Школьнікі з каст недатыкальных каля Бангалора, 1938 г.

Даліты (ад санскр.: दलित «зрынуты»), таксама недатыкальныя (ад англ.: Untouchable) — прадстаўнікі ніжэйшых каст індуісцкага грамадства.

Гісторыя

Паходжанне недатыкальных каст на Індыйскім субкантыненце спрэчнае. У мінулым высоўваліся думкі, быццам бы іх прадстаўнікі з'яўляюцца нашчадкамі тубыльцаў, заваяваных у старажытнасці арыямі. Аднак першыя ўзгадкі пра недатыкальных адносяцца толькі да сярэдзіны 1 тысячагоддзя н. э. Яны былі застаўлены кітайскімі пілігрымамі ў запісах пра Бенгалію. Такім чынам з'яўленне недатыкальных супадае з перыядам фарміравання індуізму як рэлігіі, адрознай ад папярэдніх ведычных вучэнняў. Разам з гэтым, у шываізме шануецца святы Нанданар, які паходзіў з недатыкальнай касты і жыў у канцы VII — першай палове VIII ст.

Існаванне прыніжаных каст можа тлумачыцца індуісцкімі поглядамі на рытуальную чысціню. Прадстаўнікі недатыкальных каст найчасцей займаюць у традыцыйным грамадстве прафесіі, звязаныя з уяўленнямі аб забруджванні, — прыбіральшчыкаў, збіральнікаў угнаенняў, апрацоўшчыкаў скур і г. д. У дачыненні да іх не дзейнічаюць табу адносна некаторых відаў ежы, абавязкі здзяйсняць ачышчальныя рытуалы. Недатыкальныя жывуць ізалявана ад іншых каст, паколькі могуць «забрудзіць» іх сваім дотыкам. У некаторых выпадках недатыкальнымі станавіліся з-за ўяўленняў пра небяспечнае магічнае ўздзеянне, як гэта здарылася з парыямі, корага і ілаварамі на поўдні Індыі.

Доўгі час у самой Індыі не існавала асобных вызначэнняў для ізаляваных каст на ніжэйшай прыступцы сацыяльнай лесвіцы. Толькі ў XIX ст. узнік тэрмін «даліт», які ўжывалі прыхільнікі рэфармаванага індуізму ў Брытанскай Індыі. Каланіяльныя ўлады часцей карысталіся тэрмінам «недатыкальныя». Пад уплывам рэфарматараў даліты пачалі разглядацца як незаслужана зняважаныя, рабіліся захады для паляпшэння іх сацыяльнага становішча, адкрываліся спецыялізаваныя школы, адукаваныя даліты прыцягваліся да супрацоўніцтва з адміністрацыяй. Адным з найбольш уплывовых барацьбітоў за правы далітаў стаў індыйскі рэлігійны дзеяч Махатма Дж'ётыраа Пхуль (18271890 гг.), які сам паходзіў з недатыкальнай касты горхэ. Ён стварыў таварыства «Сацьяшадхак-Самадж», што аб'ядноўвала прадстаўнікоў розных каст для супольнай працы на карысць далітаў. У XX ст. на баку далітаў выступілі прыхільнікі незалежнасці Індыі. Махатма Гандзі ўжываў у дачыненні недатыкальных тэрмін харыджан (хіндзі: हरिजन, «божыя дзеці») і з 1933 г. выдаваў спецыялізаваны тыднёвік з гэтай назвай.

Канстытуцыя незалежнай Індыі 1950 г. забараніла недатыкальнасць і прыніжэнне па каставаму прынцыпу, была ўведзена сістэма сацыяльных палёгак для прадстаўнікоў ніжэйшых «зарэгістраваных каст». Гэта дазволіла павысіць колькасць выхадцаў з далітаў у дзяржаўнай адміністрацыі і бізнесе. Аднак, як паказваюць даклады індыйскіх і міжнародных арганізацый, у Індыі захоўваецца рэчаісная каставая дыскрымінацыя. Яна найчасцей адчуваецца ў сельскіх раёнах, дзе разам з рэлігійным прыгнётам існуе эканамічны. Разам з гэтым, тэрмін «даліт» шырока ўжываецца барацьбітамі за сацыяльныя правы, існуюць культурныя і палітычныя аб'яднанні далітаў.

Дэмаграфія

Згодна перапісу насельніцтва Індыі ў 2011 г., чальцы ніжэйшых «зарэгістраваных каст» далітаў складаюць 16,6% насельніцтва краіны. Амаль палова з іх пражывае у штатах Утар-Прадэш, Заходняя Бенгалія, Тамілнад, Біхар.

Дыскрымінацыя

У адносінах да далітаў здаўна практыкавалася сегрэгацыя. Яны звычайна сяліліся асобна на ўскраінах вёсак або стваралі свае паселішчы. Далітаў абмяжоўвалі ў зносінах з чальцамі вышэйшых каст, правядзенні пэўных рытуалаў, наведванні храмаў, карыстанні крыніцамі пітной вады і г. д. У нашы дні любыя формы дыскрымінацыі па каставаму прынцыпу з'яўляюцца незаконнымі, аднак практыкуюцца асабліва ў сельскай мясцовасці. Сродкі масавай інфармацыі, грамадскія арганізацыі і даследчыкі з універсітэтаў паведамляюць пра выпадкі гвалтоўных дзеянняў супраць далітаў, якія парушаюць каставыя звычаі, цкаванне школьнікаў і студэнтаў, што маюць даліцкае паходжанне, ігнараванне сем'яў далітаў з боку медыцынскіх і сацыяльных работнікаў, сегрэгацыю дзяцей у грамадскіх школах. Даліты складаюць непрапарцыянальна вялікую частку асуджаных крымінальных злачынцаў. У штаце Махараштра ў 2017 г. 50% прысуджаных да смяротнага пакарання былі далітамі. У 2014 г. 44,8% сем'яў індыйскіх далітаў жылі за рысай беднасці.

Спасылкі

This article is issued from Wikipedia. The text is licensed under Creative Commons - Attribution - Sharealike. Additional terms may apply for the media files.