Гісторыя еўрапейскага мастацтва ахоплівае гісторыю выяўленчага мастацтва ў Еўропе. Еўрапейскае дагістарычнае мастацтва пачалося з мастацтва размалёўвання пячор і рухомых камянёў і было характэрным для перыяду паміж Палеалітам і Жалезным векам.
Апісанні гісторыі еўрапейскага мастацтва часта пачынаюцца са Старажытнага Блізкага Усходу і старажытных эгейскіх цывілізацый, з 3 тысячагоддзя да н. э. Паралельна з гэтымі значнымі культурамі, мастацтва ў той ці іншай форме існавала ва ўсёй Еўропе, дзе жылі людзі, пакідаючы такія сляды, як разьба, арнаментаваныя артэфакты і вялікія стаячыя камяні. Аднак пастаянная тэндэнцыя мастацкага развіцця ў Еўропе становіцца бачнай толькі з мастацтвам Старажытнай Грэцыі, прынятага і трансфармаванага Рымам і разнесенага па ўсёй імперыі. якая уключала значную частку Еўропы.
Уплыў мастацтва Класічнай эпохі рос і памяншаўся наступныя 2000 гадоў, амаль непрыкметны ў часы сярэднявечча, павялічыўшыся ў эпоху Адраджэння, будучы «занядбаным» (на думку некаторых ранніх гісторыкаў мастацтва) у эпоху барока, каб зноў з'явіцца ў вытанчанай форме ў неакласіцызме і адрадзіцца ў постмадэрнізме.
Да 19-га стагоддзя хрысціянская царква аказвала значны ўплыў на еўрапейскае мастацтва, з'яўляючыся асноўным заказчыкам архітэктуры, скульптуры і палотнаў. У той жа перыяд аднавілася цікавасць да герояў і гераінь, апавяданняў пра міфалагічных багоў і багінь, вялікія войны і дзіўныя істоты, не звязаныя з рэлігіяй.
Секулярызм меў уплыў на еўрапейскае мастацтва яшчэ з класічнай эпохі, а ў апошнія 200 гадоў пераважная частка мастацтва стваралася без спасылкі на рэлігію і часта наогул без якой-небудзь ідэалогіі. З іншага боку, на еўрапейскае мастацтва часта ўплывалі тыя ці іншыя палітычныя погляды дзяржавы, апекуна або самога мастака.
Еўрапейскае мастацтва падзяляецца на шэраг стылістычных перыядаў, якія гістарычна перакрыжоўваюцца адзін з адным, паколькі розныя стылі развіваліся ў розных месцах. Калі шырока вызначыць, то перыяды былі такімі: класічная эпоха, візантыйскае, сярэднявечнае мастацтва, готыка, Адраджэнне, барока, ракако, неакласіцызм, мадэрн і постмадэрнізм.
Першабытнае (дагістарычнае) мастацтва
Еўрапейскае дагістарычнае мастацтва з'яўляецца важнай часткай еўрапейскай культурнай спадчыны. Гісторыя першабытнага мастацтва, як правіла, дзеліцца на чатыры асноўных перыяды: Каменны век, Неаліт, Бронзавы век і Жалезны век. Большасць артэфактаў. якія захаваліся з гэтых перыядаў — гэта малыя скульптуры і малюнкі ў пячорах.
Значная частка дагістарычнага мастацтва, якое захавалася да нашага часу, — гэта маленькія пераносныя скульптуры (статуэткі): невялікая група палеалітычных Венер, напрыклад Венера Вілендорфская (24 000-22 000 да н. э.), якія былі знойдзены ў цэнтральнай Еўропе; 30-см чалавекалеў з Холенштайна (30 000 да н. э.), што амаль не мае падобных на яго артэфактаў. Алені, якія плывуць (11 000 да н. э.) — адзін з лепшых асобнікаў мадленскай разьбы па косці або рогу жывёл у мастацтве Верхняга палеаліту, хоць іх колькасць значна меншая за гравіраваныя прадметы, якія часам таксама адносяць да скульптуры. З пачаткам мезаліту ў Еўропе фігуратыўная скульптура значна зменшылася ў колькасці і засталася больш рэдкім элементам мастацтва, чым рэльефные ўпрыгожванні выкарыстоўваных прадметаў аж да рымскіх часоў, нягледзячы на некаторыя творы як Гундэструпскі кацёл Жалезнага веку і Сонечны вазок Бронзавай эпохі.
Найстаражытнае пячорнае мастацтва Еўропы датуецца 40 800 гадоў таму і знаходзіцца ў пячоры Эль-Кастыльё ў Іспаніі. Іншыя выявы можна знайсці ў пячорах Ласко, Альтаміра, Кусак, Пеш Мерль, Ніо, Шавэ, Фон-дэ-Гом, Крэсвел-Крэгс, Калібаая (Румынія - лічацца найстарэйшымі пячорнымі малюнкамі ў цэнтральнай Еўропе) і Магура, Белаградчык, Балгарыя. Малюнкі рабіліся не толькі ў пячорах. а і на сценах скал, аднак такіх з-за эрозіі засталося значна менш. Адным з найбольш вядомых прыкладаў з'яўляюцца наскальныя малюнкі Астувансальмі ў Сайма, Фінляндыя.
