Дамінік Геранім Радзівіл | |
---|---|
| |
Нараджэнне |
4 жніўня 1786[1] |
Смерць |
11 лістапада 1813[1] (27 гадоў) |
Род | Радзівілы |
Бацька | Геранім Вінцэнт Радзівіл[2] |
Маці | Сафія Фрыдэрыка Турн-і-Таксіс[d] |
Жонка | Альжбета з Мнішкаў[d][2] і Тэафіла з Мараўскіх[d][2] |
Дзеці | Стэфанія Радзівіл[2] і Аляксандр Дамінік Радзівіл[d][2] |
Дзейнасць | ваенны |
Прыналежнасць | Першая французская імперыя[d] |
Званне | палкоўнік |
Камандаваў | 8e régiment de chevau-légers lanciers[d] і 1er régiment de chevau-légers lanciers polonais de la Garde impériale[d] |
Бітвы | |
Узнагароды | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Дамінік Геранім Радзівіл (4 мая 1786, Белая — 11 лістапада 1813, Лаўтрэкен, Францыя) — князь, прадстаўнік роду Радзівілаў, 11-ы нясвіжскі ардынат. Герой вайны 1812 года. Уладальнік Мірскага і Нясвіжскага замкаў.
Біяграфія
Малалецтва і атрыманне ардынацыі
Дзясяты нясвіжскі ардынат Караль Станіслаў Радзівіл «Пане Каханку», у якога ў двух шлюбах не было дзяцей, запісаў яшчэ пры жыцці Нясвіжскую і Алыцкую ардынацыі на малалетняга сына свайго памерлага брата Гераніма Вінценцыя Радзівіла, падкаморыя ВКЛ, і Сафіі Фрыдэрыкі Дароты Турн Таксіс. Дамінік Радзівіл нарадзіўся ў Белай і першапачаткова пасля раптоўнай смерці бацькі знаходзіўся пад апекай роднага дзядзькі Караля Станіслава Пане Каханку.
Ардынацыя першапачаткова кіравалася двума апекунамі — князямі Мацеем і Міхалам Геранімам Радзівіламі, якія вялі барацьбу за аднаасобную апеку над малалетнім дзіцем. Апроч іх, у барацьбу за велізарныя ўладанні малалетняга Дамініка актыўна ўключыўся і Юзаф Мікалай Радзівіл.
У 1793 годзе гэта барацьба пры падтрымцы маці Дамініка скончылася перамогай Міхала Гераніма Радзівіла, які да паўналецця Дамініка (да 1804 года) і стаў яго апекуном.
Маці князя Дамініка выйшла замуж паўторна і другую палову 90-х гадоў XVIII ст. Дамінік Радзівіл знаходзіўся ў Галіцыі, ва ўладаннях свайго айчыма. Атрымаў адукацыю ў Львове.
Пасля смерці маці ў 1800 годзе прадстаўнікі трох дзяржаў (Расіі, Прусіі, Аўстрыі), на тэрыторыі якіх былі раскіданы валодання Дамініка Радзівіла, змаглі выпрацаваць новыя ўмовы апекі. Паводле іх, уладанні заставаліся ў Міхала Гераніма Радзівіла, а выхаванне князя, пад ціскам Вены, было даручана князю Адаму Казіміру Чартарыйскаму, які ў 1801 годзе забраў яго да сябе ў Пулавы.
Дамінік Геранім атрымаў хатнюю адукацыю, яго выхавальнікам быў адзін з заснавальнікаў польскага сентыменталізму паэт Францішак Карпінскі.
Вяртанне ў Расійскую імперыю. Адраджэнне радавога гнязда
Пасля дасягнення паўналецця ў 1804 годзе князь Дамінік Радзівіл прысягае перад расійскім генерал-губернатарам у Вільні, пасля едзе ў Пецярбург, дзе яго цяпло прымае імператар Аляксандр I. У Пецярбургу Дамінік атрымаў у сваё распараджэнне шматлікія ўладанні з насельніцтвам больш за 120 тысяч душ, раскіданыя па тэрыторыі Расійскай імперыі.
