Гістарычная дзяржава
Джунгарскае ханства
ᠵᠡᠭᠦᠨ ᠭᠠᠷ ᠤᠨ ᠬᠠᠭᠠᠨᠲᠣ ᠣᠯᠣᠰ
1640  1755

Сталіца
Мова(ы) Айрацкая мова
Афіцыйная мова Айрацкая мова
Рэлігія Тэнгры, Шаманізм, будызм і Гэлуг
Насельніцтва
Форма кіравання манархія
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Джунга́рскае ханства (ᠵᠡᠭᠦᠨ ᠭᠠᠷ ᠤᠨ ᠬᠠᠭᠠᠨᠲᠣ ᠣᠯᠣᠰ, калм.: Зүн Һарин хаана улс, манг.: Зүүнгарын хаант улс, кіт.: 准噶尔汗国) — умоўная, агульна прынятая назва дзяржавы айратаў у Цэнтральнай Азіі (16401755 гг.).

Гісторыя

Бітва паміж маньчжурамі і джунгарамі

Айраты, якія склалі асноўную частку стваральнікаў Джунгарскай дзяржавы, паходзілі з мясцовасці вакол ракі Селенга. Пасля распаду агульнамангольскай дзяржавы ў XV ст. яны захапілі Турфан, мясцовасць на поўнач ад якога атрымала назву Джунгарыі ад наймення часткі айрацкіх плямёнаў, што традыцыйна складалі джэнгун, так званае «левае» або «ўсходняе» крыло манголаў. У 1640 г. на мяжы сучасных Сіньцзяна і Кыргызстана айраты правялі агульны сход. У ім прымалі ўдзел не толькі айраты Цэнтральнай Азіі, аднак і Расіі (гл. калмыкі). У выніку сходу быў прыняты кодэкс законаў Ікі Цааджын Бічык, падтрымана распаўсюджанне сярод айратаў тыбецкага будызму і новай формы пісьмовасці, распрацаванай будысцкім навукоўцам Зая-Пандытам. Адзіным правадыром айратаў быў прызнаны джунгар Эрдэн-Баатар-хунтайджы, які дагэтуль заваяваў землі ўздоўж ракі Ілі і атрымаў пачэсны тытул ад далай-ламы.

Нашчадкі Эрдэн-Баатар-хунтайджы рабілі паспяховыя паходы на краіны Сярэдняй Азіі, Паўночную Манголію, Тыбет і Кітай. У склад Джунгарскага ханства увайшлі землі поўначы Сіньцзяна, усходу Казахстана, большая частка Кыргызстана, Заходняй Манголіі. Пад кантролем джунгараў у розныя часы былі дзяржавы Паўднёвай Сібіры і на поўнач ад Тыбета. У выніку вайны 17401743 гг. айраты здолелі падначаліць значную частку казахскіх плямёнаў.

У 1749 г. паміж пераемнікамі апошняга вялікага тайджы Галдан-Цэрэна (17271745 гг.) пачаліся разлады. У 1753 г. Амурсанаа, адзін з правадыроў айратаў, перайшоў на бок маньчжураў, паколькі разлічваў атрымаць ад іх тытул валадара ўсіх айратаў. У 1755 г. цынскія войскі захапілі ў палон дзейснага тайджы, але не прызналі правоў Амурсанаа. Ён паўстаў супраць маньчжураў, але ў 1757 г. быў вымушаны з рэшткамі сваіх прыхільнікаў перайсці ў Расію, дзе і памёр.

Цынская армія разгарнула жорсткія рэпрэсіі, што прывялі да вынішчэння айратаў. Лічыцца, што да 1755 г. іх колькасць у Джунгарыі дасягала 600 тысяч чалавек. Да 1757 г. загінула ад 40 % да 80 % насельніцтва. Частка айратаў Джунгарыі далучылася да казахаў і кіргізаў або да расійскіх калмыкаў, сваіх бліжэйшых сваякоў. Джунгарскае ханства было далучана да імперыі Цын і перастала існаваць.

Дзяржава

Джунгарскае ханства было манархічнай дзяржавай, на чале якой стаялі правадыры-тайджы з роду Чарос. Іх уладу абмяжоўваў зарго, фактычна прадстаўнічы орган улады, у склад якога ўваходзілі чальцы розных племянных і родавых груп айратаў. Неайрацкае насельніцтва звычайна не прымала ўдзел у кіраванні дзяржавай.

