Дарычны ордар — адзін з ордараў класічнай архітэктуры. Адрозніваюць грэчаскі і рымскі дарычны ордар. Апошні мае разнавіднасці — рымскі з мутуламі і рымскі з зубцамі (дэнтыкуламі).
Месцам узнікнення лічацца берагі Эгейскага мора як з еўрапейскага, так і з азіяцкага боку ў VI стагоддзі да н.э.. Сустракаецца ў першых збудаваннях Старажытнай Грэцыі і дарыйскіх калоніях. Лаканічны, мужны, манументальны — у часы антычнасці лічыўся «мужчынскім» ордарам.
Характэрныя рысы
Класічная дарычная калона была без базы, з вельмі моцным патанчэннем, упрыгожана канелюрамі, заканчвалася капітэллю. У адрозненне ад іншых ордараў, канелюры прылягаюць адна да адной без дарожак паміж імі. У дарычным ордары канелюры неглыбокія, з вострымі гранямі. Звычайная колькасць канелюр у пабудовах класічнага перыяду — 16 — 20 штук. Капітэль — верхняя частка калоны, на якую візуальна кладзецца нагрузка размешчаных вышэй нясучых элементаў. Складаецца з круглага эхіна і квадратнага абака. У грэка-дарычным ордары капітэль аддзяляецца ад ствала калоны гарызантальнымі баразёнкамі, якіх бывае ад 1 да 5. Верхняя частка ствала (шыйка ці трахелій), у сваю чаргу, аддзяляецца ад ніжняй часткі калоны: у грэка-дарычным ордары — невялікай баразёнкай (гіпатрахеліем), а ў рымска-дарычным — выпуклым профілем-раменьчыкам. У рымскім варыянце ордара трахелій, як правіла, не канеліраваны і можа несці дадатковыя ўпрыгожванні, а эхін часцяком упрыгожаны іонікам.
База ёсць толькі ў калон рымска-дарычнага ордара, у астатніх выпадках калона ставіцца непасрэдна на стылабат.
Архітраў дарычнага ордара гладкі, у некаторых варыянтах рымска-дарычнага ордара падзелены на два ўступы — фасцыі. Невялікай палічкай, званай тэнія, архітраў аддзяляецца ад фрыза, паверхня якога ўяўляе чаргаванне трыгліфаў і метоп. Карніз падтрымліваецца мутуламі, радзей — дэнтыкуламі. Пад трыгліфамі, а таксама на ніжняй паверхні мутул размяшчаюцца кропляпадобныя элементы — гуты.
Прапорцыі
Вышыня дарычнай калоны складае, паводле Вітрувія, 14 модуляў (ніжніх радыусаў калоны), а паводле Віньёлы і пазнейшых аўтараў - 16 модуляў (гэта бліжэй да старажытнарымскіх узораў). Вышыня базы і капітэлі (да раменьчыка) — па 1 модулі. Архітраў мае вышыню 1 модуль, фрыз — 1,5 модуля. Наконт вышыні карніза адзінства ў аўтараў няма, яна можа складаць 1,5 модуля або менш. Шырыня трыгліфаў — 1 модуль, метоп — 1,5 модуля.
Галерэя
Літаратура
- Виньола. Правило пяти ордеров архитектуры. М.: Архитектура-С, 2005.
- Михаловский И. Б. Теория классических архитектурных форм. М.: Изд. В. Шевчук, 2003.