Епітрахіль.

Епітрахі́ль (грэч. επιτραχηλιον — нашыйнік) — частка богаслужэбнага аблачэння праваслаўнага або ўніяцкага святара і архіерэя — доўгая стужка, якая абводзіцца вакол шыі і абодвума канцамі спускаецца на грудзі. Спераду сшыта або замацавана гузікамі, ускладаецца паверх падрызніка або расы. Без епітрахілі святар або архіерэй не могуць свяшчэннадзейнічаць. Епітрахіль з’явілася да IV ст. Архіерэй пры пасвячэнні дыякана ў сан святара абводзіць яго шыю дыяканскім арарам так, што абодва яго канцы роўна спускаюцца на грудзях уніз да падола і пры гэтым злучаюцца адзін з другім. Утвораная з арара епітрахіль азначала, што святар, не губляючы дыяканскага сану, набывае двайны арар у параўнанні з дыяканам і атрымлівае асаблівую ласку Божую, якая дае яму права і абавязак быць не толькі служыцелем, але і ажыццяўляць Святыя Таінствы Царквы.

Літаратура

  • Завальнюк У. М. Энцыклапедычны слоўнік рэлігійнай лексікі беларускай мовы / У. М. Завальнюк, М. Р. Прыгодзіч, В. К. Раманцэвіч. — Мінск, Изд-во Гревцова, 2013. — 808 с. ISBN 978-985-6954-73-6.
This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.