Заходняя Дзвіна
ням.: Daugava
латг.: Daugova
руск.: Западная Двина
Дзвіна каля в. Гараны пад Полацкам
Дзвіна каля в. Гараны пад Полацкам
Характарыстыка
Даўжыня 1020 км
Басейн 87 900 км²
Расход вады 666 м³/с
Вадацёк
Выток воз. Каракіна
  Каардынаты 56°51′20″ пн. ш. 32°32′30″ у. д.
Вусце Рыжскі заліў
  Каардынаты 57°03′43″ пн. ш. 24°01′33″ у. д.
Размяшчэнне
Водная сістэма Рыжскі заліў

Краіна
Код у ДВР 01020000112199000000010
=Месцазнаходжанне Дзвіны
physical
выток
выток
вусце
вусце
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Вадазбор Заходняй Дзвіна.

Заходняя Дзвіна, або Дзвіна (руск.: Западная Двина, лат.: Daugava) — рака ў Расіі, Беларусі і Латвіі, адна з буйнейшых рэк Беларусі.

Даўжыня ракі 1020 км, у межах Беларусі 335 км[1]. Плошча вадазбору 87,9 тыс. км², у межах Беларусі 33,2 тыс. км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 666 м³/с. Агульнае падзенне ракі на Беларусі 38 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,12 . Паводле Арлова і Сагановіча, старыя назвы — Эрыда́н, Рубо́н, Рудо́н, Дуна́, Дзіна́, Віна́[2].

Асноўныя прытокі

Справа: Усвяча, Валынка, Шэвінка, Обаль, Палата, Дрыса, Сар’янка.

Злева: Каспля, Лучоса, Крывінка, Ула, Тураўлянка, Ушача, Дзісна, Друйка, Каменка.

На рацэ

Гарады: Андрэапаль, Заходняя Дзвіна, Віцебск (порт), Полацк, Наваполацк, Дзісна, Верхнядзвінск, Даўгаўпілс, Рыга.

Гарадскія пасёлкі: Сураж, Руба, Бешанковічы.

Пасёлкі: Ула.

ГЭС: Кегумская, Плявіньская, Рыжская.

Агульнае

Пачынаецца на Валдайскім узвышшы з возера Каракіна (Цвярская вобл.) на вышыні 221 м над узроўнем мора, упадае ў Рыжскі заліў Балтыйскага мора. Цячэ на Беларусі пераважна з усходу на захад па Суражскай нізіне, паміж Гарадоцкім і Віцебскім узвышшамі і на большым сваім працягу — па Полацкай нізіне.

Жыўленне ракі мяшанае (пераважна снегавое з вялікай доляй грунтавога). Асаблівасць рэжыму — высокае веснавое разводдзе, нізкая летне-асенняя межань з частымі дажджавымі паводкамі, устойлівая зімовая межань. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае 56 % , летне-асеннюю межань 33 % , зімовую — 11 % гадавога сцёку. Веснавое разводдзе доўжыцца 60—70 дзён (з канца сакавіка да 1-й дэкады чэрвеня). Сярэдняя вышыня над самай нізкай межанню 4,4—9 м, найбольшы ўзровень у межах Беларусі 13,5 м (1931). Летне-асенняя межань (доўжыцца 4—5 месяцаў) нярэдка парушаецца дажджавымі паводкамі вышынёй да 6 м. Зімовая межань каля 70—80 дзён. Замярзае ў 1-й дэкадзе снежня, крыгалом у 1-й дэкадзе красавіка. Найбольшая таўшчыня лёду 50—78 см (люты — сакавік). Веснавы ледаход 4—10 сутак. Найбольшы расход вады каля Віцебска 3320 м³/с (1991), Полацка 4060 м³/с (1956), найменшы адпаведна 8 м³/с (1940) і 25,4 м³/с (1938—39). Гадавы сцёк завіслых наносаў каля 320 тыс. т. Вада на працягу года (за выключэннем перыядаў веснавога разводдзя і летне-асенніх паводак) гідракарбанатна-кальцыевага класа з рэзка выражаным гідракарбанатным характарам.

