«І адкрыў Ездра кнігу прад вачамі ўсяго народа»

Ездра (іўр.: עֶזְרָא, Эзра; грэч. Έσδράς; лац.: Esdras) — адзін з галоўных іўдзейскіх свяшчэннікаў, які пабываў у вавілонскім палоне. Паводле біблейскага падання, жыў у часы панавання іўдзейскага цара Іасіі. Калі знаходзіўся ў Вавілоніі, ён звярнуў на сябе ўвагу цара Артаксеркса і заслужыў у яго асаблівы давер. Цар зрабіў яго сваім упаўнаважаным па справах іўдзеяў. Ад Артаксерса ён атрымаў паўнамоцтвы вывесці ў Палесціну іўдзеяў, якім не ўдалося вярнуцца на радзіму з першай часткай перасяленцаў, даставіць у Іерусалім дары і прынашэнні ад цара і народа для храма, назіраць за захаваннем закону і парадку сярод насельніцтва. Сваю дзейнасць на радзіме ён пачаў з правядзення шэрагу неабходных рэформ, якія мелі на мэце адраджэнне іўдзейскага народа пасля вавілонскага палону. Па яго даручэнню іўдзейскія кніжнікі сталі рабіць пераклады кніг Майсея на арамейскую мову і суправаджаць іх тлумачэннямі. Імем бога Яхве і персідскага цара Кіра II ён сумесна з Неяміем дамогся скасавання змешаных шлюбаў і выгнання з Палесціны іншапляменных жонак іўдзеяў з іх дзецьмі, якім забараняўся доступ у Іерусалім. Гэтаму іўдзейскаму рэфарматару прыпісваецца ўвядзенне ў літаратурны ўжытак халдзейскай мовы замест забытай у палоне старажытнаяўрэйскай, аб’яднанне ў адзіны звод свяшчэнных кніг Старога запавету, выпраўленне пашкоджаных спісаў, а таксама аўтарства трэцяй і чацвёртай кніг Царстваў, дзвюх кніг Параліпаменан і адной кнігі Бібліі, вядомай пад яго імем (першая кніга Ездры). Што датычыцца другой і трэцяй кніг Ездры, якія дайшлі ў грэчаскім і лацінскім перакладах і прыпісваюцца па традыцыі гэтаму аўтару, то яны не лічацца кананічнымі, не з’яўляюцца арыгінальнымі і ўзніклі значна пазней за час жыцця самога Ездры[1].

Зноскі

  1. Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Уступ. арт., падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А. Ф. Коршунава, паказальнікі А. Ф. Коршунава, В. А. Чамярыцкага. — Мн.: Навука і тэхніка, 1990. — С. 156. — 207 с.: іл. ISBN 5-343-00151-3.

Літаратура

  • Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Уступ. арт., падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А. Ф. Коршунава, паказальнікі А. Ф. Коршунава, В. А. Чамярыцкага. — Мн.: Навука і тэхніка, 1990. — С. 156. — 207 с.: іл. ISBN 5-343-00151-3.

Спасылкі

  • Артыкул «Эзра» у Электроннай яўрэйскай энцыклапедыі
This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.