Калі Марселіна Санз дэ Саўтуола ўпершыню знайшоў мадленскія малюнкі ў пячоры Альтаміра ў 1879 годзе, навукоўцы таго часу лічылі іх падробкамі. Больш познія ацэнкі і шматлікія дадатковыя знаходкі даўно ўжо пацвердзілі іх сапраўднасць, адначасова стымулюючы цікавасць да мастацтва людзей Верхняга палеаліту. Пячорныя малюнкі, выкананыя толькі вельмі прымітыўнымі прыладамі, таксама даюць каштоўную магчымасць даведацца пра культуру і вераванні той эпохі.
Наскальныя малюнкі Міжземнаморскага ўзбярэжжа Іспаніі зроблены зусім у іншым стыли, бо ў іх фігура чалавека з'яўляецца галоўнай. Малюнкі часта ўтрымліваюць вялікія групы людзей, бітвы, танцы або паляванне, іншыя заняткі, дэталі, напрыклад адзенне. Фігуры, як правіла, нанесеныя даволі схематычна, тонкімі лініямі, больш увагі надаецца адносінам паміж групамі людзей і жывёл, чым асобным постацям. Падобныя характарыстыкі ёсць і ў іншых, менш шматлікіх групах наскальнага мастацтва, хоць часта не маляванага, а гравіраванага. Лічыцца, што іберыйскія малюнкі ствараліся на працягу значнага прамежку часу — Верхняга палеаліту, Мезаліту і ранняга Неаліту.
Дагістарычнае кельцкае мастацтва ў значнай ступені паходзіць ад мастацтва еўрапейскага Жалезнага веку, а ўзоры, якія захаваліся, з'яўляюцца пераважна металічнымі вырабамі, упрыгожанымі складанымі, элегантнымі і пераважна абстрактнымі арнаментамі, часта з выгнутымі і спіральнымі фігурамі. На гэтых прадметах можна часам убачыць чалавечыя галовы і поўныя выявы жывёл, аднак поўныя выявы чалавека настолькі рэдкія, што гаворка можа ісці пра існаванне рэлігійнага табу. Пасля заваёвы рымлянамі кельцкіх тэрыторый, іх мастацтва амаль цалкам знікае, аднак абмежаванае выкарыстанне стылю працягвалася на Брытанскіх астравах, а з прыходам хрысціянства аднавілася ў астраўным мастацтве Ранняга Сярэднявечча.
Антычнае мастацтва
Мінойская цывілізацыя лічыцца самай старажытнай цывілізацыяй Еўропы[1]. Яна існавала на Крыце і складалася з чатырох умоўных перыядаў: дапалацавы, протапалацавы, неапалацавы і постпалацавы, у прамежку часу паміж 3650 годам да н. э. да 1100 г. да н. э. З дапалацавых часоў засталося мала прадметаў мастацтва, а большасць артэфактаў, якія захаваліся, — гэта кікладскія статуэткі і фрагменты ганчарных вырабаў. Неапалацавы перыяд быў самым багатым у гісторыі цывілізацыі, і з гэтага часу захавалася больш за ўсё артэфактаў. Аднак і з протапалацавага перыяду значная колькасць прадметаў захоўваецца ў крыцкіх музеях. Ганчарныя вырабы — найбольш папулярныя ў протапалацавым перыядзе (1900—1700 гг. да н. э.) — характарызаваліся тонкімі сценкамі, тонкімі, сіметрычнымі формамі, вытанчанымі носікамі і арнаментамі, дынамічнымі лініямі. Спантаннасць і цякучасць протапалацавага перыяду трансфармаваліся ў больш стылізаваную форму мастацтва з адыходам ад натуралізму ў неапалацавы перыяд.
З мінойскай скульптуры засталося не шмат. Найбольш вядомым прыкладам з’яўляецца «Багіня са змеямі», якая адлюстроўвае багіню або вярхоўную жрыцу, што трымае па змяі ў кожнай руцэ, апранутую ў традыцыйную мінойскую вопратку, якая закрывае цела, але пакідае грудзі аголенымі.
Старажытная Грэцыя нарадзіла і выхавала таленавітых мастакоў, скульптараў, архітэктараў, палітыкаў, ювеліраў, керамістаў, ткачоў. Парфенон з’яўляецца прыкладам старажытнагрэчаскай архітэктуры, высока шанаваным і сёння. Грэчаскую мармуровую скульптуру часта называюць вышэйшай формай класічнага мастацтва. Жывапіс па ганчарных вырабах і кераміцы захоўвае асабліва інфарматыўны погляд на жыццё грамадства Старажытнай Грэцыі. Чорнафігурны вазапіс і чырвонафігурны вазапіс паказвае, якім быў тагачасны грэчаскі жывапіс. Некаторыя вядомыя старажытнагрэчаскія мастакі па драўляных панэлях, якія згадваюцца ў тэкстах, — гэта Апелес, Зеўксіс, аднак ні аднаго ўзору такіх карцін не захавалася, толькі апісанні іх сучаснікаў і пазней рымлян. Зеўксіс лічыцца першым, хто выкарыстаў тэхніку сфумата. Паводле Плінія Старэйшага, рэалізм яго малюнкаў быў такім, што птушкі спрабавалі дзяўбці напісаны ім вінаград. Апелеса называлі лепшым мастаком антычнасці за яго тэхніку малявання, яркія колеры і мадэляванне.
- Заходні фасад Парфенона, Афінскі акропаль
- Мармуровая "Венера Мілоская", Луўр
- Так званая рыбная талерка, Берлін.
- Трагічная маска акцёра, бронза. Музей у Пірэі, Афіны.
