До́ўгі Брод, Даўгабро́дскае прадмесце — гістарычны раён Мінска, размешчаны ў заходняй частцы горада, на поўдзень ад Вайсковых могілак на старадаўнім Магілёўскім гасцінцы.
На паўднёвым захадзе ад Доўгага Броду размяшчаецца Стромкі (Круты) Бераг, на паўночным захадзе — Залатая Горка, на ўсходзе — Малая Сляпянка, на паўночным ўсходзе — Маляўшчына, на поўдні — Архірэйская Слабодка[1][2].
Гісторыя
Назва прадмесця паходзіць ад броду праз рэчку Слепню, што існаваў на старажытным Магілёўскім шляху. У XVIII—XIX стст. у Магілёў пачалі вандраваць па Ігуменскім гасцінцы, а стары шлях выкарыстоўваўся для праезду ў навакольныя вёскі і сядзібы. Пасля ўзнікнення ў пачатку XX ст. урочышча Доўгі Брод (цяпер рог вуліц Батанічнай і Казлова) людзі пачалі сяліцца ўздоўж старой Магілёўскай дарогі. Гэтак утварылася прадмесце і Даўгабродская вуліца (Мінск)[3].
У пачатку XX ст. Доўгі Брод уваходзіў у трэцюю паліцэйскую частку горада. Праз прадмесце праходзілі Даўгабродская (цяпер Казлова, частка вуліцы захавала гістарычную назву), 2-я Даўгабродская (часткова Чапаева), Мар’еўская (захавалася часткова), Берасцянская (захавалася часткова), Залатагорская (Чырвоназоркавая), Высокая (часткова Платонава), Цвёрдая (не захавалася) вуліцы[1][4][5].
Старыя адрасы
- Вайсковыя могілкі. Царква Аляксандра Неўскага Маскоўскага патрыярхату, збудаваная ў 1898 годзе замест драўлянай у гонар перамогі ў расійска-турэцкая вайне 1877—1878 гадоў. На сценах царквы дзве мемарыяльныя дошкі з прозвішчамі 118 салдатаў-беларусаў 30-ай артылерыйскай брыгады 119 Каломенскага палка, што загінулі пры ўзяцці Плеўны. У наш час царква дзейнічае.
- Маркаўскі завулак. Шпалерная фабрыка Фрындланда. Заснаваная ў 1911 годзе. Мелася паравая машына магутнасцю 40 конскіх сіл, дынама-машына. Будынак фабрыкі размяшчаўся на цяперашняй вуліцы Змітрака Бядулі.[6]
Сучаснасць
У цяперашні час пра колішняе прадмесце нагадвае Даўгабродская вуліца (Мінск) (у 1967 годзе перайменаваная ў гонар Казлова, аднак у 1987 — паўднёвай частцы вуліцы была вернутая гістарычная назва).
Галерэя
- Месцічы перад царквой, 1900 г.
- Царква, 1905 г.
- Царква, да 1915 г.
- Могілкавая брама, 1941—44 гг.
Зноскі
- 1 2 «План губернского города Минска (1903)» з выпраўленнямі і дадаткамі І. Сацукевіча // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. C. 196—197
- ↑ «Формирование территории г. Минска (1800—2004)» // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. C. 550—551
- ↑ Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. С. 226
- ↑ Іван Сацукевіч. Тапанімія вуліцы і плошчаў Мінска ў ХІХ — пачатку ХХ стст.
- ↑ План губернского города Минска (1898) // Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. [1] асобн. арк. карт.
- ↑ Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. С. 251—252
Літаратура
- Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. — 341 с. [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, П15 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
- Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. — 696 с. ISBN 985-11-0344-6.
- Іван Сацукевіч. Тапанімія вуліцы і плошчаў Мінска ў ХІХ — пачатку ХХ стст. Архівавана 24 жніўня 2011.
- Вячеслав Бондаренко. Названия минских улиц за последнее столетие: тенденции, загадки, парадоксы Архівавана 26 студзеня 2009.