Даліна трапецападобнай формы, каля гарадскога пасёлка Руба — каньёнападобная. Шырыня яе ў асноўным 3—4 км, паблізу ўпадзення Улы і на крайняй усходняй частцы Беларусі дасягае 10—15 км. Глыбіня ўрэза зменьваецца ад 20—30 м да 40—50 м. У будове даліны часцей за ўсё вылучаецца пойма і 2 (некаторыя даследчыкі адзначаюць 3—4) надпоймавыя тэрасы. Пойма ў межах Суражскай нізіны вузкая — да 60 м. Адрозніваюць 2 узроўні: нізкі (1,5—2 м над летнім урэзам ракі, заліваецца ў разводдзе кожны год) і высокі (4—5 м, заліваецца толькі пасля мнагаснежных зім). Аналагічная будова захоўваецца да Віцебска, прычым шырыня нізкай поймы 40—50 м, а высскай не перавышае 15—20 м. Каля г.п. Руба пойма звужаецца да 10—20 м. На Полацкай нізіне яна таксама вузкая, з дзвюма ўзроўнямі: ніжняя (2,5—3,5 м над летнім узроўнем вады) шырынёй 5—10 м і верхняя (5—5,5 м) 15—20 м. Толькі на асобных участках пойма пашыраецца да 300—500 м (зрэдку да 3 км).

Рэчышча звілістае, зарастае пераважна каля берагоў. Шырыня яго да вусця р. Ула 60—120 м, зрэдку да 190 м, каля мяжы з Латвіяй 100—140 м, зрэдку да 240 м. На рацэ існуюць парогі — на працягу 12 км вышэй Віцебска цягнецца Вярхоўскі парог, утвораны выхадам блізка да дзённай паверхні дэвонскіх даламітаў: парожыстыя ўчасткі трапляюцца ў сутоках Дзісны і Заходняй Дзвіны каля г. Дзісна, а таксама каля г. Верхнядзвінск. Дно пясчана-камяністае і пясчанае або пясчана-галечнае. Берагі ўмерана-стромкія, супясчаныя, радзей — пясчана-гліністыя з валунамі, вышынёй да 8 м, зрэдку да 22 м.

Іхтыяфаўна

Водзяцца: шчупак, акунь, плотка, лешч, лінь, карась звычайны, верхаводка, гусцяра; каштоўныя — судак, мінога ручаёвая, стронга ручаёвая, галавень.

Суднаходства

Са старажытных часоў Заходняя Дзвіна — важны гандлёвы шлях, у 9—11 ст. па ёй праходзіла адно з асноўных адгалінаванняў шляху з варагаў у грэкі. З 1229 года, згодна з Смаленскай гандлёвай праўдай, па рацэ да Смаленска, Полацка і Віцебска хадзілі на судах нямецкія купцы. Рака злучана Бярэзінскай воднай сістэмай (не дзейнічае) з Дняпром.

Рака прыдатна для суднаходства ад Веліжа (Расія) да Верхнядзвінска, у ніжнім цячэнні (у межах Латвіі) — на асобных участках.

Рэгулярнае пасажырскае суднаходства на Дзвіне пачалося з 1892 г., калі ў гэтых мясцінах з’явіліся параходныя кампаніі. Параходы «Атлет», «Борец», «Гигант», «Силач» бралі на борт не больш за 20 пасажыраў і развозілі іх паміж Веліжам і Бешанковічамі. 27 красавіка 1919 года на рацэ адбылося крушэнне парахода «Надзея».

Падчас Грамадзянскай вайны на Дзвіне дзейнічала Заходнядзвінская ваенная флатылія, якая была сфарміравана ў 1919 г. з 21 баявога карабля. База флатыліі размяшчалася ў Віцебску[1].

У наш час Дзвіна як транспартная артэрыя амаль не выкарыстоўваецца.

Экалагічныя мерапрыемствы

Для памяншэння забруджвання Заходняй Дзвіны на прамысловых і камунальных прадпрыемствах ствараюцца ачышчальныя збудаванні, вядзецца кантроль за гідратэхнічным рэжымам ракі, аднак стан ракі пакуль не паляпшаецца. У 1990 г. у Наваполацку здарылася аварыя, якая аказала адмоўны ўплыў на іхтыяфаўну да самага вусця ракі, падобная аварыя адбылася і ў 2007 годзе.

Зноскі

  1. 1 2 Турецкий С. Беларусь. По Западной Двине и ее притокам//Путеводитель туриста-водника. — Мн.: Белкартография, 2010. С. 8.
  2. Арлоў У., Сагановіч Г. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі (862—1918): Падзеі. Даты. Ілюстрацыі. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 223 с.

Літаратура

  • Макарэвіч А. А. Заходняя Дзвіна // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — С. 23—24. 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7).
  • Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1–2. – Л., 1971.
  • Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил. (руск.)
  • Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.
  • Государственный водный кадастр: Водные ресурсы, их использование и качество вод (за 2004 год). — Мн.: Министерство природных ресурсов и охраны окружающей среды, 2005. — 135 с.

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.