- Храм Апалона ў Басах, рэшткі фрызу. Паядынак з кентаўрам, 420 г. да н.э., Брытанскі музей, Лондан
На старажытнарымскае мастацтва моцна ўплывала старажытнагрэчаскае, яго можна нават назваць нашчадкам старажытнагрэчаскіх жывапісу і скульптуры, аднак адчуваецца і моцны ўплыў больш мясцовага этрускага мастацтва. Старажытнарымская скульптура была пераважна выявамі вышэйшых класаў грамадства і багоў. Аднак старажытнарымскі жывапіс меў пэўныя ўнікальныя характарыстыкі. Сярод жывапісу, які захаваўся, ёсць фрэскі, многія з віл у Кампаніі (Паўднёвая Італія), асабліва ў пахаваных Везувіем гарадах Пампеі, Стабіі і Геркуланум. Гэты жывапіс можа быць падзелены на чатыры галоўныя «стылі» або перыяды і змяшчае верагодна першыя прыклады трамплею, псеўда-перспектывы і чыстага пейзажу.
Амаль адзіныя маляваныя партрэты антычнасці, якія дайшлі да нашага часу, — гэта значная колькасць пахавальных партрэтаў бюставага фармату, знойдзеных пры раскопках познеантычных могілак у Фаюме і навакольных гарадах. Яны сведчаць аб высокім майстэрстве мясцовых майстроў і надзвычайнай якасці антычных партрэтаў. Таксама захавалася маленькая колькасць мініяцюр з ілюмінаваных манускрыптаў Позняй Антычнасці, але існуе даволі вялікая колькасць копій з эпохі Ранняга Сярэднявечча. Раннехрысціянскае мастацтва зарадзілася са старажытнарымскага народнага, а пазней імперскага, мастацтва і сфармавала ўласную іканаграфію з гэтых крыніц.
- Фрэскі Вілы містэрый, Пампеі
- Капіталійская ваўчыца - узор этрускай бронзавай скульптуры
- Фаюмскі партрэт "Жанчына з каралямі", Музей гісторыі мастацтваў
- Бюст Актавіяна Аўгуста перыяду праўлення, цяпер Мюнхенская Гліптатэка
Сярэднявечча
Большасць сярэднявечнага мастацтва, якое да нас дайшло, мае рэлігійны фокус, паколькі часта аплачвалася царквой, уладнымі царкоўнымі асобамі, напрыклад, епіскапамі, супольнасцямі, напрыклад, манастырамі, або багатымі прыватнымі свецкімі заступнікамі. Шматлікія ўзоры мелі літургічнае прызначэнне напрыклад, працэсійныя крыжы і алтарныя карціны.
Адно з цэнтральных пытанняў у гісторыі сярэднявечнага мастацтва - недахоп рэалізму. Значная частка ведаў аб перспектыве ў мастацтве і разуменне чалавечай фігуры былі страчаны з падзеннем Рымскай імперыі. Верагодна рэалізм не быў галоўным для сярэднявечных мастакоў, яны ў першую чаргу спрабавалі перадаць рэлігійнае пасланне, якое патрабавала дакладных іканічна, а не дакладна выкананых малюнкаў.
Перыяд часу 6-15 стагоддзе н.э.
Візантыя
Візантыйскае мастацтва змешваецца з так званым мастацтвам ранняга хрысціянства да першага перыяду іканаборства (730-843), калі большасць мастацтва з выявай чалавечых фігур было знішчана; засталося так мала, што сёння любыя новыя адкрыцці дадаюць новага разумення. Пасля 843 і да 1453 года існавала выразная традыцыя візантыйскага мастацтва. Па якасці матэрыялу і працы часта лепш мастацтва Сярэднявечча. Цэнтрам стварэння мастацтва быў Канстанцінопаль. Найвышэйшым дасягненнем візантыйскага мастацтва былі манументальныя фрэскі і мазаікі ўнутры купальных цэркваў, большасць з якіх страчаныя з-за прыродных катастроф і пераўтварэння цэркваў у мячэці.
Ранняе Сярэднявечча
Мастацтва перыяду перасялення - гэта агульны тэрмін для абазначэння мастацтва "варварскіх" народаў, якія перасяліліся на тэрыторыі былой Рымскай імперыі ў Еўропе. Кельцкае мастацтва ў VII-VIII стагоддзях злілося з германскімі традыцыямі з прычыны кантакту з англасаксамі, стварыўшы гіберна-саксонскі стыль або астраўное мастацтва, якое было ўплывовым на працягу Сярэднявечча. Меравінгскае мастацтва - гэта мастацтва франкаў да каля 800 года, а яго пераемнік мастацтва Каралінгаў злучыла свой погляд на аднаўленне традыцый антычнасці з астраўным мастацтвам і развілося ў Атонскае мастацтва. Англасаксонскае мастацтва развілося на Брытанскіх астравах на змену астраўному. Амаль увесь жывапіс таго часу захаваўся толькі ў ілюмінаваных манускрыптах, аднак важнымі сродкамі выразы ў тую эпоху былі таксама архітэктура, праца па метале і маленькія па памеры рэзьбы па дрэве або слановай косці.
Раманскае мастацтва
Раманскае мастацтва тычыцца перыяду часу ад каля 1000 года да ўзнікнення готыкі ў XII стагоддзі. Гэта быў перыяд росту ўзроўню жыцця, і першы перыяд распаўсюджання агульнага стылю па значнай частцы Еўропы, ад Скандынавіі да Швейцарыі. Раманскае мастацтва было энергічным і прамым, ярка размаляваным і часта вельмі складаным. Важным мастацкім выразам сталі вітражы і эмаль па метале; з'явіліся вялікія асобныя скульптуры, хоць гарэльеф заставаўся асноўнай тэхнікай. У архітэктуры пераважалі тоўстыя сцены і закругленыя зверху вокны і аркі, з вялікай колькасцю разьбяных арнаментаў.
