До́льнік — від танічнага верша, своеасаблівая пераходная форма ад сілаба-танічнай да танічнай сістэмы вершаскладання. У дольніку звычайна ўрэгулявана колькасць моцных месцаў (іктаў) у радках, аднак міжіктавыя інтэрвалы не аднолькавыя, як правіла, займаюць адзін-два склады. Часам могуць быць пропускі апорных (моцных) націскаў. У выніку ў дольніку выяўляецца чаргаванне не аднолькавых стопаў, як у сілаба-танічным вершы, а няроўнаскладовых рытмічных доляў (адсюль і назва верша). Гэта павышае рытмастваральную моц апорных націскаў, а таксама значэнне словаў, на якіх стаяць такія націскі, і словазлучэнняў, аб'яднаных вакол гэтых словаў. У той жа час у дольніку так ці інакш адчуваецца метрычная аснова трохскладовых (радзей — двухскладовых) памераў, што не ўласціва, напрыклад, чыста танічнаму, або акцэнтнаму, вершу. Калі колькасць г. зв. адступленняў ад памеру не асабліва значная, дольнік набліжаецца да сілаба-танічнага верша. І наадварот, калі колькасць адступленняў павялічваецца, ён далей адходзіць ад сілаба-тонікі, набліжаецца да танічнага верша.
Літаратура
- Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн.. — Мінск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2 000 экз. — ISBN 985-08-0598-6.
- Рагойша В. П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1 000 экз. — ISBN 985-11-0197-4.