Дзве душы | |
---|---|
Жанр | аповесць |
Аўтар | М. Гарэцкі |
Мова арыгінала | беларуская |
Дата напісання | 1918—1919 |
Дата першай публікацыі | 1919 |
Электронная версія | |
Тэкст твора ў Вікікрыніцах |
Дзве душы — аповесць Максіма Іванавіча Гарэцкага. Твор апавядае пра лёс памешчыка Ігната Абдзіраловіча. Твор зрабіў вялікі ўплыў на беларускую філасофію. У прыватнасці Ігнат Канчэўскі, пры напісанні праграмнага эсэ беларускай філасофіі «Адвечным шляхам» узяў як псеўданім прозвішча галоўнага героя «Дзвюх душ» — Ігнат Абдзіраловіч.
Сюжэт
У 1890 годзе пан Абдзіраловіч вяртаецца з балю, каб пабачыць свайго сына Ігналіка. У лесе разбойнікі нападаюць на памешчыка і забіваюць яго жонку. Узятая ў двор памешчыка да яго сына Малання мяняе панскае дзіця сваім. Прапаршчык Ігнат захварэў на фронце. Яго адпраўляюць лячыцца ў Маскву, пасля — на Каўказ, дзе Ігнат знаёміцца з дачкою купца Макасеева Аляю і з князем Гальшанскім. Князь на беларускім сходзе казаў, што ў беларусаў няма класавай барацьбы. Ігнат Абдзіраловіч абурыўся гэтым, падкрэсліў існаванне антаганізму класаў на тэрыторыі Беларусі, чым перацягнуў сход на свой бок. Затым Ігнат ад’язджае ў Беларусь, дзе некаторы час жыве ў настаўніка Мікалая. На мітынгу Абдзіраловіч спаткаў Сухавея, які сваімі прамовамі пытаўся прабудзіць нацыянальную свядомасць беларусаў, аднак бальшавік Гаршчок схіляе народ на свой бок. Васіль, які з’яўляецца сапраўдным панскім сынам, жыве ў Маскве, працуе на фабрыцы. Разам з Гаршчком ён б’ецца на баку бальшавікоў. Ігната захопліваюць бальшавікі, аднак яго ратуе Васіль. Белагвардзеец Гарэшка пад прозвішчам Гарэліка працуе разам з бальшавікамі і душыць сялянскія паўстанні, каб дыскрэдытаваць савецкую ўладу. Тым часам Мікалай і Сухавей арыштаваны. Настаўніца Іра бароніць іх. Ігнат і Васіль спрабуюць выратаваць беларускіх дзеячаў ад расстрэлу. Гарэлік меў задачу пераправіць архімандрыта за мяжу, аднак Гаршчок здзекаваўся над манахамі ў падвале. Гарэлік забівае Гаршчка і ўцякае за мяжу. Савет урачыста хавае Гаршчка.
Водгукі
У рэцэнзіі, апублікаванай у часопісе «Рунь», адзначаецца, што твор чытаецца лёгка, хоць аўтар і ўжывае шмат магілёўскіх дыялектызмаў[1].
У рэцэнзіі на кнігу Антон Луцкевіч адзначае, што аналізуючы і абрысоўваючы Ігната Абдзіраловіча, аўтар твора не раскрывае вобраз Васіля. Галоўны герой не мае пад сабой грунту, на які ён мог бы стаць. Вайна і хвароба з’яўляюцца прычынамі, якія характарызуюць няздольнасць галоўнага героя зрабіць жыццёвы выбар. Рэцэнзент крытыкуе аўтара за празмернае ўжыванне дыялектызмаў. Антон Луцкевіч адзначае, што, нягледзячы на ўсе недахопы, аповесць цікавая і варта ўвагі[2].
Значэнне аповесці
Твор з’явіўся на самым пачатку станаўлення нацыянальнай класікі і станоўча паўплываў на яе далейшае развіццё[3]. Максім Гарэцкі меў мужнасць сказаць праўду аб рэвалюцыі і сутнасці бальшавізму. Вобразы Гарэшкі і Гаршчка далёкія ад грамадскіх інтарэсаў і тым больш інтарэсаў беларускага адраджэння. Менавіта вобразы бальшавікоў сталі прычынай замоўчвання твора на працягу многіх дзесяцігоддзяў[4].