У сталым выглядзе зарго быў адносна невялікім — каля 8 чалавек. Яны мелі тытул саёт. Падчас вайны або перагавораў зарго мог быць значна пашыраны. Ён абмярковаў з вышэйшым тайджы найбольш важныя дзяржаўныя пытанні, а таксама з’яўляўся вышэйшай судовай уладай. Суд адбываўся паводле агульнага кодэкса законаў Ікі Цааджын Бічык, прынятага ў 1640 г. Напісаная на белай тканіне копія заканадаўства захоўвалася ў юрце зарго. Насельніцтва, падначаленае будысцкім кляштарам, кіравалася судом лам. Тыбецкі далай-лама часцяком выступаў як пасрэднік паміж вярхоўным тайджы і іншымі племяннымі правадырамі. Зарго і самога вярхоўнага тайджы абслугоўваў штат пісараў і памагатых.

Адміністрацыйныя адзінкі ўключалі не тэрыторыі, якія маглі ў выніку ваенных падзей і перакачовак змяняцца, а групы насельніцтва. Ніжэйшай адміністрацыйнай адзінкай лічыўся хатон. Ён аб’ядноўваў сем’і аднаго рода і кіраваўся звычаёвым правам. Колькасць насельнікаў хатона ніяк не вызначалася, вагалася ад адной сям’і да некалькіх дзесяткаў. Хатоны аб’ядноўваліся ў аймак або аток. Групы аймакаў і атокаў складалі ўлус на чале з правадыром-тайджы, улада якога перадавалася па спадчыне. У першай палове XVIII ст. улус вярхоўнага тайджы налічваў прыкладна палову насельніцтва дзяржавы.

Грамадства

Насельніцтва Джунгарскага ханства не было сацыяльна роўным. Кіраўнікамі грамадства лічыліся племянныя правадыры тайджы, якія ўзначальвалі ўлусы і з’яўляліся прыватнымі ўласнікамі валоданняў нутуг, што ўключалі па́шы і іншыя тэрыторыі ўлуса. Улада тайджы перадавалася выключна па спадчыне, прычым вярхоўны тайджы з рода Чарос не меў права прэтэндаваць на ўлусы іншых правадыроў. Яго вяршэнства забяспечвалася выключна вялізарнымі памерамі асабістага ўлуса. Бліжэйшыя сваякі тайджы складалі групы «малых» валадароў хун-тайджы. На чале аймакаў стаялі прызначаныя зайсангі. Валоданні хун-тайджы і зайсангаў звычайна пераразмяркоўваліся пасля смерці чарговага тайджы.

Асобную групу насельніцтва, незалежнага ад свецкіх феадалаў, складала будысцкае духавенства. Яно аб’ядноўвалася ў абшчыны, цэнтрамі якіх былі кляштары. Кляштары валодалі асобнымі ўлусамі і пашамі, мелі прывілегіі карыстання землямі і рэсурсамі, што належалі свецкім асобам. Кола вышэйшых лам фарміравалася пераважна з малодшых сыноў тайджы і зайсангаў. Ніжэйшую іерархію складалі простыя і вандроўныя манахі.

Большасць жыхароў Джунгарскага ханства з’яўлялася абшчыннікамі арат. Сярод іх вылучаліся албату, залежныя ад свецкіх валадароў, і шабінар, прыпісаныя да будысцкіх кляштараў. Залежнасць арат значыла поўнае падпарадкаванне гаспадару ўлуса, магчымасць карыстацца яго судом і заступніцтвам, але таксама быць пакараным ці нават прададзеным іншаму тайджы або хун-тайджы. У законах ясна не абумоўліваліся абавязкі албату. Вядома, што яны пасвілі статкі валадара разам са сваімі, не мелі права самастойна пакідаць улус і з’яўляліся асноўнай сілай джунгарскага войска. Эканамічнае становішча шабінар звычайна было лепшым, чым албату.

У Джунгарскім ханстве існавала рабства, але колькасць рабоў была вельмі абмежаванай. Звычайна рабамі станавіліся ваеннапалонныя, якіх ахвотна адпускалі за выкуп.

Зноскі

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.