Готыка
Гатычнае мастацтва - гэта ўмоўны тэрмін, які залежыць ад віду мастацтва, месца і часу. Ужыванне тэрміна прымяняецца да гатычнай архітэктуры з 1140 года, а вось гатычны жывапіс паўстаў каля 1200 (дакладная дата з'яўляецца супярэчлівай), калі ён вылучыўся з раманскага стылю. Гатычная скульптура нарадзілася ў Францыі ў 1144 годзе з перабудовай галоўнай царквы Абацтва Сен-Дэні і распаўсюдзілася па ўсёй Еўропе. У 13-м стагоддзі готыка стала міжнародным стылем, замяніўшы раманскага мастацтва. Інтэрнацыянальная готыка - гэта гатычнае мастацтва ад каля 1360 да 1430 года, пасля чаго готыка зліваецца з мастацтвам Адраджэння, у розны час у розных месцах. На працягу перыяду готыкі зноў важным становіцца жывапіс, на фрэсках або дошках, а ў канцы перыяду ўзнікае новы спосаб выразы - графіка.
Адраджэнне
Адраджэнне характарызуецца фокусам на мастацтве антычнасці (Старажытных Грэцыі і Рыма), што прывяло да шматлікіх зменаў як у тэхнічных аспектах жывапісу і скульптуры, так і ў іх тэматыцы. Яно пачалося ў Італіі, тэрыторыі з багатай старажытнарымскай спадчынай, і таксама на заможных патронаў для мастакоў. У перыяд Адраджэння мастакі пачалі павялічваць рэалізм сваіх работ, выкарыстоўваючы новыя тэхнікі ў перспектыве, такім чынам лепш дэманструючы тры вымярэння. Мастакі таксама пачалі выкарыстоўваць новыя тэхнікі ў кіраванні святлом і цемрай, напрыклад кантраст тонаў ў многіх партрэтах рукі Тыцыяна і развіццё тэхнік сфумата і к'яраскура Леанарда да Вінчы. Скульптары таксама пачалі знаходзіць шмат старых тэхнік, напрыклад кантрапост. Вынікаючы з духу гуманізму таго часу, па тэматыцы мастацтва стала больш свецкім, дадаўшы да хрысціянскіх тэм адлюстраванне міфалогіі. Гэты жанр мастацтва часта называюць класіцызмам Адраджэння. На поўнач ад Альпаў найбольш важным вынаходствам Адраджэння было шырокае выкарыстанне алейных фарбаў, што дало магчымасць большай разнастайнасці колераў і іх яркасці.
Ад готыкі да Адраджэння
У канцы XIII - у пачатку XIV стагоддзя значная частка італьянскага жывапісу па стылі ўсё яшчэ была візантыйскай, асабліва Дуча з Сіены і Чымабуэ з Фларэнцыі, а вось П’етра Каваліні ў Рыме па стылі быў больш гатычным.
У 1290 годзе Джота пачаў маляваць у манеры, менш традыцыйнай і больш заснаванай на назіранне прыроды. Яго вядомы цыкл фрэсак у капэле Скравеньі, Падуя (каля 1305 года) Лічыцца пачаткам стылю Адраджэння.
Іншыя мастакі XIV стагоддзя працягвалі тварыць ў гатычным стылі, сярод іх значнымі можна назваць Сімонэ Марціні і Джэнціле да Фабрыяна.
У Нідэрландах пачатак выкарыстання ў жывапісе алейных фарбаў замест тэмперы прывяло да большай складанасці работ, якія залежаць не ад залатых лістоў і ціснення, а ад дэталёвага малюнка прыроднага свету. У гэты перыяд развілося мастацтва малявання тэкстур з максімальным рэалізмам. Такія галандскія мастакі як Ян ван Эйк і Хуга ван дэр Гус аказалі значны ўплыў на жывапіс Позняй Готыкі і Ранняга Адраджэння.
Ранняе Адраджэнне
Ідэі Адраджэння ўпершыню прыйшлі ў горад-дзяржаву Фларэнцыя ў Італіі. Скульптар Данатэла вярнуўся да класічных тэхнік, такіх як кантрапост, і класічных прадметаў, такіх як асобная аголеная скульптура, - яго другая скульптура Давыда была першай асобна пастаўленай бронзавай скульптурай аголенага чалавека, створанай у Еўропе з часоў Рымскай імперыі. Скульптар і архітэктар Філіпа Брунелескі для натхнення вывучаў архітэктурныя ідэі старажытнарымскіх будынкаў. Мазачыа палепшыў такія элементы жывапісу як кампазіцыя, індывідуальныя выказванні і чалавечая форма для малявання фрэсак, асабліва фрэсак у капэле Бранкачы, якія маюць на дзіва вялікую элегантнасць, драму і эмоцыю.
На дзіва вялікая колькасць значных мастакоў працавала над рознымі часткамі фларэнтыйскага сабора Санта-Марыя-дэль-Ф’ёрэ. Купал Брунелескі быў адным з першых сапраўды рэвалюцыйных вынаходак у архітэктуры з часоў гатычнага аркбутану. Данатэла стварыў шмат скульптур для сабора. Унёсак зрабілі таксама Джота і Ларэнца Гіберці.
Высокае Адраджэнне
Да мастакоў Высокага Адраджэння ставяцца такія фігуры, як Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла Буанароці і Рафаэль Санці.