У 1805 годзе Дамінік вяртаецца ў Нясвіж і пачынае адраджаць радавое гняздо, якое знаходзілася ў вельмі жаласным стане. Ужо ў 1804 годзе будаваць цагельню і новыя млыны. У гэты час былі знівеліраваны фартыфікацыйныя збудаванні горада, пабудаваныя яшчэ Мікалаем Крыштафам Радзівілам Сіроткай. Таксама быў адрамантаваны замак, у горадзе былі пабудаваны новыя крамы, гасцініцы, рэстараны, пошта, вуліцы былі выбрукаваны каменем, — усё гэта дазваляла сучаснікам зваць Нясвіж пачатку XIX ст. «маленькай Варшавай». Пры Радзівіле пачалася рэстаўрацыя палаца ў Альбе. Усё гэтыя працы, а таксама раскошны стыль жыцця князя стварылі вялізны доўг, які значна пагоршыў фінансавае становішча князя. Па сведчанні сучаснікаў, у стайнях Дамініка было 300 коней, якія каштавалі 1 000 000 рублёў.
Раман і шлюб з Тэафіліяй Мараўскай
Увесну 1806 года ў маладога князя ўспыхнуў раман з 15-гадовай Тэафіліяй Мараўскай, жонкай графа Старжэўскага, якая да таго ж 22-гадоваму князю даводзілася пляменніцай. Раман развіваўся вельмі хутка, ужо ўвосень Тэафілія кінула мужа і перабралася ў Нясвіж.
Сваякі князя вырашылі жаніць Дамініка з 16-гадовай графіняй Эльжбетай Мнішак. Шлюб адбыўся ў лютым 1807 года, і князёўна Эльжбета стала гаспадыняй у Нясвіжскім замку, у якім побач, у раскошных пакоях, жыла і Тэафілія. Праз два тыдні пасля вяселля Дамінік адправіў маладую жонку да бацькоў, а сам паехаў з Тэафіліяй спачатку ў Варшаву, а потым і далей у Аўстрыю. Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што Дамінік Радзівіл збег з Тэафіліяй Старжэўскай прама са свайго ўласнага вяселля.
Шлюбаразводны працэс каштаваў князю 2 млн злотых і скончыўся на пачатку 1809 года. Крыху раней, 29 лютага 1808 года ў Грацы, роўна праз дзевяць месяцаў пасля ўцёкаў з вяселля, Тэафілія нараджае сына Аляксандра Дамініка. А 15 сакавіка 1809 года ў Менску адбылося вяселле Дамініка Гераніма Радзівіла і Тэафіліі Мараўскай.
Фінансавыя праблемы князя
Фінансавыя праблемы з самага пачатку напаткалі князя. Ужо ў 1805 годзе імператар Аляксандр I сваім указам загадаў Другому дэпартаменту Віленскага суда разабрацца з яго ўладаннямі, а пазней у 1810 годзе даўгі князя ў 385 000 чырвонцаў былі растэрмінаваны на 10 гадоў. Каб паменшыць даўгавы прэс, Дамінік Радзівіл прадаў адно з радавых гнёздаў Радзівілаў Біржы за 2 820 000 злотых Міхалу Тышкевічу.
Дамінік Радзівіл змог выплаціць толькі першы плацёж па рэструктураваным доўгу — 1 ліпеня 1810 г., а ўжо з выплатай другога 31 снежня таго ж года паўсталі праблемы. Таму ў сакавіку 1811 года імператар Аляксандр I прадпісаў мінскаму губернатару ўзяць маёнткі князя Радзівіла ў казённае кіраванне.
Больш таго, калі ў сакавіку 1811 года Дамінік Геранім Радзівіл сабраўся выехаць разам з дачкой Стэфаніяй у Карлсбад на воды, то ўрад звязаў сваё рашэнне пра выдачу пашпарта для Стэфаніі з выплатай абавязку. А калі Дамінік Радзівіл пакідае Расію насуперак волі імператара, то ў пакаранне за гэта ў верасні 1811 года адбыўся секвестр маёнткаў Дамініка Радзівіла.
Акрамя таго, падвышаная цікавасць да асобы Дамініка Радзівіла пецярбургскіх улад была выклікана і яго палітычнымі поглядамі. Яшчэ ў 1809 годзе князь Дамінік Геранім паступіў на вайсковую службу ў Варшаўскім герцагстве, і браў удзел у баявых дзеяннях на Падоллі на чале атрада ў 800 улан, а ў 1811 годзе стаў камандзірам сфарміраванага ім за свой рахунак 8-га ўланскага палка.
