Дэпартамент па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь | |
---|---|
Агульная інфармацыя |
|
Краіна | |
Дата стварэння | чэрвень 1922 |
Сайт | archives.gov.by/be/ |
Дэпартамент па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь — кіруючы орган у галіне архіўнай справы і арганізацыі справаводства на тэрыторыі Беларусі. Размешчаны па Калектарнай вуліцы, 10 у Мінску.
Выдае навукова-практычны часопіс «Архівы і справаводства».
Гісторыя
Утворанага ў чэрвені 1922 года як Цэнтральны архіў (Цэнтрархіў) пры Народным камісарыяце асветы БССР, у жніўні падпарадкаваны Цэнтральнаму выканаўчаму камітэту БССР. З 1927 года — Цэнтральнае архіўнае ўпраўленне пры Прэзідыуме ЦВК БССР[1][2].
У кастрычніку 1930 г. адбылася рэарганізацыя архіўнай сеткі БССР. Былі створаны Віцебскае (з 1933 г. — Паўночна-Беларускае), Гомельскае (з 1933 г. — Паўднёва-Беларускае) і Магілёўскае (з 1933 г. — Усходне-Беларускае) аддзяленні Цэнтральнага архіўнага ўпраўлення[3]. З 1 красавіка 1936 г. Паўночна-Беларускае і Паўднёва-Беларускае аддзяленні Цэнтральнага архіўнага кіравання былі ліквідаваны[3].
З верасня 1938 года Цэнтральнае архіўнае ўпраўленне пры Народным камісарыяце ўнутраных спраў БССР. З красавіка 1939 года Архіўны аддзел Народнага камісарыята ўнутраных спраў БССР[1][2].
З лістапада 1943 года Аддзел дзяржаўных архіваў НКУС БССР, са снежня 1944 года — Упраўленне дзяржаўных архіваў НКУС БССР (у далейшым — Міністэрства ўнутраных спраў БССР)[1][2].
У 1956 годзе Упраўленне дзяржаўных архіваў ўступіла ў Міжнародны савет архіваў[3]. З 1960 года — Архіўнае ўпраўленне пры Савеце Міністраў БССР. З верасня 1972 года — Галоўнае архіўнае ўпраўленне пры Савеце Міністраў БССР (Галоўархіў)[1][2].
З верасня 1991 года Галоўнае архіўнае ўпраўленне пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь. З кастрычніка 1992 года — Камітэт па архівах і справаводстве пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь. З верасня 1994 года Камітэт па архівах і справаводстве Рэспублікі Беларусь (з падначаленнем Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь)[1][2]. Са студзеня 1997 года — Дзяржаўны камітэт па архівах і справаводстве Рэспублікі Беларусь (Дзяржкамархіў)[1][2], яго старшыня ўведзены ў склад Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь[3].
У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 516 ад 24 верасня 2001 г.[3] Дзяржкамархіў ператвораны ў Нацыянальны цэнтр па архівах і справаводстве (Цэнтрархіў), падпарадкаваны Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь.
3 чэрвеня 2002 г. выйшаў Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 282[3], паводле якога Нацыянальны цэнтр па архівах і справаводстве ператвораны ў Камітэт па архівах і справаводстве (Белкамархіў) пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь. З мая 2006 года Дэпартамент па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь[1][2].
У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 мая 2006 г. № 289 Дэпартамент па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь з’яўляецца кіруючым органам у галіне архіўнай справы і арганізацыі справаводства на тэрыторыі Беларусі[2].
Дырэктары
- 14 сакавіка 2017 — 18 студзеня 2023 — Віктар Іосіфавіч Кураш
- з 18 студзеня 2023 — Алег Леанідавіч Воінаў[4]
Зноскі
- 1 2 3 4 5 6 7 Дэпартамент па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь у Зводным электронным каталогу бібліятэк Беларусі
- 1 2 3 4 5 6 7 8 Дэпартамент па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Гістарычная даведка
- 1 2 3 4 5 6 Гісторыя архіўнай справы ў Беларусі
- ↑ Новы дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводству А. Л. Воінаў