Мастацкае развіццё ў Італіі XV стагоддзя (напрыклад, цікавасць да сістэм перспектывы, адлюстравання анатоміі, класічных скульптур) вырасла на працягу 16-га стагоддзя, з-за чаго XV стагоддзе называюць «Раннім Адраджэннем», а XVI - «Высокім Адраджэннем». Хоць ніякі асобны стыль не характарызуе Высокае Адраджэнне, перш за ўсё з гэтым перыядам асацыююцца Леанарда да Вінчы, Рафаэль, Мікеланджэла і Тыцыян, чые працы дэманструюць дзіўнае майстэрства, тэхніку і эстэтыку. Мастакі Высокага Адраджэння стварылі работы такога ўплыву, што пакаленні мастакоў у наступныя стагоддзі звярталіся да гэтых работ для навучання.
Паўночнае мастацтва перад і ў перыяд Адраджэння
Ранні нідэрландскі жывапіс распрацаваў (але не вынайшаў) тэхніку алейнага жывапісу, якая дазваляла большы кантроль у маляванні дробных дэталяў рэалістычнага выгляду — Ян ван Эйк (1366-1441) быў важным у пераходзе ад ілюмінаваных манускрыптаў станковага жывапісу.
Іеранім Босх (1450?-1516), галандскі мастак — іншая важная фігура ў Паўночным Адраджэнні. Яго карціны змяшчалі рэлігійныя сюжэты ў спалучэнні з гратэскнымі фантазіямі, яркімі вобразамі і народнымі легендамі.
Альбрэхт Дзюрэр прынёс стыль Італьянскага Адраджэння ў Германіі ў канцы 15-га стагоддзя і быў асноўнай фігурай мастацтва Нямецкага Адраджэння.
"'Перыяд часу':
- Італьянскі Рэнесанс: Канец XIV — пачатак XVI стагоддзя
- Паўночны Рэнесанс: XVI стагоддзе
Маньерызм, барока і ракако
У еўрапейскім мастацтве класіцызм Адраджэння спарадзіў два розных рухі — маньерызм і барока.
Маньерызм, рэакцыя супраць ідэальнага перфекцыянізму класіцызму, выкарыстоўваў скрыўленне святла і прасторавых рамак з мэтай падкрэслення эмацыйнага складніку карціны і эмоцый мастака. Працы Эль Грэка з'яўляюцца асабліва яркім прыкладам маньерызму ў маляванні канца XVI — пачатку XVII стагоддзя. Паўночны маньерызм развіваўся даўжэй і быў пераважным стылем у другой палове XVI стагоддзя.
Барока падняло выяўленчасць Адраджэння на новыя вышыні, падкрэсліваючы ў сваіх пошуках прыгажосці дэталі, руху, асвятлення і драматызм. Найбольш вядомымі мастакамі барока з'яўляюцца Караваджа, Рэмбрант, Пітэр Паўль Рубенс і Дыега Веласкес. З паўночных традыцый рэалізму ў XVII стагоддзі развілося зусім іншае мастацтва — залаты век галандскага жывапісу, дзе было вельмі мала рэлігійнага жывапісу і мала гістарычнага жывапісу, затое яно зрабіла важную ролю на развіццё свецкіх жанраў, такіх як нацюрморт, жанравы жывапіс паўсядзённым жыцці і пейзаж. Таму хоць барочная прырода творчасці Рэмбрандта не выклікае сумненняў, гэта стыль менш выкарыстоўваецца для апісання творчасці Яна Вермера і многіх іншых нідэрландскіх мастакоў. Жывапіс Фландрыі збольшага падзяляў гэты трэнд, аднак працягваў ствараць карціны і ў традыцыйнай тэматыцы.
Барока часта разглядаюць як частку Контррэфармацыі — мастацкі элемент адраджэння духоўнага жыцця ў рымска-каталіцкай царкве. Таксама, упор барочнага мастацтва на велічы і пышнасці лічыцца абсалютысцкім па прыродзе. У рамках барочнага кантэксту шырока даследаваліся рэлігійныя і палітычныя тэмы, і ў карцінах і скульптурах прысутнічалі моцныя элементы драмы, эмоцыі і тэатральнасці. Да вядомых барочных мастакоў належаць Караваджа і Рубенс[5]. Барочное мастацтва па прыродзе было асабліва багатае і складанае, яно часта выкарыстоўвала глыбокія, цёплыя колеры з цёмнымі паўтонамі. Помпа і пышнасць былі важнымі не толькі для мастацтва барока, але і для ўсяго стылю ў цэлым, што засведчваецца словамі Людовіка XIV: «Я ёсць увасобленая веліч»; шмат барочных мастакоў служылі каралям, якія спрабавалі рэалізаваць гэтую мэту. У многіх аспектах барочное мастацтва падобна на мастацтва Адраджэння; цікава, што тэрмін «барока» спачатку выкарыстоўваўся ў негатыўным сэнсе для абазначэння пострэнесанскага мастацтва і архітэктуры, пазбаўленых густу і залішне сентыментальных[5]. Мастацтва барока можна лічыць больш складанай і драматычнай рэ-адаптацыяй мастацтва позняга Адраджэння.
