушыць пад прамымі сонечнымі прамянямі. Прасаваць лепш са сподняга боку.
Выраб
Пры вырабе гэтага віду тканіны выкарыстоўваюць два спосабы афарбоўвання. Першы спосаб: ніткі афарбоўваюцца папярэдне, загадзя. Такі спосаб робіць тканіну асабліва трывалай. Другі: на гатовую тканіну наносіцца друкаваны малюнак і потым адмысловымі фарбавальнікамі, часам з ужываннем адмысловых насычэнняў, афарбоўваецца непасрэдна тканіна з малюнкам. Другі метад выкарыстоўваюць пры вырабе жакардавай тканіны са смесавых тканін (напрыклад, калі спалучаюць бавоўну і поліэстэр).
Выкарыстанне
Жакардавая тканіна шырока выкарыстоўваецца для пашыву сталовай і пасцельнай бялізны, штор, адзення, чахлоў для матрацаў і аўтамабільных сядзенняў, для абіўкі мяккай мэблі, пры вырабе слінгаў, гальштукаў, стужак і тасьмы.
Віды
- Стрэтч-жакард — сучасная высокаэластычная тканіна з «дыхальным» эфектам.
- Баваўняны жакард
Зноскі
- ↑ Мартынова А. А., Ятченко О. Ф., Васильев А. В. Технология изготовления тканей. — 1-е изд. Учебник для НПО. — М.: Академия, 2007. — ISBN 978-5-7695-2967-2.
Літаратура
- Андреева Р. П. Жаккард, жаккардовая ткань, жаккардовое переплетение // Энциклопедия моды. — СПб.: Издательство «Литера», 1997. — С. 164. — ISBN 5-86617-030-2.
- Жаккардовые ткани // Товарный словарь / И. А. Пугачёв (главный редактор). — М.: Государственное издательство торговой литературы, 1957. — Т. II. — Стб. 780—790. — 567 с.