На гэтыя мэты Дамінік Радзівіл не шкадаваў грошай: на фарміраванне войска Варшаўскага герцагства ён вылучыў 180 000 злотых, а на арганізацыю ваеннай адукацыі ў герцагстве яшчэ дадаткова 36 000 злотых і 100 коней.
Выступленне да баку Напалеона
У 1812 годзе стала зразумела, што вайны Напалеонаўскай Францыі з Расіяй не пазбегнуць. Таму жадаючы прыцягнуць на свой бок магнатэрыю і шляхту былой Рэчы Паспалітай, Напалеон Банапарт абяцаў адраджэнне дзяржавы пасля разгрому Расіі.
Дамінік Радзівіл быў прыхільнікам адраджэння Рэчы Паспалітай у межах 1772 года і выступіў на боку Напалеона супраць Расіі. Часткова пераход на бок Напалеона спрыяла і яго імкненне пазбегнуць плацяжоў у расійскую казну і канфіскацыі маёмасці.
Дамінік Радзівіл на чале свайго 8-га палка ўланаў першым урачыста ўвайшоў у Вільню, што мела сімвалічны сэнс — прадстаўнік аднаго з найстаражытнейшых літоўскіх родаў вызваліў старажытную сталіцу ВКЛ. Пасля Дамінік праявіў сябе ў паходзе на Расію, вызначыўся ў бітвах пад Смаленскам, Мажайскам, Барадзіном, за што атрымаў званне палкоўніка. Калі яго полк практычна цалкам загінуў падчас ваеннай кампаніі 1812 года, Дамініку Радзівілу было даручана камандаванне палком лёгкай кавалерыі гвардыі Напалеона.
Пра мужнасць князя Дамініка Радзівіла хадзілі легенды. Казалі, што службовая карта князя Дамініка Радзівіла мела запіс: «Найбольш адваджаны і ваяўнічы з усіх палякаў», і што менавіта Дамінік Радзівіл паказаў Напалеону месца броду цераз Бярэзіну пад Студзёнкай, што такім чынам выратавала французскае войска ад поўнага разгрому пад Барысавам.
Эміграцыя
Пасля адступлення Напалеона з Расіі Дамінік Геранім працягваў служыць Францыі. На прапанову князя А. Чартарыйскага ўлічваць змену палітычнай сітуацыі, павініцца перад Аляксандрам I і вярнуцца ў Нясвіж, князь Дамінік адказваў: «Маё месца на чале майго палка, а не ў Нясвіжы».
На працягу кампаніі 1813 года Дамінік Геранім прымаў у складзе французскіх войскаў удзел у бітвах пад Лютцэнам, Дрэздэнам, Лейпцыгам. Яго адвага асабіста была высока ацэнена Напалеонам і Мюратам. Князь Дамінік Геранім Радзівіл быў адзначаны афіцэрскім крыжам Ганаровага Легіёна, ордэнам Святога Губерта і іншымі знакамі ваеннага адрознення.
Дамінік Радзівіл заставаўся верным Напалеону да канца. Восенню 1813 года, калі пасля бітвы пад Лейпцыгам стала канчаткова ясна, што Францыя прайграе вайну, і пачаліся масавае дэзерцірства палякаў з войска імператара; Напалеон, сустрэўшы групу польскіх афіцэраў, сярод якіх быў і Дамінік Радзівіл, спытаў у князя: «І ты таксама хочаш кінуць мяне?» На што князь Дамінік адказаў: «Ах, сір! За каго Вы мяне лічыце?!»
У бітве пад Гаунау князь Дамінік Радзівіл атрымаў смяротнае раненне і памёр 11 лістапада 1813 года ў Лаўтрэкене ў Францыі.
Зноскі
- 1 2 Pas L. v. Prince Dominik V Radziwill // Genealogics — 2003.
- 1 2 3 4 5 Radziwiłłowie herbu Trąby — Warszawa: Archiwum Główne Akt Dawnych, Wydawnictwo DiG, 1996. — 67 с. — ISBN 83-85490-62-0
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Дамінік Геранім Радзівіл