| ||
Даўгінаўскі ідал. IX—XIII стагоддзi | ||
Матэрыял | камень | |
---|---|---|
Памеры | 173 × 107×20—25 см | |
Інстытут геалагічных навук НАН Беларусі, Мінск |
Даўгінаўскі ідал — скульптурная выява жаночага божаства, які знаходзіўся да 1986 года паміж вёскамі Даўгінава і Жары Вілейскага раёна. Захоўваўся ў Музеі валуноў у Мінску, а цяпер выстаўлены ў будынку Інстытута геалагічных навук Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Апісанне
Ідал крыжападобнай формы, высечаны з шэрага гнейсавага валуна злёгку кранутага выветрываннем, ўяўляе стылізаваную выяву жанчыны. Даўгінаўскі ідал мае вышыню 173 см і размах 107 см, пры гэтым у таўшчыня яго складае ўсяго каля 20—25 см. Верхні канец сваёй круглявасцю нагадвае галаву, папярочнікі падобныя на растаўленыя рукі. На іх узроўні ў сярэдзіне знаходзяцца два невялічкія выступы — грудзі. Яны трохі абабітыя з такім разлікам, каб замяніць іх невялікімі крыжовымі знакамі. Трохі ніжэй, на ўзроўні жывата, знаходзіцца яшчэ адна пукатая фігура — дзіця. Яго форма паўтарае абрысы ўсёй скульптуры. Па ўсіх прыкметах гэта не крыж, а стод жаночага божаства. На «спіне» ідала высечаны чатыры чатырохканцовыя крыжы з перакладзінамі на канцах, што маюць ў народзе назвы «крыж крыжоў», «агнявы крыж», «крыж Мары». У Латгаліі Мару ўшаноўвалі як апякунку шлюбаў, вяселляў[1]. На гэтай падставе Э. Ляўкоў меркаваў, што гэты ідал быў прысвечаны аднаму з найстаражытных божастваў індаеўрапейцаў — Мары — багіні, якая апякала замагільны свет, спрыяла працягу роду, жанчыне[2]. У беларускай фальклорнай традыцыі Мара дэградавала да персанажа ніжэйшай міфалогіі, была звязана з хтанічным светам і смерцю; ёй была характэрна юрлівасць, магла нарадзіць дзіця ад сувязі з смяротным мужчынам[3].
Археолагі Я. Г. Звяруга і М. М. Чарняўскі мяркуюць, што ідал ёсць выявай Лады — багіні шлюбу і дабрабыту, альбо Мокашы — багіні ўрадлівасці[4], але для гэтага няма дастатковых доказаў, прынамсі, нічога не вядома пра існаванне іх культаў на тэрыторыі Беларусі.
Зноскі
- ↑ Зайкоўскі Э. Мара // Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік. С. 304.
- ↑ Ляўкоў Э. А. Маўклівыя сведкі мінуўшчыны. С. 96-99
- ↑ 9 Зайкоўскі Э. Мара. С. 303.
- ↑ Чарняўскі М. М., Звяруга, Я. Г. Каменная выява з-пад Даўгінава // Помнікі мастацкай культуры беларусаў: новыя даследаванні. Мінск, 1989. С. 168
Спасылкі
- ПАГАНСКІЯ ІДАЛЫ НА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ. Зміцер Скварчэўскі