Цэнтр беларускай культуры. Музей Максіма Багдановіча | |
---|---|
Заснаваны | 1992 |
Месцазнаходжанне | Яраслаўль ( Расія), вул. Чайкоўскага, 21 |
Праезд | усе тыпы транспарту да Чырвонай плошчы, плошчы Волкава ці плошчы Багаяўлення |
Дырэктар | Прохарава Наталля Валянцінаўна (заг. філіялам) |
Адкрыты | з 9 да 18 гадзін |
museum.city-yar.ru | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Цэнтр беларускай культуры. Музей Максіма Багдановіча — музей і культурны цэнтр, адкрыты ў 1992 годзе ў Яраслаўлі (вул. Чайкоўскага, д. 21) у мемарыяльным доме класіка беларускай літаратуры М. А. Багдановіча. На сённяшні дзень гэта адзіны ў межах горада музей літаратурнага профілю.
Першапачатковай задачай музея было знаёмства жыхароў горада з творчай спадчынай беларускага паэта, які восем з няпоўных дваццаці шасці гадоў жыў у Яраслаўлі. Першымі наведвальнікамі музея сталі беларусы, якія пражываюць у Яраслаўскай вобласці. Яны пачалі збіраць пры музеі бібліятэку выданняў беларускіх аўтараў, відэатэку і фанатэку, прыносілі экспанаты для этнабытавой калекцыі.
У 1995 годзе музей афіцыйна атрымаў статус Цэнтра беларускай культуры, а ў 1998 годзе на базе музея ствараецца яраслаўская рэгіянальная грамадская арганізацыя руска-беларускай дружбы «Сяброўства» («Таварыства»).
Музей стаў рэгулярнай пляцоўкай для рэалізацыі праектаў Яраслаўскага рэгіянальнага аддзялення агульнарасійскай грамадскай арганізацыі «Асамблея народаў Расіі»: правядзенне круглых сталоў і канферэнцый да Дня славянскай пісьменнасці і культуры, правядзенне народных каляндарных святаў. Музей актыўна супрацоўнічае з этнакультурнымі арганізацыямі: Цэнтр адраджэння рускай культуры і традыцый «Петрапаўлаўская слабада», Украінскае культурна-асветніцкае таварыства «Просвіта», Рэгіянальнае культурна-асветніцкае таварыства «Дом польскі».
Спасылкі
- Мемарыяльны Дом-музей М. Багдановіча Архівавана 5 лютага 2011.. Старонка на сайце Музея гісторыі горада Яраслаўля
- Цэнтр Беларускай культуры. Музей М. Багдановіча. Музеі Расіі