Друіды (гальскае druidae, старажытнаірландскае drui, мн.л. druid) — жрацы і паэты ў старажытных кельцкіх народаў, арганізаваныя ў відзе закрытай касты і цесна звязаныя з уладай правадыра[1].
Практычна ўсе звесткі пра друідаў узяты з «Запісак пра Гальскую вайну» і іншых грэка-рымскіх сачыненняў IV ст. да н.э. — II ст. н.э. З іх вынікае, што друіды былі захавальнікамі гераічных паданняў і міфалагічных паэм, якія яны перадавалі моладзі вусна. Інстытут, як відаць, друідаў быў запазычаны астраўнымі кельтамі ў даіндаеўрапейскага насельніцтва паўночнага захаду Еўропы[2][3]. Роберт Макалістэр і некаторыя іншыя навукоўцы пачатку XX стагоддзі прыпісвалі друідам стварэнне агамічнага пісьма[4].
У ірландцаў і брытаў друіды рана страцілі сваю функцыю паэтаў (саступіўшы яе бардам), а пасля ўвядзення хрысціянства (IV—V стагоддзя) хутка звяліся ў вясковых знахароў.
Успрыманне ў Новы час
Адраджэнне цікавасці да друідаў у Англіі адбылося ў XVII—XVIII стст. на хвалі вывучэння класічнай антычнасці. Джон Обры (1626-97) прыпісваў друідам будаўніцтва такіх брытанскіх мегалітаў, як Стоўнхэндж. Услед за Обры шмат пісаў пра друідаў пастар Сцьюклі (1687—1765), які лічыў іх прыхільнікамі аўраамічнай рэлігіі, роднаснай хрысціянству.
Памылковыя пабудовы Обры і Сцьюклі атрымалі далейшае развіццё ў эпоху рамантычнага нацыяналізму, калі ў друідах бачылі сапраўдных натхніцеляў брытанскага супраціўлення рымлянам, а да іх ліку адносілі нават ваяўнічую царыцу Баадзіцэю. Нароўні з гатычнай традыцыяй Новага часу існавала і менш вядомая друідычная традыцыя: у літаратуры англійскага рамантызму быў запатрабаваны экзатычны, акружаны містычнай аўрай вобраз друіда, які жыве ў абсалютнай гармоніі з прыродай. Захавальнікамі духоўнай спадчыны друідаў і прадаўжальнікамі іх традыцый у той час лічыліся валійскія брагі і філіды. Друідычная тэматыка пракралася ў папулярную літаратуру і музыку таго часу («Пакутнікі» Шатабрыяна, «Норма» Беліні).
У 1909 годзе ў Англіі аформіўся неадруідычны рух, які шукае свае вытокі ў дзейнасці Уільяма Блэйка і Джона Толанда. Брытанская камісія па справах дабрачыннасці 2 кастрычніка 2010 года прызнала пакланенне друідаў духам прыроды рэлігіяй.[5] Паводле даных BBC News за 2003 год, да друідаў сябе прылічаюць больш за дзесяць тысяч брытанцаў.[6]
Гл. таксама
- Вешчуны
- Магі
Зноскі
- ↑ Друиды // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
- ↑ Археалагічныя адпаведнасці абрадам і традыцыям, якія прынята звязваць з друідамі, выяўляюцца з 3-2 тыс. да н.э. У тэорыі трох функцый Ж. Дзюмезіля друіды разглядаюцца як рэлікт жрэцкага саслоўя протаіндаеўрапейскага грамадства накшталт старажытнаіндыйскіх брахманаў.
- ↑ BBC - Radio 4 and 4 Extra Blog: In Our Time: The Druids
- ↑ Macalister, R.A.S. The Secret Languages of Ireland, pp27 - 36, Cambridge University Press, 1937.
- ↑ Lenta.Ru — Вялікабрытанія прызнала друідызм рэлігіяй
- ↑ Druidry to be classed as religion by Charity Commission
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Друіды
- Н. С. Широкова. Кельтские друиды и книга Франсуазы Леру Архівавана 2 ліпеня 2014.