У пачатку XVIII стагоддзя барочнае мастацтва пачало выходзіць з моды, паколькі многія лічылі яго занадта суровым і меладраматычным, і яно развілося ў ракако, што паўстала ў Францыі. Мастацтва ракако было яшчэ больш складаным за мастацтва барока, але менш сур'ёзным і больш гуллівым[6]. Дзе барока выкарыстоўвала глыбокія, моцныя колеры, ракако выкарыстоўвала пастэльныя, крэмавыя. Мастакі больш не рабілі ўпор на тэме рэлігіі ці палітыкі, замест гэтага засяроджваючыся на больш лёгкіх тэмах, такіх як каханне і апяванне прыроды. Мастацтва ракако таксама кантраставала з барока ў тым, што часта адмаўлялася ад сіметрыі ў карысць больш асіметрычных формаў, а таксама шукала натхнення ў мастацкіх формах і арнаментах Далёкага Усходу. Гэта пацягнула рост папулярнасці парцалянавых фігурак і шынуазры ў цэлым[7]. Некаторы час на працягу XVIII стагоддзя ракако бурна развівалася, аднак даволі хутка выйшла з моды, паколькі многія лічылі яго пазбаўленым густу і легкадумным, што аддае перавагу эстэтыцы над зместам. У многіх аспектах неакласіцызм паўстаў як процівага ракако, галоўным з якіх была агіда да легкадумных якасцяў апошняга.
Перыяд часу:
Неакласіцызм, рамантызм, акадэмізм і рэалізм
Паўстаўшы як процівага ракако, неакласіцызм пагарджаў ракако за, як ён лічыў, павярхоўнасць і фрывольнасць, і жадаў вяртання да прастаты, парадку і 'пурызму' класічнай антычнасці, і асабліва Старажытнай Грэцыі і Рыма. На стыль таксама часткова паўплываў Рэнесанс, які сам знаходзіўся пад моцным уплывам антычнага мастацтва. Неакласіцызм быў мастацкім кампанентам інтэлектуальнага руху, вядомага як Асветніцтва; Асветніцтва было ідэалістычным і рабіла ўпор на аб’ектыўнасці, довадах і эмпірычнай праўдзе. Неакласіцызм шырока распаўсюдзіўся па Еўропе на працягу XVIII стагоддзя, асабліва ў Вялікабрытаніі, дзе ў гэты час быў пабудаваны шэраг выдатных неакласічных архітэктурных аб’ектаў; захоп неакласіцызму антычнасцю бачны па папулярнасці ў гэты перыяд гран-тураў, калі багатыя арыстакраты падарожнічалі да антычных руін у Італіі і Грэцыі. Тым не менш, вызначальны момант неакласіцызму прыйшоў з Вялікай французскай рэвалюцыі ў канцы XVIII стагоддзя; у Францыі ракако было заменена неакласіцызмам, як больш сур’езным стылем. У многіх аспектах, неакласіцызм можна разглядаць не толькі як мастацкі стыль, але і як палітычны і культурны рух[8]. Распаўсюджаныя тэмы твораў неакласіцызму — адвага і вайна, таксама шырока выкарыстоўваліся і ў антычнай Грэцыі і Рыме. Найбольш вядомымі неакласіцыстамі былі Энгр, Канова і Жак-Луі Давід[9].
Як маньерызм адхіліў класіцызм, так і рамантызм адхіліў ідэі Асветы і эстэтыку неакласіцызму, яго высока-аб’ектыўную і спарадкаваную прыроду і прызнаваў больш індывідуальны і эмацыйны падыход да мастацтва[10]. Рамантызм рабіў акцэнт на прыродзе, асабліва на малюнку сілы і прыгажосці прыроднага свету, і на эмоцыях, і шукаў асабліва персанальнага падыходу да мастацтва. Мастацтва рамантызму было пра індывідуальныя пачуцці, а не пра агульныя тэмы, як у неакласіцызме; і мастакі часта выкарыстоўвалі колеры для перадачы пачуццяў і эмоцый[10]. Падобна з неакласіцызмам, за натхненнем рамантызм звяртаўся да антычнага грэчаскага і рымскага мастацтва і міфалогіі, аднак у адрозненне ад яго, гэта натхненне выкарыстоўвалася пераважна для стварэння сімвалізму і разумовых вобразаў. Рамантычнае мастацтва таксама запазычыла многа сваіх эстэтычных якасцяў з сярэднявечнага і гатычнага мастацтва, а таксама з міфалогіі і фальклору. Сярод найбольш значных прадстаўнікоў рамантызму такія мастакі як Эжэн Дэлакруа, Франсіска Гоя, Уільям Цёрнер, Джон Канстэбл, Каспар Давід Фрыдрых, Томас Коўл і Уільям Блэйк[9].
Большасць мастакоў таго часу спрабавалі заняць цэнтральную пазіцыю і сумясціць розныя рысы неакласіцызму і рамантызму. Аднак у Французскай акадэміі падыход быў іншым, што прывяло да ўзнікнення акадэмізму. Адольф-Вільям Бугеро лічыцца галоўным прадстаўніком гэтага напрамку ў мастацтве.
У пачатку XIX стагоддзя індустрыялізацыя пачала радыкальна змяняць твар Еўропы. Беднасць, галеча і адчай сталі доляй новага працоўнага класа, створанага ў выніку прамысловай рэвалюцыі. Як рэакцыя на гэтыя змены ў грамадстве, узнік стыль рэалізм. Ён спрабаваў дакладна перадаць ўмовы і нягоды бедных у надзеі змяніць грамадства. У адрозненне ад рамантызму, які быў у цэлым аптымістычныv адносна чалавецтва, рэалізм прапаноўваў цяжкае бачанне беднасці і адчаю; так, дзе рамантызм апяваў прыроду, рэалізм паказваў жыццё ва ўрбаністычнай пустыні. Як і рамантызм, рэалізм быў не толькі мастацкім, але і літаратурным стылем. Асобныя выбітныя мастакі рэалізму: Шардэн, Гюстаў Курбэ, Жан-Франсуа Міле, Жан Каро, Анарэ Дам'е, Эдуард Манэ, Эдгар Дэга (абодва часта лічацца імпрэсіяністамі, хоць першы працаваў у абодвух стылях, а другі наогул адмаўляў, што ён імпрэсіяніст і лічыў сябе рэалістам) і Томас Ікінс.