Аповесць перакладзена на нямецкую мову[5]. У 2014 годзе выдавецтва «Гугольц» апублікавала кнігу «Zwei Seelen»[6][7] у перакладзе Норберта Рандаў разам з сястрой Гундулай і Уладзімірам Чапегам, на якую нямецкія сродкі масавай інфармацыі адгукнуліся рэцэнзіямі[8][9].
Уплыў на культуру
Твор зрабіў вялікі ўплыў на беларускую філасофію. Ігнат Канчэўскі падпісаў эсэ «Адвечным шляхам» прозвішчам галоўнага героя аповесці — Ігнат Абдзіраловіч[10].
У красавіку 2016 года ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы адбылася прэм’ера спектакля «Дзве душы» паводле аповесці Максіма Гарэцкага ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна, аўтарамі інсцэніроўкі аповесці з’яўляюцца Максім Клімковіч і Уладзіслаў Ахроменка[11].
Зноскі
- ↑ А. Д. Бібліяграфія // Рунь. — 1920. — № 1. — С. 8.
- ↑ А. Л. “Дзьве душы” М. Гарэцкага // Зборнік «Нашай Нівы» за 1920 год. — С. 41—44.
- ↑ Базык, Наталія. Матыў канфліктнай свядомасці ў аповесці Максіма Гарэцкага “Дзве душы” // Białorutenistyka Białostocka. — 2014. — Tom 6. — S. 348—349.
- ↑ Зоя Мельнікава.. Пытанне праз эпохі ад Максіма Гарэцкага . Звязда (21 лютага 2018). Праверана 21 верасня 2020.
- ↑ Пісьменніка з-пад Мсціслава пераклалі на нямецкую мову . Horki.info (29 красавіка 2015). Праверана 21 верасня 2020.
- ↑ Zwei Seelen(недаступная спасылка). Сайт выдавецтва «Гугольц». Архівавана з першакрыніцы 8 сакавіка 2021. Праверана 21 верасня 2020.
- ↑ Zwei Seelen / Maxim Harezki. — Berlin : Guggolz, 2014. — 223 s. . Электронный каталог Национальной библиотеки Беларуси. Праверана 21 верасня 2020.
- ↑ Zwei Seelen, mindestens . Neue Zürcher Zeitung (4 снежня 2014). Праверана 21 верасня 2020.
- ↑ Lerke von Saalfeld.. “Zwei Seelen” — Schlüsselwerk der weißrussischen Literatur . Deutschlandfunk (21 лістапада 2014). Праверана 21 верасня 2020.
- ↑ Базык, Наталія. Матыў канфліктнай свядомасці ў аповесці Максіма Гарэцкага “Дзве душы” // Białorutenistyka Białostocka. — 2014. — Tom 6. — S. 348.
- ↑ «Дзве душы». Адбылася прэм’ера . Сайт Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы (27 красавіка 2016). Архівавана з першакрыніцы 28 красавіка 2016. Праверана 21 верасня 2020.
Літаратура
- Базык, Наталія. Матыў канфліктнай свядомасці ў аповесці Максіма Гарэцкага “Дзве душы” // Białorutenistyka Białostocka. — 2014. — Tom 6. — S. 343—350.
- Бароўка, В. Ю. Аповесць «Дзве душы» М. Гарэцкага як гістарычная крыніца // Актуальные проблемы источниковедения : материалы V Международной научно-практической конференции к 110-летию Витебской учёной архивной комиссии, Витебск, 25—27 апреля 2019 г. — Витебск: ВГУ имени П. М. Машерова, 2019. — С. 296—299. Архівавана з першакрыніцы 14 чэрвеня 2021.
- Дзве душы // Гарэцкі М. Творы: Дзве душы: Аповесць. Апавяданні. Жартаўлівы Пісарэвіч: П’еса. Літаратурная крытыка і публіцыстыка. Лісты. — Мн.: Маст. літ., 1990. — С. 5—106, 526—529. — 629 с. — ISBN 5-340-00580-1.
Спасылкі
- Дзве душы . Беларуская Палічка. Праверана 21 верасня 2020.
- Zwei Seelen / Maxim Harezki . Zentral- und Landesbibliothek Berlin. Праверана 21 верасня 2020.