Дарожна-транспартнае здарэнне, ДТЗ — абагулены тэрмін, які ахоплівае шэраг здарэнняў з удзелам транспартных сродкаў, у выніку якіх была нанесеная шкода жыццю і здароўю людзей або жывёл, маёмасці фізічных ці юрыдычных асоб.
У найбуйнейшым ДТЗ у гісторыі Беларусі, якое адбылося 18 жніўня 1991 года каля вёскі Хацежына, загінула 17 чалавек[1].
Тэрміналогія
Заканадаўствы розных краін даюць крыху адрозныя азначэнні тэрміну ДТЗ, некаторыя краіны наогул не маюць агульнага азначэння, а замест гэтага улічваюць пэўныя катэгорыі такіх здарэнняў.
Беларусь
Паводле ПДР Беларусі[2], ДТЗ — гэта здарэнне, здзейсненае з удзелам хоць бы аднаго механічнага транспартнага сродку, які знаходзіўся ў руху, у выніку якога нанесена шкода жыццю або здароўю фізічнай асобы, яе маёмасці або маёмасці юрыдычнай асобы.
Згодна з беларускім заканадаўствам, сутыкненне, напрыклад, двух веласіпедыстаў на дарозе не будзе з’яўляцца ДТЗ (бо веласіпед не з’яўляецца механічным транспартным сродкам), таксама не з’яўляюцца ДТЗ і здарэнні, калі механічны транспартны сродак не рухаўся. Сутыкненне ж аўтамабіля з трактарам на полі, наадварот, з’яўляецца ДТЗ.
Расія, Казахстан
Паводле ПДР Расіі[3], гэтаксама як і ПДР Казахстану[4], ДТЗ — гэта здарэнне, што адбылося пад час руху па дарозе транспартнага сродку і з яго ўдзелам, пры якім загінулі, або былі параненыя людзі, пашкоджаныя транспартныя сродкі, пабудовы, грузы або была нанесена іншая матэрыяльная шкода.
Такім чынам, паводле заканадаўства гэтых краін у згаданых вышэй прыкладах атрымліваецца усё наадварот, сутыкненне веласіпедыстаў — гэта ДТЗ, а трактара з аўтамабілем на полі — не.
Украіна
Паводле ПДР Украіны[5], ДТЗ — гэта здарэнне, што адбылося пад час руху транспартнага сродку, у выніку якога загінулі ці былі параненыя (траўмаваныя) людзі, або нанесена матэрыяльная шкода. Такім чынам, у адрозненне ад ПДР Беларусі транспартны сродак у ДТЗ можа быць неабавязкова механічны, а ў адрозненне ад ПДР Расіі і Казахстану — ДТЗ можа адбыцца неабавязкова на дарозе.
Вялікабрытанія
Паводле Road Traffic Act 1988, артыкул 25[6] ДТЗ — гэта такія здарэнні, калі:
- у здарэнні ўдзельнічае механічны транспартны сродак
- здарэнне адбылося на дарозе або ў іншым агульнадаступным месцы
- была нанесена шкода:
- здароўю чалавека, акрамя кіроўцы дадзенага транспартнага сродку
- іншаму транспартнаму сродку
- жывёле, што знаходзілася ў іншым транспартным сродку (пад жывёламі у дадзеным выпадку маюцца на ўвазе толькі: коні, буйная рагатая жывёла, аслы, мулы, авечкі, свінні, козы ці сабакі)
- іншай маёмасці, што збудавана, прымацавана, расце, або іншым чынам з’яўляецца часткай месца, дзе адбылося здарэнне, ці прылеглай тэрыторыі
Такім чынам, у Вялікабрытаніі не з’яўляюцца ДТЗ, напрыклад, здарэнні, што адбываюцца на прыватнай (неагульнадаступнай) тэрыторыі, нягледзячы на тое, ці ёсць там дарога ці не, калі ніхто апроч самога вінаватага не пацярпеў.
Адначасова з гэтым, іншымі артыкуламі і заканадаўчымі актамі раглядаюцца выпадкі прычынення смерці з удзелам транспартных сродкаў.
Статыстыка
Згодна з дадзенымі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя[7]:
- Каля 1,24 мільёна людзей гінуць штогод у выніку ДТЗ.
- Траўмы, атрыманыя падчас ДТЗ — асноўная прычына смерці сярод людзей маладога ўзросту, 15-29 год.
- 91 % сусветнай колькасці смерцяў на дарозе здараюцца ў краінах с нізкім ці сярэднім узроўнем заробкаў, нягледзячы на тое, што да гэтых краін адносіцца толькі прыблізна палова транспартных сродкаў свету.
- Палова загінулых на дарогах — «уразлівыя ўдзельнікі дарожнага руху»: пешаходы, веласіпедысты і матацыклісты.
- Без прыняцця адпаведных захадаў, прагназуецца павелічэнне колькасці смяротных выпадкаў праз ДТЗ да 1,9 мільёна штогод да 2020 года.
- Толькі 28 краін, якія прадстаўляюць 416 мільёнаў чалавек (7 % насельніцтва Зямлі) маюць адпаведныя законы, што тычацца ўсіх пяці фактараў рызыкі (перавышэння хуткасці, кіравання транспартным сродкам у нецвярозым стане, шлемаў, рамянёў бяспекі і дзіцячых утрымальных прыстасаванняў).
У 2012 годзе на дарогах Беларусі адбыліся 5146 улічаных ДТЗ, у якіх 1032 чалавекі загінулі, 5527 атрымалі траўмы. Першае месца сярод прычын ДТЗ займае перавышэнне бяспечнай хуткасці, праз што адбылося кожнае шостае здарэнне (821 ДТЗ). Сутыкненні аўтамабіляў на хуткасці да 50 км/гадз наносяць адносна лёгкія траўмы пасажырам і вадзіцелем, але ўжо пры хуткасці 80 км/гадз пераважаюць траўмы са смяротным канцом. Сутыкненне ж на хуткасці 100 км/гадз не дае ніякіх шанцаў выжыць[8]. У 2015 годзе на дарогах Беларусі адбыліся 4119 улічаных ДТЗ, у якіх 658 чалавекі загінулі, 4389 атрымалі траўмы[9].
Паводле статыстыкі ў ДТЗ гіне больш людзей, чым на войнах[10].
Зноскі
- ↑ Детективный репортаж. Крупнейшее ДТП в истории Беларуси, о котором вы никогда не слышали
- ↑ ПДР Рэспублікі Беларусь .
- ↑ ПДР Расіі(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 29 кастрычніка 2013. Праверана 17 жніўня 2015.
- ↑ ПДР Казахстану .
- ↑ ПДР Украіны(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 17 жніўня 2015. Праверана 17 жніўня 2015.
- ↑ Road Traffic Act 1988 (англ.).
- ↑ Road traffic injuries, WHO (англ.).
- ↑ Колькасць загінулых у ДТЗ на дарогах Беларусі ў 2012 годзе зменшылася на 14 працэнтаў . Беларускае тэлеграфнае агенцтва. Праверана 15 красавіка 2013.
- ↑ Колькасць загінулых у ДТЗ на дарогах Беларусі ў 2012 годзе зменшылася на 14 працэнтаў . Беларускае тэлеграфнае агенцтва (10 студзеня 2013). Праверана 16 красавіка 2016.
- ↑ New publications show injuries kill more than five million people a year , WHO (англ.).
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Дарожна-транспартнае здарэнне