У адрозненне ад іншага мастацтва, у архітэктуры рэакцыяй на індустрыялізацыю быў ухіл у бок гістарызму. Хоць чыгуначныя станцыі, пабудаваныя ў гэты перыяд, часта лічацца сапраўдным адлюстраваннем яго духу — часам называюцца «саборамі таго часу» — на працягу эры Індустрыялізацыі асноўныя рухі ў архітэктуры былі абнаўленнямі стыляў далёкага мінулага, напрыклад неаготыкі. Падобнымі рухамі былі прэрафаэліты, якія спрабавалі вярнуць мастацтва да яго стану «чысціні» Рафаэль, і Рух мастацтваў і рамёстваў, які пратэставаў супраць безасабовай прадукцыі масавай вытворчасці і выступаў за вяртанне да сярэднявечнага рамесніцтва.
Перыяд часу:
- Неакласіцызм: першая палова XVIII стагоддзя — пачатак XIX стагоддзя
- Рамантызм: канец XVIII стагоддзя — сярэдзіна XIX стагоддзя
- Рэалізм: XIX стагоддзе
Мастацтва мадэрну
З натуралістычнай этыкі рэалізму вырас значны мастацкі стыль — імпрэсіянізм. Імпрэсіяністы былі першымі, хто пачаў выкарыстоўваць святло ў жывапісу, спрабуючы перадаць яго так, як бачыць чалавечыя вочы. Эдгар Дэга, Эдуард Манэ, Клод Манэ, Каміль Пісаро і П’ер Агюст Рэнуар былі прыхільнікамі імпрэсіянізму. Прамым вынікам развіцця імпрэсіянізму стаў постімпрэсіянізм. Найбольш вядомыя постімпрэсіяністы — Поль Сезан, Вінцэнт ван Гог, Поль Гаген, Жорж-П’ер Сёра.
За імпрэсіяністамі і постімпрэсіяністамі прыйшоў фавізм, што часта лічыцца першым «мадэрновым» жанрам мастацтва. Гэтак жа, які імпрэсіяністы вырабілі рэвалюцыю ў святле, так і фавісты пераасэнсавалі колер, наносячы на свае палотны жывыя, дзікія адценні. Пасля фавістаў пачалося развіццё ўласна мастацтва мадэрна ва ўсіх яго формах ад экспрэсіянізму, з яго задачай правакаваць эмоцыі творамі мастацтва, да кубізму, мастацтва транспанавання трохмернай рэальнасці на плоскую канву, і абстракцыянізму. Гэтыя новыя формы мастацтва ціснулі на традыцыйныя паняцці «мастацтва» і адказвалі падобным хуткім зменам у грамадстве, тэхналогіі і думцы.
Сюррэалізм часта таксама лічыцца формай мастацтва мадэрна. Аднак самі сюррэалісты адмаўлялі вывучэнне сюррэалізму як эры ў гісторыі мастацтва, сцвярджаючы, што гэта занадта спрашчае складанасць руху (які па іх думку не з’яўляецца мастацкім рухам), няправільна ўяўляе адносіны сюррэалізму з эстэтыкай і ілжыва характарызуе сюррэалізм як скончаную, гістарычна закансерваваную эру.
Іншыя формы мастацтва мадэрна (некаторыя з якіх мяжуюць з сучасным мастацтвам) уключаюць:
- Абстрактны экспрэсіянізм
- Ар-дэко
- Ар Нуво
- Баўхаўс
- Жывапіс каляровага поля
- Канцэптуальнае мастацтва
- Канструктывізм (мастацтва)
- Кубізм
- Дадаізм
- Сіні вершнік
- De Stijl
- Мост (арт-група)
- Боды-арт
- Экспрэсіянізм
- Фавізм
- Флуксус
- Футурызм
- Хэпенінг
- Сюррэалізм
- Летрызм
- Лірычная абстракцыя
- Лэнд-арт
- Мінімал-арт
- Наіўнае мастацтва
- Оп-арт
- Перформанс
- Фотарэалізм
- Поп-арт
- Супрэматызм
- Відэа-арт
- Варціцызм
Сучаснае мастацтва (кантэмпарары) і постмадэрнізм
Мастацтва мадэрна спарадзіла некалькі характарыстык таго, што пазней было вызначана як мастацтва постмадэрну; таму, некалькі рухаў мадэрну часта класіфікуюцца як мадэрн, і як постмадэрн, напрыклад, поп-арт. У прыватнасці, мастацтва постмадэрну робіць моцны ўпор на іронію, пародыю і гумар у цэлым; мадэрн пачаў развіццё больш іранічнага падыходу да мастацтва. У постмаддэрне назіраецца размытасць межаў паміж высокім выяўленчым мастацтвам і мастацтвам ніжэйшага ўзроўню і камерцыйным мастацтвам, але пачаў эксперыменты з такім размыццём мадэрн[10].
