Дом кіно — рэспубліканскі творчы клуб кінематаграфістаў Беларусі, які існаваў у 1968—1991 гадах у Мінску. Размяшчаўся ў будынку былога касцёла Святых Сымона і Алены, меў кіна- і канферэнц-залы (на 250 месцаў кожны). Папулярызаваў творы кінамастацтва, садзейнічаў павышэнню прафесійнага ўзроўню дзеячаў кінематаграфіі. Рэгулярна арганізоўваў прагляды і абмеркаванні кінастужак, творчыя вечары майстроў беларускага кіно, выстаўкі твораў кінамастакоў, агляды-конкурсы, творчыя канферэнцыі, семінары і дыскусіі, лекцыі і даклады, сустрэчы з вядомымі дзеячамі савецкага і замежнага кінамастацтва. Праводзіў выязныя вечары кінематаграфіі на прамысловых прадпрыемствах, у калгасах і саўгасах, паўторнага фільма. Дом кіно кансультаваў і каардынаваў работу аматарскіх кінастудый рэспублікі.
Літаратура
- Р. І. Баравік. Дом кіно // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2012. — Т. 3. — 688 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0662-8.