Адносна нядаўнія тэндэнцыі ў мастацтве прывялі да істотнага пашырэння паняцця мастацтва, у частцы матэрыялаў, сродкаў, дзейнасці і канцэпцыі. У прыватнасці, моцны ўплыў аказала канцэптуальнае мастацтва. Яно пачалося літаральна як замена канцэпцыі для створанага аб'екта, адной з мэтаў якой была адмова ад камадыфікацыі мастацтва. Аднак цяпер гэта звычайна вызначаецца як мастацкая праца, дзе аб'ект прысутнічае, але асноўнай часткай працы з'яўляецца працэс мыслення, які стварыў гэты аб'ект. А аспект камерцыялізму да працы вярнуўся.
Таксама назіраецца рост пераймання папярэдніх мастацкіх стыляў і атрымання сапраўднасці ад такога пераймання.
Постмадэрнізм у мастацтве, які рос з 1960-х, адрозніваецца ад мадэрнізму тым, што стылі мадэрнізму факусаваліся на ўласнай дзейнасці і каштоўнасцях, а постмадэрнізм выкарыстоўвае ўвесь спектр мінулых стыляў як арыенцір. Гэта па вызначэнні стварыла адносны погляд, з даданнем іроніі і нявер'ем у каштоўнасці, паколькі можна было ўбачыць, што кожны стыль змяняецца нейкім іншым. Іншым вынікам быў рост камерцыялізму і «селебрыці». Мастацтва постмадэрну падвергла сумневу агульныя правілы і кіруючыя прынцыпы таго, што такое "высокае", злучыўшы "нізкае мастацтва" з высокімі мастацтвамі да тых пор, што іх ужо цяжка адрозніць[11][12]. Да пачатку постмадэрнізму, высокімі мастацтвамі лічыліся тыя, што мелі эстэтычную якасць, элегантнасць, майстэрства, прыгажосць і інтэлектуальную стымуляцыю, мэтай якіх было звяртацца да вышэйшага або адукаванага класа грамадства; гэта адрознівала высокае ад нізкага мастацтва, якое лічылі безгустоўным, кічавым, такім, што лёгка вырабіць, і пазбаўленым (амаль) любой інтэлектуальнай стымуляцыі, мастацтвам, прызначаным для таго, каб падабацца масам. Постмадэрн размыў гэтыя адрозненні, прыўнесучы моцны элемент кіча, камерцыялізму і кампу ў сучасныя высокія мастацтвы[10]. Акрамя таго, постмадэрн пакідае шмат месца для індывідуалізму на творчай сцэне; напрыклад, постмадэрн часта атрымлівае натхненне з мінулых стыляў, напрыклад барока або готыкі, супрацьпастаўляе і перапрацоўвае іх у іншым кантэксце[10].
Некаторыя сюррэалісты, у прыватнасці Жуан Міро, які заклікаў да «забойства жывапісу» (у многіх інтэрв'ю з 1930-х гадоў, Міро выказваў пагарду да звычайных метадаў жывапісу і сваё жаданне «забіць» ці «згвалціць» іх на карысць больш сучасных метадаў выразы)[13], адпрэчвалі або спрабавалі «выцесніць» жывапіс. Існавалі і іншыя супраць-жывапісныя тэндэнцыі сярод мастацкіх рухаў, напрыклад дадаізм і канцэптуальнае мастацтва. Тэндэнцыі руху ад жывапісу ў канцы 20-га стагоддзя супрацьстаялі такія стылі як працяг мінімалізму, лірычнай абстракцыі, поп-арту, оп-арту, неарэалізмнеарэалізм, фотарэалізм, Неа-геа, неаэкспрэсіянізм і стакізм, а таксама і іншыя напрамкі жывапісу.
Зноскі
- ↑ Chaniotis, Angelos. Ancient Crete . Oxford Bibliographies. Oxford University Press. Праверана 2 January 2013.
- ↑ http://leonardodavinci.stanford.edu/submissions/clabaugh/history/leonardo.html
- 1 2 http://www.bbc.co.uk/science/leonardo/gallery/vitruvian.shtml
- ↑ http://www.hektoeninternational.org/Durers_praying_hands.html Архівавана 6 снежня 2013.
- 1 2 Baroque Art . Arthistory-famousartists-paintings.com (24 ліпеня 2013). Праверана 25 жніўня 2013.
- ↑ Ancien Regime Rococo(недаступная спасылка). Bc.edu. Архівавана з першакрыніцы 10 жніўня 2015. Праверана 25 жніўня 2013.
- ↑ http://www.encyclopedia.com/topic/chinoiserie.aspx#3-1E1:chinoise-full
- ↑ Мистецтво в неокласицизмі (англ.)(недаступная спасылка). Artsz.org (26 лютага 2008). Архівавана з першакрыніцы 6 кастрычніка 2014. Праверана 25 жніўня 2013.
- 1 2 James J. Sheehan, «Art and Its Publics, c. 1800,» United and Diversity in European Culture c. 1800, ed. Tim Blanning and Hagen Schulze (New York: Oxford University Press, 2006), 5-18.
- 1 2 3 4 5 Загальне введення в постмодернізм (англ.) . Cla.purdue.edu. Праверана 25 жніўня 2013.
- ↑ Ideas About Art, Desmond, Kathleen K. John Wiley & Sons, 2011, p.148
- ↑ International postmodernism: theory and literary practice, Bertens, Hans , Routledge, 1997, p.236
- ↑ M. Rowell, Joan Mirό: Selected Writings and Interviews (London: Thames & Hudson, 1987) pp. 114—116.
Літаратура
- Sandars, Nancy K., Prehistoric Art in Europe, Penguin (Pelican, now Yale, History of Art), 1968 (nb 1st edn.; early datings now superseded)